Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец адбыў палову тэрміну пакараньня


Радыё Свабода Роўна год таму асуджаны да абмежаваньня волі Павал Севярынец прыехаў у вёску Малое Сітна Полацкага раёну. Яна была вызначаная ўладамі як месца палітычнай ссылкі маладога палітыка. Такім чынам, Павал адпрацаваў на “хіміі” палову тэрміну і мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Сёньня наш карэспандэнт наведаў палітыка непасрэдна на ягоным працоўным месцы. Апошнім часам Павал працуе стропальшчыкам на лесаўчастку.

(Севярынец: ) “15 жніўня, сёньня, спаўняецца год, як я знаходжуся на высылцы, у Малым Сітне. Гэта палова тэрміну, пасьля якога можа разглядацца пытаньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні. Але для мяне гэты год быў, у першую чаргу, годам духовага кшталтаваньня, годам беларускай салідарнасьці. Я тут атрымаў больш як 500 лістоў, мяне наведалі амаль 300 чалавек. А ехаць сюды ня так ужо і блізка. Між тым прыяжджалі людзі з самых аддаленых куткоў Беларусі і з-за мяжы. Я зразумеў для сябе, што беларуская салідарнасьць здольная накарміць, апрануць, падтрымаць, натхніць любога, хто апынуўся пад ударам рэжыму”.

Паводле Паўла, на “хіміі” ён плённа працуе ня толькі на лесаўчастку, але й за пісьмовым сталом.



(Севярынец: ) “Гэты год быў для мяне й годам творчасьці. Нягледзячы на тое, што вольнага часу ня так багата, падрыхтаваў да друку кнігу артыкулаў і апавяданьняў, напісаў больш сарака эсэ для “Нашай Нівы”, а таксама напісаў ладную частку кнігі, якую на дадзены момант лічу галоўнай працай у сваім жыцьці – кнігі пра Беларусь”.

“Хімікаў”, што адпрацавалі палову вызначанага тэрміну пакараньня і якія вызначыліся ўзорнымі паводзінамі, звычайна выпраўляюць да хаты. Якія ж пэрспэктывы ў гэтым пляне ў асуджанага палітыка?

(Севярынец: ) “Умоўна-датэрміновае вызваленьне магчымае пасьля адбыцьця паловы тэрміну пакараньня – калі няма спагнаньняў. У мяне спагнаньняў няма, і вось ужо цягам месяцу гэтае пытаньне вырашаецца ў Ветрынскай камэндатуры. Наколькі я ведаю, дакумэнты на маё ўмоўна-датэрміновае вызваленьне гатовыя, але загаду зь Менску няма”.

Нагадаем, што Павал Севярынец атрымаў 2 гады так званай “хіміі” за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў.
XS
SM
MD
LG