Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У тэлевізары хваляцца намалотамі, а за вакном у мяне – нязжатае жытняе поле пад праліўным дажджом....”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 16 жніўня 2006 году

Апошнім часам у пошце “Свабоды” часта сустракаюцца лісты, аўтары якіх наракаюць, што навіны пра новыя арышты й суды над апазыцыйнымі актывістамі, пра перасьлед іншадумцаў і няўдачы апанэнтаў улады ствараюць змрочную атмасфэру і ўмацоўваюць адчуваньне безнадзейнасьці ў часткі грамадзтва, якая чакае пераменаў. З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову.

Наш слухач Павал Кузьмук з Івацэвіцкага раёну піша:

“Вечарамі часта слухаю “Свабоду”. Навіны ў вас невясёлыя: зноў некага асудзілі, некага – пасадзілі, некага – зьбілі. І гэтак – з году на год, зь месяца ў месяц. Надта ўсё змрочна. А людзям жа хочацца пазытыву, надзеі. Паведаміце нарэшце, што недзе апазыцыя перамагла ўладнага “вертыкальшчыка”, што людзі паўсталі супраць несправядлівасьці й дамагліся свайго. Ня можа ж быць, каб у такой вялікай краіне не здаралася й чаго пазытыўнага, што паляпшала б настрой. Ня сеяць жа век беспрасьветную панурую тугу! Вядома, я прадбачу, што вы мне ў такім разе параіце глядзець Беларускае тэлебачаньне – там усе навіны добрыя. Я й цяпер яго гляджу. Паказваюць, якія вялізныя ў нас намалоты й які нечуваны ўраджай зьбірае ўся краіна. А за вакном у мяне – нязжатае жытняе поле пад праліўным дажджам: збажына палегла, зерне асыпаецца. І невядома, калі да яго дойдзе чарга. Сумна й безнадзейна”.

Калі людзі сапраўды паўстаюць супраць несправядлівасьці, калі пераадольваюць уласны страх і наладжваюць нейкія значныя грамадзкія акцыі, – мы абавязкова паведамляем, спадар Кузьмук. Але ж і Вы, і іншыя нашы слухачы хочаце ведаць праўдзівую й дакладную інфармацыю, а не такую, што штучна стварала б вам аптымістычны настрой. Дзеля прапаганды посьпехаў і дасягненьняў у Беларусі ёсьць іншыя мэдыі, і вы пра іх добра ведаеце. А праўдзівыя навіны – такія, якія ёсьць.

Пра тое, дзе корань цяперашняй грамадзкай апатыі, разважае ў лісьце на “Свабоду” Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну.

“Улада стварае такія непрыймальныя для вальнадумства ўмовы, каб зьвінаваціць потым кожнага, хто ня ўпісваецца ў кола афіцыёзу. Так, цяжкое цяпер выпрабаваньне для ўсіх дэмакратычных сілаў. Прычым, электаральна-пратэставае кола звужаецца. У чым прычына? Страх? Расчараваньне з прычыны адступленьня? Ці слушнае гэта маё сьцьвярджэньне? У гісторыі неаднойчы было так: наступ, а потым – адступленьне. Грамадзтву неабходна перахварэць, пераасэнсаваць стратэгію й тактыку дзеяньняў. Рух наперад павінен быць цераз боль, расчараваньне.

Відочна, нам не хапае таго, што ёсьць у літоўцаў, чэхаў, – нацыянальнай ідэі. Шмат абыякавасьці – ды такой, што нават растлумачыць немагчыма. У людзей, нібы, нейкая засьва ў галаве. Я ведаю гэта, бо асабіста ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі, зьбіраў подпісы за Мілінкевіча. У агітацыі, аднак, сутыкнуўся з псыхалягічным ціскам, чаго ў папярэдніх кампаніях, пачынаючы з 94-га году, не было. Я – адзіны з Пружаншчыны, хто працаваў зь вясковым выбаршчыкам. І мясцовы выбарчы ўчастак выканаў плян у выніковым галасаваньні.

Лічу, што сваю грамадзянскую пазыцыю па-ранейшаму маю й сваім жыцьцёвым прынцыпам ня здраджваю”.

Заканчвае ж ліст на “Свабоду” Мікалай Волчык наступным зваротам да мяне:

“А як цяпер даходзяць допісы да Вас, спадар Жданко? Ці не ўскрываюць канвертаў? Асабіста я на пратэст супраць афіцыёзу набыў спадарожнікавую антэну. Гляджу тэлебачаньне, прымаю радыёпраграмы. Падпісчык і чытач такіх выданьняў, як “Архэ”, “Дзеяслоў”, “Брестский Куръер”, “Наша Ніва”... Дзякуй за выдатную працу ўсім супрацоўнікам “Свабоды”. Я заўсёды на вашых хвалях”.

Ня ведаю, спадар Волчык, ці ўсе лісты, адрасаваныя “Свабодзе”, даходзяць да нас. Многія слухачы перакананы, што за іхнай перапіскай сочаць, лісты – прачытваюць. А таму ўсё больш у нашай пошце карэспандэнцыяў, падпісаных прыдуманымі імёнамі й адрасамі. Ня думаю, аднак, каб у такім пільнаваньні й кантролі быў вялікі сэнс. Усё найбольш значнае й цікавае, пра што паведамляюць слухачы ў сваіх лістах, гучыць потым на нашых хвалях і зьмяшчаецца на інтэрнэт-старонцы.

А наагул жа, спадар Волчык, думаю, Ваш прыклад можа многіх змусіць задумацца пра ўласныя – сапраўдныя й прыдуманыя – страхі. Вы жывяцё й працуеце ў вёсцы, дзе ўсе ўсіх ведаюць, і, нягледзячы на гэта, не баіцёся адкрыта выказваць і адстойваць свае палітычныя погляды, знаходзіце спосаб атрымліваць мноства альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, да таго ж, ужо колькі гадоў ведзяцё ліставаньне са “Свабодай”, падпісваючыся сваім сапраўдным імем і ўказваючы дакладны адрас.

Ліст ад нашага даўняга сябра, былога партызана й настаўніка Максіма Бярэзінскага зь Менску. Слухач разважае пра тое, як зьмяніліся Беларусь і беларусы за апошнія дванаццаць год, калі ў краіне ўсталяваўся аўтарытарны ўладны рэжым.

“Я – неасыміляваны беларус (нацыяналіст – значыць). З 84-га году – на пэнсіі. У сёньняшнім грамадзкім жыцьці не знаходжу нічога істотнага, што выклікала б радасьць і гонар за радзіму. Наадварот: 12 год таму цёмная ноч ахутала ўсе сфэры нашага жыцьця. Я не магу перажыць такога зьдзеку ўлады з сумленьня нацыі: адслоны беларусаў ад іхных слаўных гістарычных каранёў, задушэньня незалежных мэдыяў, разгрому такіх асяродкаў нацыянальнай культуры, як Саюз пісьменьнікаў, Гуманітарны ліцэй...

Я не лічу карыснымі для Беларусі гульні Лукашэнкі ў цэны ўнутры краіны і ў інтэграцыю. Я прымаю за асабістую абразу скарачэньне беларускамоўных клясаў і школ, вяртаньне ў школы падручнікаў, у якіх па-ранейшаму сьцьвярджаюць, што беларусы – гэта рускія й дзяржаўнасьці сваёй, нібыта, ня мелі да савецкіх часоў. Мяне абурае, як прынізіла “вертыкаль” гонар і годнасьць асобы: міліцэйскімі дубінкамі праломваюць галовы, разьбіваюць тэлекамэры журналістаў. Спэцслужбы, як зладзеі-дамушнікі, лазяць нават па кватэрах замежных дыпляматаў, а Лукашэнка тым часам называе Беларусь “эталёнам цывілізацыі ўсходнеэўрапейскага славянства”. Вельмі ж цяжкімі й нярадаснымі былі прамінулыя 12 год. Нічога лепшага й наступныя гады нам не абяцаюць: дыктатары ўлады не аддаюць і дэмакратамі ня робяцца”.

У Вас, спадар Бярэзінскі, ёсьць шмат аргумэнтаў для такіх пэсымістычных разваг. Але Ваш багаты жыцьцёвы досьвед ёсьць глебай і для іншых высноў. Ніводзін дыктатар не ўсемагутны. І надзея на зьмены ўрэшце спраўджвалася нават у самыя змрочныя часу таталітарызму. Усьлед за жорсткай сталінскай дыктатурай надышла хрушчоўская адліга; брэжнеўскі застой, які многім падаваўся непарушным і бясконцым, урэшце зьмяніўся на перабудову, галоснасьць і крах камуністычнай імпэрыі. Зьмены насьпяваюць і сёньня – нават калі вонкава яны й ня надта заўважны. Зьмяняецца сьвет наўкол, зьмяняюцца пакаленьні. Дарослымі сталі дзеці, якія ўвогуле не памятаюць савецкіх рэалій і камуністычных лёзунгаў. За савецкае мінулае, адрозна ад 90-х гадоў, ня надта ўжо трымаецца й беларуская ўлада. Спакваля перасталі высокія начальнікі насіць кошыкі з кветкамі да помнікаў Леніну, не сьвяткуюць больш гадавін кастрычніцкай рэвалюцыі – хоць з такім імпэтам вярталі ўсё гэта ў сярэдзіне 90-х гадоў. Немінуча настане час, калі й аўтарытарная сыстэма ўлады, якая засталася спадчынай ад камуністаў, змушана будзе зьмяніцца.

На заканчэньне – кароткі ліст ад Андрэя Паско зь Берасьця.

“Даруйце, што вельмі рэдка ўдаецца ўзяцца за ліст на “Свабоду”. Апошнім часам я ўвогуле ня меў магчымасьці слухаць ваша радыё. Але кожны раз, як толькі надараецца вольная хвіліна, – настройваюся на ўлюбёную хвалю. З многімі меркаваньнямі, пачутымі па “Свабодзе”, пагаджаюся, зь некаторымі – не. Але так, напэўна, і павінна быць. Радыё Свабода каштоўнае для мяне тым, што такой інфармацыі ў Беларусі ня возьмеш ні зь якой іншай крыніцы”.

Мы ўдзячны Вам, Андрэй, за добрыя словы. Ваша ўвага й Вашы ацэнкі для нас вельмі важныя.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Лілія Сямёнава з Барысаву, Генадзь Наскоў з Івацэвічаў, Віталь Лісіцкі й Генадзь Губарэвіч зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG