Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмікаў мастацтва больш ня будзе


Валянціна Аксак, Менск Творчае грамадзкае аб’яднаньне пад назовам “Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва” пасьля дзесяці гадоў пасьпяховага чыну вырашыла самараспусьціцца. Пра гэта заявіў кіраўнік арганізацыі Фэлікс Янушкевіч.

Прычына такога рашэньня акадэмікаў палягае ў фактычнай забароне ўладамі грамадзкім арганізацыям карыстацца ў сваіх назовах словам “акадэмія”. Ім прапанавана больш не называцца акадэмікамі. Гаворыць Фэлікс Янушкевіч.

(Янушкевіч: ) “Мы ня можам даўмецца, на што можам памяняць свае найменьні: мастакамі мы і так застаемся, сябрамі прафэсійнага саюзу мы ўжо ёсьць. Ну а сябрамі якой яшчэ арганізацыі мы будзем, якую нават цяжка назваць?”

Міністэрства юстыцыі, якое даслала акадэмікам ліст, паведамляе, што ў зьвязку з заменаю назвы яны мусяць прайсьці працэдуру юрыдычнае перарэгістрацыі. Спадар Янушкевіч лічыць, што справа тут не ў падпалым пад афіцыйную забарону слове, а ў жаданьні ўладаў стварыць дадатковыя перашкоды ў дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў. Тым больш, што год таму яны ўжо змушаныя былі перарэгістроўвацца ў сувязі з забаронаю ўжываць у назовах статусу кіраўнікоў грамадзкіх структураў слова “прэзыдэнт”.

(Янушкевіч: ) “Летась мы атрымалі паведамленьне, што трэба замяніць слова “прэзыдэнт” у назове кіраўніка аб’яднаньня на іншае, бо прэзідэнт у нас адзін. І мы цэлае лета займаліся перарэгістрацыяй у сувязі з гэтым і замянілі прэзыдэнта на старшыню прэзыдыюму Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. Ну а цяпер нам прапанавалі патраціць яшчэ адно лета. Але я так мяркую, што на гэтым этапе перарэгістрацыі ўжо не адбудзецца…”

Таму грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва” вырашыла ня траціць марна час і грошы на чарговае хаджэньне па чыноўных кабінэтах, а працягваць займацца тым, чым і за дзесяцігадовую ранейшую легальную гісторыю існаваньня – маляваць, ладзіць выставы і пленэры імя выбітных дзеячаў беларускае культуры, падтрымліваць маладыя таленты. А найменьні акадэмікаў ім пакіне гісторыя, – сумна жартуе Фэлікс Янушкевіч, былы прэзідэнт былое акадэміі.

(Янушкевіч: ) “Ёсьць у нас адзін акадэмік – Мікола Селяшчук, які адышоў у вечнасьць яшчэ на пачатку нашай акадэміі, у 1997 годзе. На пліце на ягонай магіле напісана – “Акадэмік жывапісу”. Таму я думаю, гэтыя найменьні ўжо застануцца за намі…”

Нагадаем, што апрача мастакоў слова “акадэмія”, якое ўказам кіраўніка краіны падпала пад забарону месяц таму, у сваіх назовах мелі яшчэ некалькі грамадзкіх арганізацыяў. У іх ліку Акадэмія бізнэсу, Славянская акадэмія, Акадэмія яўрэйскай культуры і мастацтва і іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG