Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крах астралягічных прагнозаў?


Радыё Свабода На пасяджэньні Генэральнай асамблеі Міжнароднага астранамічнага саюзу, што праходзіць у Празе, абвешчана афіцыйная прапанова перагляду сьпісу плянэт, што складаюць Сонечную сыстэму. Прычынай паслужыла адкрыцьцё астраномамі новых нябесных цел. Колькасьць плянэт можа ўзрасьці да 12-ці.

Якія зьмены гэта прынясе ў астраномію й ці адаб’ецца на астралягічных прагнозах?

Па-першае, дробны Плютон, пра статус якога даўно спрачаюцца навукоўцы, будзе вылучаны з вышэйшай катэгорыі гэтак званых “клясычных плянэт”, у якую ўваходзяць Юпітэр, Сатурн, Уран, Нэптун, Зямля, Венэра, Марс і Мэркуры.

Статус плянэт могуць набыць Харон, які, маючы такі ж самы памер, лічыцца спадарожнікам Плютона; буйны астэроід Цэрэра й нядаўна адкрыты аб’ект пад нумарам 2003 UB 313 з умоўнай назвай Зэна.

Беларускі астраном Кастусь Цыркун выказаў такое меркаваньне:

(Цыркун: ) “Я ня ведаю, як гэта будзе на астралёгію ўплываць. А ў астраноміі гэтыя тэрміны – плянэта, астэроід – некалі прыдумаў сам чалавек. Плянэтам і астэроідам усё роўна, як іх будуць называць. Сама філязофія, клясыфікацыя можа быць зусім рознай – не такой, як сёньня. Я думаю, гэта ня так страшна. Для астраноміі, прынамсі”.

Ці патрабуе гэты факт дапрацоўкі падручнікаў па астраноміі? Ці знойдзе такі перадзел праявы ў астралягічных картах прагнозаў?

Сябра Беларускай астранамічна-астралягічнай асацыяцыі “АСТРО”, якая не назвала свайго імя, выказала такую думку:

(Астроляг: ) “Гэта людзі дамовіліся прымаць пастуляты для астраномаў. Целы нябесныя як былі, так і засталіся, – незалежна ад таго, як да іх ставяцца на зямлі. Яны дзейнічаюць, і астралёгія на гэтым заснавана. У старажытнасьці ведалі гэтыя плянэты, і той жа Плютон ведалі, і ўлічвалі ў авэстыйскай астралёгіі. А што, уласна кажучы, зьмянілася?”

Астроляг Сяргей Рэмі таксама кажа, што ад зьмены назову й клясыфікацыі нічога не залежыць.

(Рэмі: ) “Астралёгія апэруе такім паняцьцем, як цыкль. Любы цыкль дзеліцца на 12 фаз, і кожная фаза мае сваю энэргетычную характарыстыку. У разуменьні астролягаў, як бы ні назвалі Плютон – астэроідам, камэтай альбо плянэтай (хоць зоркай назаві), – тое не паўплывае на фізычны й энэргетычны сэнс гэтага нябеснага цела. Яно ўсё адно застанецца нябесным фізычным аб’ектам, які мае цыкль 248 гадоў. І з гэтым цыклем працуюць астролягі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG