Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрэльман адмовіўся ад мільёна даляраў


Радыё Свабода Расейскі матэматык Грыгоры Пэрэльман, які рашыў знакамітую праблему Пуанкарэ, адмовіўся ад ўзнагароды мільён даляраў.

Задача, якую вырашыў Пэрэльман, была сфармулявана францускім матэматыкам Анры Пуанкарэ ў 1904 годзе. Сэнс яе прасьцей за ўсё патлумачыць наступным чынам: калі яблык абвязаць ніткай, то яе без разрываў можна сьцягнуць у кропку. Тое самае немагчыма зрабіць з ніткай, калі яна перавязвае бублік, кажучы матэматычнай мовай тор. Пуанкарэ задаў пытаньне – ці ёсьць паверхня, на якой пятлю можна сьцягнуць у кропку, тое самае што сфэра. Уласна для выпадку двух вымярэньняў, гэта значыць для звычайна сфэры, гэта было даказана яшчэ ў ХІХ стагодзьдзе. Для колькасьці вымярэньняў вышэй за 4 гэта было даказана ў 1960 годзе, чатырохмерны варыянт – у 1980 годзе. Але трохмерны варыянт, для якога ўласна і фармуляваў праблему Пуанкарэ, аказаўся самым складаным, ён не даваўся высілкам матэматыкаў усё ХХ стагодзьдзе.

У 1998 годзе матэматычны інстытут Лэндана Клея назваў яе сярод 7 самых складаных праблемаў матэматыкі, за вырашэньне кожнай зь якіх інстытут абяцаў прэмію памерам мільён даляраў.

І вось у 2002 годзе 36-гадовы расейскі матэматык Грыгоры Пэрэльман апублікаваў рашэньне знакамітай праблемы. Тэкст ня быў нават накіраваны ў навуковы часопіс, а вывешаны на сайце амэрыканскай Лас-Аламаскай лябараторыі.

За рашэньне задачы Пуанкарэ Пэрэльману сёлета была прысуджаная Філдсаўская прэмія – аналяг Нобэлеўскай прэміі для матэматыкаў. Аднак Пэрэльман адмовіўся атрымаць яе. Ён таксама заявіў, што ня прыме і прэмію Клея. Прычым калі Філдсаўскі мэдаль – гэта больш ганаровая ўзнагарода, то прэмія Клея – вялікія грошы.

Пры гэтым Пэрэльман – зусім не багаты чалавек. Пасьля ўнівэрсытэту ён працаваў ў Ленінградзкім аддзеле матэматычнага інстытута Расейскай акадэміі навук, у 80-х гадох пераехаў у ЗША, быў прафэсарам у некалькіх унівэрсытэтах, у 1996 годзе вярнуўся ў Санкт-Пецярбург, у тую ж філію матэматычнага інстытуту. Напрыканцы мінулага году ён па асабістых прычынах звольніўся з інстытута.

Незразумела, па якіх прычынах расейскі матэматык адмовіўся ад заслужаных ім ўзнагародаў. Дарэчы, у яго быў папярэднік – францускі матэматык Аляксандар Гратэндык, які ў 1966 годзе на знак пратэсту супраць савецкай палітыкі адмовіўся паехаць на маскоўскі матэматычны кангрэс, дзе ён павінен быў атрымаць Філдсаўскую прэмію.

Пэрэльман не прыводзіць ніякіх падобных ці наагул якіх-небудзь грамадзка значных матываў свайго учынку.

Брытанская “Дэйлі тэлеграф” цытуе Пэрэльмана, які кажа, што “не варты ні увагі да яго, ні таго багацьця, якое на яго звалілася”. “Нічога з таго, што я магу сказаць, ня мае ніякага грамадзкага інтарэсу. Я гэта кажу не таму, што не хачу ўмяшаньне ў сваё жыцьцё і не таму, што хачу нешта схаваць. Я проста думаю, што не цікавы публіцы,” – заяўляе Грыгоры Пэрэльман. Ён вырашыў загадку, над якой навука білася больш за стагодзьдзе. Але загадка чалавечай душы ня будзе вырашаная, відаць, ніколі.
XS
SM
MD
LG