Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 22 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне! Разам з вамі ў “Начной АБЛОЗе” Севярын Квяткоўскі.

Наведвальнікі форумаў TUT.BY адгукаюцца на інфармацыю пра закрыцьцё аналітычнага цэнтру “Фабрыка думкі” Алега Манаева. Пра рашэньня Вярхоўнага суду стала вядома ўчора. Карыстальнік “Пэсыміст” піша: “Адзіная парушаная “норма” – адрас на прыватнай кватэры. А навошта ўводзіць такія нормы? Каб можна было не рэгістраваць асобаў, якія не падабаюцца?”

Аўтар пад псэўданімам Ціша разважае: “Людзей, якія думаюць, менш ня стала. А дзяржава такім чынам сама падаграе кроў апазыцыі. Бо ж усё роўна дзеяньні аб’яднаньня і вынікі свабодных дасьледваньняў па тэлевізіі ў нас не пабачыш”.

У блогу польскага фатографа Робэрта Данелюка можна пазнаёміцца з сэрыяй здымкаў, якія зробленыя ў часе жнівеньскай вандроўкі па Беларусі. Перад падарожжам Робэрт Данелюк зьмясьціў на сайце фота зь бел-чырвона-белым сьцягам, і зрабіў подпіс: “Еду туды, дзе такі сьцяг забаронены, і шмат пра якія рэчы не выпадае казаць голасна”.

Літаратурны крытык Аксана Бязьлепкіна ў сваім інтэрнэт-дзёньніку піша пра жыцьцё ляўшуноў, да якіх належыць і сама: “Нядаўна я натрапіла на сайт, дзе прадаюцца некаторыя прылады для ляўшоў. Думка пра змарнаваныя гады прамільгнула ў маёй галаве пры выглядзе наступных тавараў: лінейка са шкалой справа налева і мэталічная тачылка для ляўшы без кантэйнэру. Таксама для леварукіх ёсьць асадкі, кубачкі (гэта здорава!), штопары, нажніцы і фотаапараты з кнопкай зьлева”. А яшчэ Аксана Бязьлепкіна згадвае пра новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Там на працоўных месцах усе кампутарныя мышкі ўсе справа, а драты кароткія, і перацягнуць на лева ня можна: “10% людзей - леварукія, на 10 кампоў павінен быць хаця б адзін для нас”, падкрэсьлівае аўтарка

На рэлігійным сайце “Рыма-каталіцкі касьцёл на Беларусі” зьявілася інфармацыя пра інфармацыйны сэрвіс праз мабільную сувязь: “ Паслуга SMS-ІНФА даступная для абанэнтаў VELCOM, МТС і DIALLOG. З дапамогай мабільніка можна пазнаёміцца з каталіцкімі навінамі, атрымаць інфармацыю з каталіцкага каляндара на гэты дзень: святы, успаміны святых і г.д. А таксама можна атрымаць на мабільны тэлефон рэцэпты посных страваў”.

А на сайце “Россия православная» можна пабачыць сьпіс рэлігійных сайтаў Расейскай праваслаўнай царквы. У тым ліку і беларускія старонкі: Менскай духоўнай вучэльні , Праваслаўнага Мэдычнага брацтва зь Віцебску, Жаночага манастыра з вёсцы Барань Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. На сайце “Россия православная” можна спампаваць сьпевы ў выкананьні хору Менскай духоўнай вучэльні. Напрыклад, твор пад назвай “Нябесных чыноў радаваньне”:

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG