Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 17 жніўня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю. Тэмаю гэтага выпуску – крытыка апазыцыі.

Vovansystems у сваім інтэрнэт-дзёньніку распачаў дыскусію вакол артыкула Зянона Пазьняка “Яднацца трэба са сваімі”. У артыкуле, у прыватнасьці, крытыкуецца Вінцук Вячорка. Вось адна цытата адтуль: “Адколатая частка Фронту… пайшла на хаўрус з прамаскоўскімі партыямі і нават з камуністамі, думаючы, магчыма, пашырыць на іх свой нацыянальны уплыў, але не разумеючы, што паддаліся чужой палітыцы. У выніку прамаскоўскія партыі здамінавалі так званую апазыцыю, а фронтаўцы зь Вячоркам апынуліся на трэціх ролях; верхаводзяць Калякін, Лябедзька, Бухвостаў, усюды гавораць і пішуць па-руску, езьдзяць у Маскву да Караганава ды Маркава ды Нямцова, выбіваюць прыхільнасьць і чужыя сродкі, улягаюць чужой палітыцы, і Вячорка ў гэтай кампаніі як шэраговец”.

А вось адзін з камэнтароў да гэтай цытаты: “Можна бясконца "васпяваць" прарокаў і іх бескампраміснасьць, здымаць пра іх фільмы, ставіць оперы-трагедыі… але ў рэале палітыка – гэта, нажаль, майстэрства кампрамісу. Іншай апазыцыі зараз у нас няма".

На форумах Адкрытага гістарычнага клюбу нехта Вацлаў Паспаліты таксама вінаваціць беларускую апазыцыю ў здрадзе ідэям Адраджэньня. “У сярэдзіне 90-гадоў канца ХХ стагодзьзя ў адраджэнскім руху адбываецца здрада, якая значна пагоршыла плынь нацыянальна-адраджэнскай ідэі, але яна знаходзіцца на самым лепшым месцы з астатніх плыняў, якія існаваньня без нацыяналізму й Адраджэньня не маюць сэнсу. Радыкалізм падтрымлівае яшчэ гэтыя астатнія воблескі той культуры, асьветы, самавызначэньня, і таму жыве нацыя і ў яе ёсьць сьвет. Патрэбна таксама зразумець, што якой бы ні была дзяржава, якая б у яе ні была эканоміка, але калі здарыцца нейкі крызыс і ў дзяржаве ня будзе нацыянальнай сілы, яна папросту зьнікне, яна памрэ”.

Lipkovich, вядомы сярод карыстальнікаў сайту www.livejournal.com, у сваім дзёньніку нагадвае пра адну гістарычную дату – 17 жніўня 1629 году нарадзіўся Ян Сабескі. “Выбітны дзяржаўны і палітычны дзеяч, – піша Ліпковіч. – У 1974 годзе быў выбраны каралём Рэчы Паспалітай. Ваяваў супраць расейцаў, швэдаў і туркаў. Ратаваў Эўропу, вызваліў Украіну й заключыў вечны мір з Расеяй. Спрабаваў ператварыць Польшчу з цяжка кіравальнай дэмакратыі ў цэнтралізаваную манархію. Карацей, сапраўдны рыцар”.

На форумах сайту Litara.net абмяркоўваюць, каго можна назваць “народным” пісьменьнікам ці паэтам. Паводле вынікаў аднаго з апошніх апытаньняў “Нашай нівы”, 14 галасоў атрымаў Алесь Разанаў, 11 – Генадзь Бураўкін, 7 галасоў атрымаў Уладзімер Арлоў, 5 – Іван Пташнікаў, 4 – Віктар Казько, 3 – Андрэй Федарэнка. Па два галасы ў Дануты Бічэль, Анатоля Вярцінскага, Уладзімера Някляева, Адама Глобуса, Юрыя Станкевіча, Сьвятланы Алексіевіч і Сяргея Законьнікава. Літаранцы разважаюць. Падаю некалькі цытатаў: “Мне найбольш народным пісьменьнікам з гэтага сьпісу ўяўляецца Сьвятлана Алексіевіч. Яе часта папікаюць, што піша на расейскай мове й рэдка прамаўляе слова "Беларусь". Аднак калі б атрымала й прыняла тытул народнага пісьменьніка Беларусі – пачала б пісаць і выступаць крыху інакш”.

Іншыя камэнтары: “А я б таксама скасаваў гэтыя тытулы, бо аб''етыўна яны няслушныя. Станкевіч Данцову прапаноўваў? Вось гэта аб''ектыўна…” “Народны — гэта той, пра якога больш гавораць па тэлевізіі”.

А інтэрнэт-рэсурс ”Беларуская жаба” прапаную наведнікам новую фота-забаўку, якая выявілася не каляжам, а праўдзівым здымкам. Цяпер Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта займаецца нават вытворчасьцю будаўнічых цьвікоў – фота адпаведнай этыкеткі “Беларускую жабу” й прывабіла. “Цяпер і за цьвікі грамадзяне нашай краіны могуць цалкам спакойныя!!!” – рэзюмуюць аўтары сайту.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG