Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі пахавалі прадпрымальніцу, якая загінула ад выбуху ў Маскве


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі родныя і блізкія, а таксама шматлікія прадстаўнікі дробнага бізнэсу хавалі прадпрымальніцу Ірыну Багамолаву. Яна паехала ў Маскву купляць тавар і 21 жніўня загінула на Чаркізаўскім рынку падчас выбуху. Закупіўшы тавар, Ірына накіравалася ў кавярню выпіць кавы. Там і здарылася трагедыя.

Усе апошнія дні на 285 месцы Цэнтральнага рынку Гомеля вісеў жалобны партрэт Ірыны Багамолавай, а на прылаўку ляжалі белыя астры.

(Прадпрыймальніца:) “Гэта магло быць з кожнай з нас. Мы ўсе там бываем. Асабіста я, калі ўпершыню пачала езьдзіць у Маскву, здымала з сябе ўсе залатыя рэчы і пісала хатнім запіскі, бо кожны раз ня ведала, вярнуся я ці не”, - сказала калега загінулай прадпрымальніцы.

Ірыне Багамолавай было толькі 44 гады. Паводле прафэсіі яна -- швачка. Працавала ў атэлье, пасьля на радыёзаводзе. Калі там пачаліся масавыя звальненьні, прыйшла на рынак. Ірына з мужам Дзьмітрыям выгадавала дзьвюх дачок. Старэйшая - студэнтка ўнівэрсытэту транспарту. Малодшая толькі што паступіла вучыцца на платнай аснове на гістарычны факультэт унівэрсытэту імя Францішка Скарыны.

У Маскву гомельскія прадпрымальнікі езьдзяць оптам купляць адзеньне ды іншыя розныя тавары. На маскоўскіх рынках мінімальныя нацэнкі, і гэта дае магчымасьць беларускім прадпрымальнікам, прадаючы тавар у сябе дома, сплачваць падаткі і мець нейкі заробак.

Гаворыць прадпрымальніца Тамара:

(Тамара: ) “У сувязі з тым, што цяжка знайсьці працу ў Гомелі, я ў свой час таксама яе страціла, уладкавацца на новае месца практычна немагчыма, а жыць неяк трэба, усё мы і вымушаны працаваць тут, на рынку”.

На адкрытым рынку прадпрымальнікі свой тавар выстаўляюць у любую пару году – у жару, у дождж, у холад.

(Прадпрыймальніца:) “Калі я ня выйду, маёй сям`і ніхто ня прынясе кусок хлеба, не накорміць. Іра стаяла са мною побач, мы гандлявалі, бо ведалі, што кожны дзень павінны прынесьці грошы, накарміць сваю сям`ю”, - сказала гомельская прадпрымальніца Сьвятлана.

Прадпрымальнікі з гомельскіх рынкаў аказалі сям`і загіблай Ірыны Багамолавай матэрыяльную дапамогу і праводзілі яе ў апошні шлях. Аднак ні адміністрацыя рынку, ні гарадзкія ўлады, ні афіцыйныя прадстаўніцтвы Беларусі ў Маскве ніяк не адазваліся на трагедыю гомельскай прадпрымальніцы.

(Дзьмітрый:) “Пакуль нічога. Мы самі ўсё рабілі”, - кажа муж загіблай Дзьмітрый Багамолаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG