Маці Эніры Віялета Браніцкая спадзяецца, што яе дачка хутка паправіць сваё здароўе. Спадарыня Браніцкая ўзгадала, што Эніра ў сваім лісьце пісала аб тым, што вельмі хоча ў лес. Віялета Браніцкая паведаміла, што бліжэйшым часам плянуе ўсёй сям’ёй паехаць па грыбы.
(Браніцкая:) “Мы, канешне, вельмі хочам яе сустрэць, але, калі гэта можа адбыцца, нам ніхто не адказвае. Таму будзем чакаць яе каля СІЗА. Нехта будзе дзяжурыць у кватэры, бо ў яе няма ключа. Хочаца і прыгожа сустрэць, але могуць і кветкі ня вытрымаць… Але, калі ўжо ля суду стаялі пад праліўным дажджом, то вытрываем”.
Эніра Браніцкая ў апошнім лісьце да бацькоў прасіла, каб яны абавязкова падтрымалі маці Міколы Астрэйкі. Яна бачыла ў якім яна была стане, калі судзьдзя Леанід Ясіновіч чытаў прысуд. У Міколы Астрэйкі дома цяжарная жонка. Паліна штодня прыходзіла да суду Цэнтральнага раёну, пакуль там судзілі за зачыненымі дзьвярыма яе мужа. Маці Міколы Яўгенія Астрэйка вельмі перажывае і непакоіцца за сына.
(Астрэйка:) “Мы вельмі рады, што выходзяць на свабоду Эніра і Саша. Рады за іх, за іх бацькоў. Але сустракаць не пайду. Ня вельмі добра сябе адчуваю. Гэтыя працэсы, гэтыя суды… Трохі я стамілася. Няхай Саша і Эніра адпачнуць, пабудуць з роднымі і блізкімі, а потым мы зь імі абавязкова сустрэнемся”.
У Цімафея Дранчука жонка Вольга Анцыповіч нарадзіла дзіця, калі яе муж быў за кратамі. Цімафей і Мікола падалі касацыйныя скаргі ў вышэйшыя інстанцыі. Пакуль будуць разглядаць апэляцыю, хлопцаў будуць трымаць у сьледчым ізалятары. У выпадку, калі прысуд пакінуць бязь зьменаў, Міколу Астрэйку і Цімафея Дранчука перавядуць адбываць пакараньне ў папраўчую калёнію.