Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі ўстановяць дошку памяці былога кіраўніка вобласьці


Радыё Свабода, Гомель Гомельскі гарвыканкам прыняў рашэньне устанавіць на будынку мэдычнага ўнівэрсытэту мэмарыяльную дошку былому савецкаму і партыйнаму кіраўніку вобласьці Аляксандру Грахоўскаму. Гэта будзе зроблена на пачатку верасьня – да сьвяткаваньня дня гораду.

Аляксандар Грахоўскі памёр ў 1991 годзе ў веку 54-х гадоў ад рэдкай хваробы. У той час ён быў першым сакратаром абкаму КПБ. Да гэтага Грахоўскі цягам пяці гадоў узначальваў абласны выканаўчы камітэт. На ягонае старшынёўства акурат прыпала Чарнобыльская катастрофа.

У гарвыканкаме, матывуючы рашэньне ўстанавіць на будынку мэдычнага ўнівэрсытэту (будынак колішняга абкаму КПБ) мэмарыяльную дошку Грахоўскаму, спасылаюцца на тое, што па выніках адсяленьня людзей з чарнобыльскай зоны Аляксандар Грахоўскі быў адзіным кіраўніком, якога ўзнагародзілі ордэнам Леніна.

А што думаюць адносна рашэньня мясцовых уладаў устанавіць мэмарыяльную дошку Аляксандру Грахоўскаму жыхары Гомелю?

(Пэнсіянэрка: ) “Ня ведаю Грахоўскага. На маім веку было шмат першых сакратароў – усіх хіба ж успомніш”.

(Мужчына: ) “Асабіста я з Грахоўскім ня быў знаёмы. Ведаю толькі, што ён быў недзе ў гарвыканкаме ці аблвыканкаме”.

(Мужчына: ) “Мэмарыяльная дошка Грахоўскаму – гэта рэабілітацыя тагачаснага кіраўніцтва, якое выганяла людзей на майскія сьвяты, каб дэманстраваць, што ў нас усё добра і няма ніякай радыяцыі, прымушала людзей зьбіраць ураджай у заражаных зонах”.

(Жанчына: ) “Самае кепскае, што яны тады дэманстрацыі не адмянілі – 1 і 9 траўня. Трэба было паінфармаваць людзей, што вакол небясьпека”.

(Мужчына: ) “Як бы там ні было і як бы нехта ні ставіўся да Грахоўскага ці Камая, але гэта наша гісторыя – людзі яе павінны ведаць. Можа, пасьля гэтага зьявіцца жаданьне ўзяць у рукі энцыкляпэдыю “Хто ёсьць хто?” і пачытаць, хто такі Грахоўскі. Заадно людзі даведаюцца, як яны паводзілі сябе падчас катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі”.

(Жанчына: ) “Грахоўскі, можа, і ня горшы з кіраўнікоў, але пра яго нейкія заслугі перад насельніцтвам Гомельскай вобласьці я ня ведаю. Калі ўзарвалася Чарнобыльская АЭС, то ён таксама маўчаў, не паведаміў людзям пра гэтую трагедыю. А маўчаньне – горшае за здраду”.

(Пэнсіянэр: ) “ Ня помню і ня ведаю, што ён зрабіў для гораду”.

(Жанчына: ) “Я ведаю пісьменьніка Сяргея Грахоўскага, а Аляксандра Грахоўскага я ня ведаю”.

(Мужчына: ) “Тады я быў яшчэ студэнтам, а Грахоўскі, здаецца, першым сакратаром абкаму партыі. І вось калі ён памёр, для масавасьці накіроўвалі студэнтаў, каб яны ўдзельнічалі ў пахаваньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG