Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прыклівым кантрастам да сапраўднасьці гучаць ягоныя вымушаныя хваласьпевы сваім панявольнікам” (1956)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларускія газэты 15 жніўня ў розныя гады.

* “Звязда”, 1926 год:

“У кіно “Пралетарый” адбыўся грамадзкі прагляд атрыманай Наркамздравам санасьветніцкай фільмы “Алькаголь, праца і здароўе” вытворчасьці “Міжрабпрам-Русь”. У аснову фільма пакладзены здымкі з навуковых вопытаў і наглядна выразна малюючых гледачу ўсю шкоду, якую алькаголь робіць арганізму. Асабліва цікава пастаўлены вопыты з узьдзеяньнем алькаголю на ізаляванае сэрца чалавека. Шэраг цікавых здымкаў паказваюць уплыў алькаголю на вытворчасьць працы. Гэтая вельмі карысная карціна вызначаецца вялікай годнасьцю: па-першае, яна цікавая, а па-другое – вельмі папулярная”.

“Бацькаўшчына”, 1956 год. Сяргей Ясень піша з нагоды сьмерці Якуба Коласа:

“На 74-м годзе, змучаны жыцьцём, Сымон Музыка памёр. Прыклівым кантрастам да сапраўднасьці гучаць ягоныя вымушаныя хваласьпевы сваім панявольнікам. Але вечна будуць жыць ягоныя праўдзівыя мастацкія творы, якія ён пакінуў у спадчыну нашай літаратуры, усьпеўшы напісаць іх перад змрочнаю эпохаю паліцыйнага “соц-рэалізму”.

“Ніва”, 1966 год. Падаюцца спрэчныя роздумы Сакрата Яновіча:

“Ва ўсіх формулах паняцця нацыі амаль як правіла на першым месцы ставіцца супольнасць мовы. Гэты прынцып мовы ў дачыненні да беларускай нацыянальнасці немагчыма прымяняць. У сучасны момант беларусы знаходзяцца ў стане распаду на тры моўныя стыхіі: рускую, беларускую і, часткова, польскую. Гэтыя стыхіі ўз’яднаны аднак беларускім нацыянальным пачуццём, што з’яўляецца ніжэйшай формай быту нацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG