Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Іран ахвотна інвэстуе ў Беларусь?


Ігар Карней, Менск Іран гатовы інвэставаць у эканоміку Беларусі паўмільярда даляраў. Адзін толькі завод вырабу аўтамабіляў “Саманд” у бліжэйшай пэрспэктыве можа прыцягнуць да 100 мільёнаў даляраў іранскіх інвэстыцый.

Яшчэ 200 мільёнаў даляраў чакаецца ад будаўніцтва цэмэнтавага заводу, тэндэр на які выйгралі таксама іранцы. Аднак наколькі бездакорнымі ёсьць праекты краінаў, крытыкаваных міжнароднай супольнасьцю за аўтарытарныя стылі кіраваньня й адыход ад дэмакратычных пераўтварэньняў?

Агульная сума супольных беларуска-іранскіх праектаў – падпісаных і тых, што знаходзяцца на стадыі падрыхтоўкі, – сягае 500 мільёнаў даляраў. Найбольш значным паўстае наладжаньне вытворчасьці іранскіх аўтамабіляў “Саманд” у пасёлку Абчак Менскага раёну. Цягам наступных гадоў інвэстыцыі ў гэтую сфэру, як сьцьвярджае іранскі бок, могуць дасягнуць 100 мільёнаў даляраў. Аднак менавіта сумесны аўтабізнэс выклікае найбольш нараканьняў з боку спэцыялістаў. Гаворыць кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч.

(Маркевіч: ) “Я думаю, што куфар тут лёгка адчыняецца. Іранцы – хітрыя ўсходнія людзі – запатрабавалі ўзамен зборкі МАЗаў на сваёй Радзіме нейкую зборку ў Беларусі. Бо экспарт кудысьці ж быць павінен! Але куды іранская машына – аб’ектыўна – можа пайсьці? У Заходнюю Эўропу яна пайсьці ня можа. Ува Ўсходнюю – таксама. Таму што ўсходнеэўрапейскія краіны адкрыта імкнуцца ў Эўразьвяз. Значыць, застаюцца нейкія краіны Афрыкі, а Беларусь – у шэрагу зь імі. Хоць геаграфічна мы – у цэнтры Эўропы”.

Як згадаў спадар Маркевіч, другой, паводле важкасьці, можна лічыць зборку самазвалаў МАЗ у Іране, распачатую ў 2004 годзе. Аднак магутнасьці заводу ў горадзе Наўшахр досыць абмежаваныя, і з канвэеру штогод сыходзіць каля паўтысячы беларускіх аўтамабіляў. Магчыма, статыстыка беларускай спэцтэхнікі будзе палепшана, дзякуючы зборцы тут трактараў “Беларусь”: на захадзе Ірану ўжо распачата будаўніцтва трактарнага заводу.

Між тым, актыўнасьць іранскіх інвэстараў на беларускім рынку куды большая. У часе нядаўняга візыту ў Беларусь дэлегацыі Міністэрства прамысловасьці Ірану падпісана пагадненьне пра будаўніцтва ў Беларусі звышмагутнага цэмэнтавага заводу кошту 200 мільёнаў даляраў. Прадукцыю мяркуецца атрымліваць ужо праз тры гады, хоць месца пад пляцоўку яшчэ ўзгадняецца.

У парадку дня яшчэ шэраг інвэстыцыйных праектаў на тэрыторыі Беларусі: будаўніцтва гатэлю клясы “5 зорак”, спартовага цэнтру, транспартнага прадпрыемства “Прылесьсе”, удзел у рэканструкцыі аб’ектаў паліўна-энэргетычнага комплексу. Практычна ўсе праекты мяркуецца рэалізаваць у рамках Свабоднай эканамічнай зоны “Мінск”, што азначае, перадусім, істотныя падатковыя прэфэрэнцыі.

Асобны пункт беларуска-іранскіх дачыненьняў – супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай галіне. Яшчэ ў 1998 годзе міністэрствы абороны Беларусі й Ірану падпісалі пратаколы, на падставе якіх Беларусь абавязвалася даць свае вытворчыя магутнасьці для рамонту іранскай авіятэхнікі, а таксама ўзялася навучаць іранскіх адмыслоўцаў у вайсковых установах.

Напачатку новага тысячагодзьдзя Іран выяўляў інтарэс да некаторых тыпаў сыстэм кіраваньня й аптычнай тэхнікі прадпрыемстваў “БелОМА” й “Агат”. У сваю чаргу, беларускія збройнікі выказвалі гатовасьць пастаўляць у Іран сродкі сувязі двайнога прызначэньня. Апроч таго, афіцыйны Менск адным зь першых падтрымаў Іран у ягоным жаданьні займацца ядравай праграмай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG