Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Летні альбом”: пыжыкавыя шапкі


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Адзнакай сацыяльнага статусу чалавека за савецкім часам была пыжыкавая шапка на галаве. Набывалі пыжык у закрытых разьмеркавальніках, і яго насілі, у асноўным, кіраўнікі вышэйшага рангу. У шасьцідзясятых гадах прыстойнай зімовай шапкі дастаць было амаль немагчыма. Лішне казаць, што яны адсутнічалі ў гандлёвай сетцы, тут нават не дапамагаў славуты блат. Не было іх і ў спэкулянтаў.

Вечаровай парою хадзіць у футравай шапцы было небясьпечна: яе маглі зьняць злодзеі. Маглі таксама скрасьці з шатні, таму гардэробшчыкі часьцяком адмаўляліся іх прымаць. Распавядалі страхотлівую гісторыю пра двух злодзеяў, якія кралі шапкі ў вакзальных прыбіральнях. Заходзілі ў суседнюю кабінку, цягнулі руку праз перагародку, здымалі зь якога небаракі галаўны ўбор і, пакуль той нацягваў штаны, зьнікалі ў вакзальным натоўпе. Як сьведчаць абазнаныя людзі, менавіта з-за пыжыка пры канцы шасьцідзясятых зьнялі з тэлеэтэру перадачу “Клюб вясёлых і кемлівых”. Там адзін студэнт згадаў песеньку “Чыжык-пыжык, дзе ты быў?” А другі студэнт паведаміў, што чыжык прыляцеў, а пыжык і дагэтуль не зьявіўся.

Адзіны фасон, які быў у продажы, гэта вушанка з чорным скураным верхам. Іх потым нацягнулі на вушы віетнамцы, што прыехалі да нас на вучобу, і шапкі ад той пары сталі называць “віетнамскімі”. Зімою пасланцы братняй краіны мерзьлі ў тых вушанках, і нашыя жартуны, ляпнуўшы пасланца па сьпіне, жартам пыталіся: “Ну што, зьмерз, Маўглі?”

З-за адсутнасьці зімовых шапак многія хадзілі зімою ў кепурках, нацягваючы папераменку то на адно, то на другое зьмерзлае вуха. Верхам раскошы была шапка з фарбаванага ката. Хто з маладзёнаў яе насіў, абавязкова адрываў брылёк і насоўваў на вочы. Пасьля таго бачыў перад сабой толькі два мэтры дарогі. Міліцыянты часьцяком рабілі маладзёнам заўвагу, тыя пасьпешліва прыўздымалі брылёк, але тут жа і апускалі, калі міліцыянты адыходзілі.

На мяжы шасьцідзясятых і сямідзясятых зьявіліся вушанкі са штучнага футра. Былі яны цяжкія, галавы амаль ня грэлі, і варсіны непрыемна калоліся. Аднак мы, маладыя бітнікі, зімовых шапак наагул не насілі. Ідзеш у школу: мароз за дваццаць, аж веі зьліпаюцца, а мы з голымі галовамі. Потым, у школьным калідоры, крутнеш зьбялелае вуха, а яно так і застаецца скручаным. Так што даводзілася прыпадаць да гарачай батарэі, каб адагрэць адубелую галаву.

У сямідзясятых гадах зьявіліся саматугам вырабленыя шапкі з труса. Былі яны каляныя, як кардонка. Мне падаравалі адну такую шапку белага колеру, дык яна неўзабаве стала зялёнай. Аддаў яе потым бацьку. Той доўга круціў шапку ў руках, зазіраў у нутро і нацубіў са словамі: “Рабоча-сялянскі пыжык”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG