Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі вяртаюцца ў Беларусь з-за канфлікту на Блізкім Усходзе


Радыё Свабода За месяц лібанска-ізраільскай вайны ў зоне канфлікту загінулі чатыры чалавекі, што нарадзіліся ў Беларусі – усе рэзэрвісты ізраільскага войска, выкліканыя на зборы ў часе ваенных дзеяньняў. У сувязі з канфліктам у Беларусь вярнуліся некаторыя грамадзяне, якія ад’ехалі ў Ізраіль і ў Лібан у 1990-я гады. Расказвае Ігар Карней.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, ад 135 тысяч грамадзянаў Беларусі, якія з моманту атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці ад’ехалі ў іншыя краіны, 98% прыходзіцца на Ізраіль. Аднак за апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць тых, хто абірае ў якасьці краіны жыхарства гэтую дзяржаву, скарацілася амаль у 20 разоў. Лібана-ізраільскі канфлікт прычыніўся да іншая тэндэнцыі – вяртаньня людзей зь Ізраілю ў Беларусь. Ігар Шнэйдэр пасьля васьмі гадоў жыцьця ў горадзе Бэршыва вярнуўся у Воршу незадоўга да пачатку канфлікту і ўсьцешаны, што зрабіў правільны выбар.

(Шнэйдэр: ) “Ад’яжджаюць у бальшыні тыя, хто прыехаў туды ўжо пасьля 1995-1997 гадоў. Іншымі словамі, людзі адчулі крыху тут паляпшэньне жыцьця. Прыехалі туды з намерам атрымаць яшчэ больш, але паглядзелі, што нашмат большага не атрымаецца. Так, калі ад’яжджалі з савецкай дзяржавы, калі тут было ўсё закрыта, то там, само сабой, здавалася лепей. Але калі людзі адчулі крыху вольніцы тут, апынуўшыся ў Ізраілі шмат хто зразумеў: у прынцыпе мяняць адно на другое можа і ня варта было б”.

Сам спадар Шнэйдэр удакладняе: для яго галоўным фактарам была выключна бясьпека сям’і. У Ізраілі нарадзілася дачка, і менавіта хваляваньні за яе жыцьцё прымусілі перагледзець пляны. Запытваю – а ці не было страшна вяртацца ў краіну, якая крытыкуецца і ў ізраільскіх мэдыях?

(Шнэйдэр: ) “Свабода – гэта паняцьце адноснае. Адна справа, калі ты можаш выйсьці на плошчу і лаяць прэзыдэнта, але ня можаш паслаць падалей свайго непасрэднага начальніка, таму што вылеціш з працы і ў цябе ня будзе магчымасьці аплочваць крэдыт (бо цябе папросту звольняць). І іншая справа – свабода тут. Людзям усё роўна: навошта яму “пляжыць” прэзыдэнта, калі ён мае магчымасьць запраста паслаць свайго непасрэднага начальніка? І гэта чалавеку бліжэй”.

На разглядзе пашпартна-візавых службаў знаходзіцца некалькі дзясяткаў зваротаў былых грамадзянаў Беларусі, якія хацелі б сюды вярнуцца. Практычна ўсе прынялі такое рашэньне ў зьвязку з напружанай сытуацыяй у рэгіёне і небясьпекай паўтарэньня нядаўняга супрацьстаяньня. Зрэшты, агульная статыстыка вяртанцаў карэктуецца і дзякуючы тым, хто часова ці на сталы час прыехаў у Беларусь зь Лібану. Некалькі сотняў сем’яў з гэтай краіны ратаваліся ад вайны ў Беларусі. Натальля Эль-Скаф прыляцела зь дзецьмі ў Менску адным зь першых авіячартэраў. Кажа, што яе сям’я з задавальненьнем засталася б у Менску. Аднак заробкі, якія меў муж у Лібане і пэрспэктывы, якія можна ўявіць тут, не на карысьць Беларусі.

(Эль-Скаф: ) “Там, у Лібане, спачатку муж пачынаў працаваць прарабам. Але ён можа і аўтасьлесарам працаваць, можа і антэну спадарожнікавую паставіць, з кампутарамі ўмее працаваць. Шмат што ведае і ўмее. Але тут, каб пайсьці на працу, неабходныя якіясьці паперы, якіясьці дыплёмы, яшчэ штосьці. У яго гэтага няма. А тут патрабуюць кучу папераў, што ён насамрэч можа рабіць тое і тое, што ён насамрэч да чагосьці здатны. Тут гэта абавязкова. А там такіх жорсткіх патрабаваньняў няма”.

Паводле зьвестак пашпартна-візавай службы Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менску, у адной толькі беларускай сталіцы жыве каля паўтысячы грамадзянаў Ізраілю і некалькі соцень грамадзянаў Лібану.

Міліцэйская статыстыка сьведчыць: увогуле ў Менску жыве каля 26 тысяч замежнікаў. 18 тысяч ад гэтай колькасьці атрымалі права на пастаяннае месца жыхарства. Гэта, перадусім, грамадзяне Расеі – 12 тысяч чалавек. У гэтым пераліку на другім месцы размясьціліся грамадзяне Ўкраіны (каля 2 тысяч чалавек), на трэцяй пазыцыі – грамадзяне Ізраілю (498 чалавек).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG