Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Шрэк-2" загаварыў па-беларуску


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску адбылася прэзэнтацыя поўнамэтражнага амэрыканскага анімацыйнага фільму “Шрэк-2” па-беларуску. Гэта праект моладзевай суполкі “Беларускі Гальфстрым”, куды ўвайшлі рэжысэр Сяргей Патаранскі, прадусар Франак Вячорка, вядомыя музыкі Аляксандар Памідораў, Макс Івашын, Руся, акторы Купалаўскага тэатру.

Сюжэт “Шрэку-2” такі: людажэр Шрэк і прынцэса Фіёна пасьля мядовага месяца скіроўваюцца ў казачную краіну Трыдзясятае валадарства ў госьці да бацькоў прынцэсы. Але каралеўская сям’я яшчэ ня ведае, што іхную дачку зачаравалі ў веліканку, і што яна ў шлюбе з балотнай пачварынай Шрэкам.

Стваральнікі дубляжу на беларускую мову хацелі ня проста дасканала перакласьці тэкст, але і адаптаваць яго да беларускіх рэаліяў, кажа рэжысэр Сяргей Патаранскі.

(Патаранскі: ) “Нават думалі памяняць назву, бо ў беларускай міталёгіі ёсьць пэрсанаж Аржамень, таксама балотнік, добразычлівы, вельмі падобны сваім характарам да таго Шрэка. І, відавочна, беларускі “Шрэк” мае беларускі кантэкст, — калі Шрэк у шоку ад таго, што прачытаў у падручніку гісторыі Беларусі, альбо калі адной зь любімых тэлепраграмаў нашых герояў зьяўляецца “Панарама”.

Над стварэньнем беларускага варыянту фільму “Шрэк-2” працавалі кінаакторка Алена Хвайніцкая, музыка Макс Івашын, салістка рок-гурту “Індыга” Руся, актор Купалаўскага тэатру Юры Жыгамонт. Галоўнага героя Шрэка бліскуча агучыў шоўмэн і музыка Аляксандар Памідораў, які засьведчыў, што пераклад у працэсе працы цалкам зьмяніўся.

(Памідораў: ) “Амаль ніводнай старонкі тэксту не засталося без паправак. Гэта нясьціпла, але мне падалося, што першым “бузацёрам” быў я, потым альбо далучаўся, альбо не далучаўся рэжысэр, прадусар. Жорсткіх скандалаў не было. Была нармальная, плённая творчая праца. Найбольш спрэчкі тычыліся таго, як найбольш блізка прыблізіць (прабачце за таўталёгію) да нашай шматпакутнай беларускай глебы”.

Салістка рок-гурту “Індыга” Руся таксама ў захапленьні ад працы над мультфільмам.

(Руся: ) “Вельмі адказная праца. І вельмі вясёлая. Там было столькі прыколаў: і палітычных, і гумарыстычных, і эратычных . І нават не хацелася ўсё гэта кранаць, нічога выразаць, але разумелі, што гэта ўсё ж такі для дзетак мульцік, таму вырашылі быць крышачку больш сьціплымі. Мне вельмі спадабалася праца, калі будуць яшчэ нейкія прапановы працаваць над мультфільмам, з задавальненьнем прымаю і буду шчасьлівая папрацаваць зноўку”.

Кампакт-дыскі і DVD cа “Шрэкам-2” па-беларуску можна набыць у офісе Таварыства беларускай мовы і ва Ўправе БНФ, а таксама ў прыватных распаўсюднікаў. Нагадаем таксама, што раней на беларускую мову была перакладзена першая частка фільму "Шрэк".

Колькі гадоў таму фірма “Сотвар” выдала некалькі мультфільмаў на беларускай мове: “Балто”, “Аліса ў краіне цудаў”, “Жыцьцё жукоў”, “Меч у камяні”, “ Прыгажуня ў сонным лесе”, а таксама шэраг мастацкіх фільмаў — “Глядыятар”, “Пяты элемэнт”. Але з-за нерэнтабэльнасьці гэтыя праекты спыніліся. “Беларускі Гальфстрым” плянуе неўзабаве дубляваньне на беларускую мультфільма “Ледніковы пэрыяд” ды фільма “Крымінальнае чытво”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG