Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Летні альбом": "конскі хвост"


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Прыглядацца да дзявочых фрызур я пачаў яшчэ ў першай клясе. Тады ў старшаклясьніц у модзе былі важкія, у руку таўшчынёй косы. Іх перакідвалі празь левае плячо і насілі сьпераду. Такі варыянт называўся “пакахай мяне, фэзэвушнік”.

Самыя адчайныя асьмельваліся насіць фрызуры пад назваю “конскі хвост”. Цяпер гэта звычайная зьява. А на пачатку шасьцідзясятых, калі з атмасфэры яшчэ ня выпетрыўся дух сталінізму, такая фрызура падлягала грамадзкаму ганьбаваньню. У часопісе “Вожык” рэгулярна малявалі карыкатуры на дэвотак з “конскімі хвастамі”, называючы такія прычоскі “я ў мамы дурніца” альбо “пацалуй мяне з разьбегу”.

Потым пачалося наагул штосьці страшнае: школьніцы сталі фарбаваць валасы і рабіць завіўкі. Завіваліся ў хатніх умовах. Тады ніякіх лякаў ды пенак не існавала, таму валасы пры завіўцы змочвалі півам альбо моцна насалоджанай вадой. Пасьля таго яны пару гадзін трымалі форму.

Настаўнікі і школьная адміністрацыя нястомна змагаліся з новымі фрызурамі. Я на ўласныя вушы чуў, як адна настаўніца, пабачыўшы, што вучаніца абрэзала касу, у прысутнасьці хлопцаў заявіла: “Такія прычоскі носяць прастытуткі”.

У 1966 годзе многія дзяўчыны зрабілі сабе дакладна такія прычоскі, якая была ў Наталі Варлей у фільме “Каўкаская палоньніца”, а неўзабаве сталі насіць на галаве вялізныя куксы. Называлася такая фрызура “цюльпан”. Першай такую прычоску прадэманстравала Элізабэт Тэйлар. Валасы ў галівудзкай дзівы былі сабраныя на патыліцы і адмысловым чынам скручаныя. Такую фрызуру магла сабе дазволіць толькі кабета з густымі і даўгімі валасамі. Таму, каб надаць валасам неабходны аб’ём, у сярэдзіну куксы падкладалі падзертую капронавую панчоху, ці яшчэ нешта мягкае ды элястычнае. Ну а вясковыя дзеўкі выкарыстоўвалі дзеля гэтай мэты конскі волас, і коні тае пары хадзілі з куртатымі хвастамі і парадзелымі грывамі. Папярэдне конскі волас выпарвалі ды фарбавалі пад колер уласных валасоў.

Хадзіла показка, што ў Віцебску нейкая кабеціна падклала дзеля аб’ёму шкляны паўлітровы слоік і праз тое загінула. Ехала нібыта на таксоўцы, машыну падкінула на калдобіне, і небарака стукнулася патыліцай аб нізкую столь.

Бліжэй да сямідзясятых у моду ўвайшлі даўгія распушчаныя валасы. Іх рашуча пазбаўлялі колеру, панурваючы ў перакіс вадароду. Мода на распушчаныя, пэргідролем тручаныя валасы датрывала да нашых дзён, хаця на кароткі час і перарывалася. Так, у 1971 годзе была моднай прычоска “гаўрош”, а ў 1977 многія падстрыгліся пад Мірэй Мат’ё. “Паж” – такую назву насіла гэтая арыгінальная жаночая фрызура.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG