Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У той вечар здавалася, што назад ніякага адыходу ня будзе"


Уладзімер Глод, Менск Роўна пятнаццаць год таму дэпутаты-дэмакраты Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня дамагліся пазачарговай сэсіі, якая мусіла прыдаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі статус канстытуцыйнай сілы. У той час дэпутаты знаходзіліся на летніх вакацыях, а іх трэба было сабраць у Авальнай залі, бо дэклярацыя набывала канстытуцыйную сілу толькі тады, калі за гэта прагаласуюць ня менш за дзьве траціны дэпутатаў. Зь некаторымі ўдзельнікамі тых падзеяў паразмаўляў наш карэспандэнт.

Юрась Беленькі ўзгадвае, што пра сваю мару -- абвесьціць Беларусь незалежнай і сувэрэннай дзяржавай лідэр БНФ Зянон Пазьняк казаў яшчэ пры стварэньні БНФ "Адраджэньне". І дэпутаты ад Фронту, вакол якіх у Вярхоўным Савеце гуртавалася дэмакратычная апазыцыя, зь першай сэсіі ішлі да гэтай мэты. Пасьля падаўленьня ў Маскве жнівеньскага путчу тая мэта стала рэальнай, расказвае спадар Беленькі:

(Беланькі: ) "Гэта было сапраўды фэнамэнальнае, фантастычнае рашэньне Пазьняка -- адразу склікаць сэсію. Я памятаю, на паседжаньні апазыцыі нехта з нашых дэпутатаў сказаў: "А навошта сьпяшацца? Путч праваліўся, усё зробім спакойна". А Пазьняк кажа: "Толькі -- зараз, толькі -- цяпер, бо ўпусьцім дзень-два і будзе позна".

Я спытаў спадара Беленькага: ці сапраўды пракамуністычная бальшыня таго парлямэнту пры спазьненьні сэсіі магла б адхіліць ініцыятывы дэмакратаў?

(Беленькі: ) "Праз два дні, калі яны паглядзелі, што ў Маскве фактычна тыя ж самыя сілы, што былі пры ўладзе ва ў СССР, пры ўладзе і засталіся, што ніхто іх караць не будзе, яны хадзілі і пыталіся: "Як цяпер нам гэта адмяніць?". Але адмяніць было ўжо немагчыма, бо, каб адмяніць, таксама патрэбна было дзьве траціны дэпутацкіх галасоў. Але мы адной трацінай ўжо блякавалі б іх захады. Таму яны і не маглі адмяніць канстытуцыйнае пытаньне".

Яшчэ адзін з дэпутатаў таго Вярхоўнага Савету -- Лявон Дзейка згадвае пра тое, што адбылося пасьля галасаваньня:

(Дзейка: ) "Сэсія скончылася пасьля 9-й гадзіны вечару. На плошчы ўжо было цёмна. Але людзі не сыходзілі, яны слухалі трансьляцыю з Авальнай залі. А Пятро Садоўскі ад паўнаты адчуваньня нават народную песьню засьпяваў на плошчы. І мне гэта добра запомнілася".

Што ж вымусіла бальшыню саступіць дэмакратам? Юрась Беленькі перакананы -- страх:

(Беленькі: ) "Фактар, які прымусіў гэтую камуністычную бальшыню, якая ні на дух не прымала незалежнасьць, прагаласаваць "за", быў страх. Вялікі страх! Бо, з аднаго боку, яны рыхтавалі для нас закратаваныя вагоны і канцлягеры каля Менску, а з другога, у іх быў жывёльны страх, што гэта зараз абернецца супраць іх. Але ж самае цікавае -- гэта было галасаваньне не розумам, не іх сутнасьцю. Гэта было галасаваньне ад страху".

Тады ўсе дэмакратычныя дэпутаты спадзяваліся на самае лепшае разьвіцьцё далейшых падзей, гаворыць Лявон Дзейка:

(Дзейка: ) "Мне ў той вечар здавалася, што мы перайшлі праз нейкі перавал. І ўжо назад ніякага адыходу ня будзе. Так мне тады падавалася..."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG