Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Комсомольская правда" змагаецца супраць прысуду на 60 мільёнаў


Радыё Свабода Сёньня ў Менску суд пачне разглядаць скаргу газэты "Комсомольская правда в Белоруссии". Журналісты спадзяюцца, што ім паменшаць памер выплаты старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандру Шпілеўскаму. Шпілеўскі адсудзіў у "Комсомольскай правды" 60 мільёнаў рублёў за пераблытаны фотаздымак.

Генэральны дырэктар закрытага акцыянэрнага таварыства "БелКП-ПРЭС" Марына Стацэнка згадвае: гэта будзе ўжо другі судовы разгляд справы. 22 чэрвеня судзьдзя суду Савецкага раёну Менску Марына Фёдарава вынесла пастанову: газэта “Комсомольская правда в Белоруссии” павінна выплаціць старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандру Шпілеўскаму 60 мільёнаў рублёў за нанясеньне маральнай шкоды. Тады памер зыску быў паменшаны на 20 мільёнаў, бо першапачаткова дзяржаўны чыноўнік запатрабаваў, каб яму выплацілі 80 мільёнаў. Менавіта такую суму ён разглядаў у якасьці кампэнсацыі за зьвесткі, якія не адпавядалі сапраўднасьці і, паводле заявы, "ганьбяць яго гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю".

Спадарыня Стацэнка спадзяецца, што сёньня сума пазову стане яшчэ ніжэйшай, бо газэту падвяла выпадковая памылка:

(Стацэнка: ) "Яна, сапраўды, тэхнічная. І сказаць, што празь яе мы так моцна парушылі пакой чалавека і пашкодзілі яго здароўе на такую вялікую суму, мне падаецца, нельга. Але гэта стварае ня вельмі нармальны прэцэдэнт. Мы выкарысталі ўсе магчымыя працэдуры: прасілі прабачэньня праз газэту, стараліся выйсьці на спадара Шпілеўскага непасрэдна. І яшчэ я магла б зразумець, калі б мы "прычапілі" яго фота да заметкі, у якой быў бы нэгатыў. Але ж там была нэўтральная заметка, якая тычылася спартоўца".

4 траўня “Комсомолка” ў рубрыцы “Цытата тыдня” надрукавала фрагмэнт інтэрвію Мікалая Шпілеўскага, спартовага агента знакамітага футбаліста Аляксандра Глеба. Але ў пасьпеху падчас начной вёрсткі ў газэце над цытатай агента Шпілеўскага памылкова надрукавалі фота старшыні мытнага камітэту Шпілеўскага.

Дзейнае беларускае заканадаўства ў галіне мэдыяў фактычна ніяк не абмяжоўвае памер зыску да рэдакцыяў. Той, хто патрабуе грашовай кампэнсацыі, можа напісаць любую -- самую фантастычную лічбу. У лепшым для журналістаў і выдаўцоў варыянце яе можа зьменшыць толькі суд. Нядаўні прыклад -- лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч запатрабаваў ад "Народнай волі" 200 мільёнаў. Суд абмежаваўся 100 мільёнамі, але й гэтая сума паставіла рэдакцыю на мяжу выжываньня.

Ці можна лічыць нармальным становішча, калі адна асоба праз свой зыск банкрутуе рэдакцыю? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да старшыні камісіі ў правах чалавека і СМІ Палаты прадстаўнікоў Юрыя Кулакоўскага.

(Кулакоўскі: ) "Абмежаваньні, я думаю, патрэбныя. І ёсьць яшчэ адно вельмі важнае пытаньне. Сёньня закон дазваляе скардзіцца ў суд на журналіста нават на тое, што ён пісаў яшчэ 20 ці 10 гадоў таму. Існуюць праблемы -- і па лічбах, і па тэрмінах. Над гэтымі пытаньнямі трэба думаць".

А чым могуць дапамагчы ў такой сытуацыі "Камсамолцы" калегі зь незалежных мэдыяў? Андрэй Дынько -- галоўны рэдактар газэты "Наша ніва" гаворыць, што яго рэдакцыя адсочвае і будзе адсочваць судовыя справы "Камсамолкі", як, дарэчы, і іншых недзяржаўных выданьняў:

(Дынько: ) "Мне падаецца, што беларуская незалежная прэса моцная сваёй салідарнасьцю. І мы пісалі пра гэты пазоў Шпілеўскага, і пра наступную справу. Мне падаецца, чаму да гэтага часу выжывае незалежная прэса, нават у сытуацыі, калі ўжо цяжка зразумець, як яна выжывае, дык гэта толькі дзякуючы таму, што ёсьць салідарнасьць унутры газэтнага цэху".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG