Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: пасьля дажджу эвакуявалі жыхароў 9-павярховага дому (фота)


Радыё Свабода, Віцебск Сёньня ўначы з 9-павярховага дому №26 корпус 1 па вуліцы “Праўды” былі тэрмінова адселеныя жыхары. Супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў прапанавалі ім перасяляцца да сваякоў або бясплатна заняць пакоі ў гатэлях.

Моцныя дажджы працягваюцца ў Віцебску ўжо другія суткі. Яшчэ ўчора зранку жыхары “дзевяціпавярхоўкі”, пабудаванай 10 гадоў таму на самым беразе крутога яру, заўважылі, што разам з дажджавой вадой уніз пачынае апаўзаць і глеба. Яны назіралі, як у яр спачатку звалілася некалькі дрэў, потым “спаўзлі” два гаражы, што стаялі бліжэй да краю. Людзі пачалі тэлефанаваць у міліцыю ды пажарна-выратавальную службу, як распавядае мясцовая жыхарка спадарыня Тацяна, на дапамогу да іх ніхто адразу не пасьпяшаўся.

(Тацяна:) “Мы жывем на 9-і паверсе, і вада такімі плынямі адсюль сыходзіла! Гадзіне а 10-й учора гэта было, і толькі а 3-й прыехалі машыны МНС і міліцыі. А палове на 4-ю абваліўся першы гараж, машыну з яго пасьпелі выгнаць, і два матацыклы выгналі. І а 8-й вечара прыйшоў чалавек, прадставіўся начальнікам МНС і сказаў, што мы эвакуіруемся і што ў на ёсьць паўтары гадзіны на зборы”.

Эвакуацыя працягвалася ўсю ноч, але не была татальнай ды прымусовай: ахвотным прапанавалі або паехаць да сваякоў, або перабрацца ў гатэль. Месцы ў гатэлі гарадзкая адміністрацыя прадставіла бясплатна, але пра харчаваньне эвакуяваных ніхто не паклапаціўся. Таму ўжо сёньня бліжэй да абеду людзі пачалі вяртацца ў свае кватэры.

Вакол дома сёньня цэлы дзень працуе адмысловая тэхніка: машыны падвозяць зямлю і жвір, засыпаюць гэта ўсё ў яр ды раўняюць трактарамі. Ніна і Аляксей Піменавы, пад вокнамі якіх не спыняецца праца, разважаюць пра прычыны надзвычайнага здарэньня з іхным домам.

(Піменава:)” Я напрыклад, таксама заўжды лічыла, што дом наш стаяў ды стаяць будзе. Яно ж марудна спаўзала: сыплецца, ідзе, а потым глядзіш – адно дрэва павалілася, за ім другое...”

(Піменаў:) “Ніколі раней такога не было. А гэта ж яны так будавалі, што ўнізе апынуўся жвір-плывун, які грунт не трымае. Вось так спраектавалі! Жвір-плывун жа не трымае нічога, і вось дрэвы такія вялікія, з пяціпавярховы дом, з моцнымі карэньнямі, падаюць ды ўсё! А ўнізе кар’ер цэлы атрымаўся, такі глыбокі. І вось сёньня возяць усё, засыпаюць.”

Прычыны здарэньня з домам № 26 корпус 1 па вуліцы “Праўды” будуць высьветляцца і ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый, і ва управе архітэктуры. Пакуль гэтыя структуры не даюць журналістам ніякіх камэнтароў і гавораць хіба тое, што цяпер небясьпекі для жыхароў ужо няма. Але дом па-ранейшаму ачэплены супрацоўнікамі міліцыі, і міліцыянты дужа неахвотна дазваляюць набліжацца да яго людзям з камэрамі ды фотаапаратамі.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG