Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бычках на Вушаччыне распачынаецца другі Быкаўскі пленэр


Радыё Свабода Пленэр на малой радзіме Васіля Быкава будзе праходзіць з 15-га па 22-га жніўня. За гэты час ягоныя ўдзельнікі плянуюць папрацаваць і “ў гасьцёх” у Рыгора Барадуліна – наведаць ягоную сядзібу ў Вушачах, зрабіць замалёўкі мясцовых краявідаў, а таксама партрэтаў вядомага паэта.

Мастацкія пленэры, прысьвечаныя славутым землякам – ураджэнцам Віцебшчыны, амаль штолета ладзіць тутэйшае Грамадзкае культурна-асьветніцкае аб’яднаньне “Цэнтр імя Язэпа Драздовіча”. Так, мінулым годам мастакі ды літаратары зьбіраліся пад Воршай на пленэр, прысьвечаны Ўладзімеру Караткевічу. Сёлета яны зьбяруцца ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне. Вось што распавёў пра пляны ды ўдзельнікаў пленэру адзін з арганізатараў, Вадзім Баршчэўскі.

(Баршчэўскі: ) “Гэта пленэр, прысьвечаны Быкаву. Пленэр, які мы паабяцалі правесьці два гады таму: калі два гады таму мы праводзілі першы Быкаўскі пленэр, то вырашылі ўсе разам праводзіць яго раз на два гады. І вось у гэтым годзе будзем праводзіць Гэта будзе ў саміх Бычках – знойдзецца некалькі месцаў у хатах, астатнія будуць жыць у намётах. Акрамя мастакоў, збіраюцца прыехаць літаратары. Ну, усяго каля двух дзесяткаў – дакладна сказаць не магу, бо вось і ўчора яшчэ людзі тэлефанавалі, пыталіся: “А ці можна і нам?” Кожны “скідваецца” грашыма, на іх і будзем жыць”.

Аніякае фінансавае падтрымкі збоку пленэр сёлета ня мае. Старшыня “Цэнтру імя Язэпа Драздовіча” Ада Райчонак, якая жыве ў вёсцы Германавічы Шаркоўшчынскага раёну, абяцала прывезьці для ўдзельнікаў пленэру мех бульбы. Разам з Аленай, жонкай спадара Баршэўскага, яны будуць гаспадарыць на кухні, якую заўжды абсталёўваюць на адкрытым паветры. Сьняданкі, абеды й вячэры для ўдзельнікаў пленэру будуць супольныя, каб даць творцам болей часу для мастацкіх заняткаў. Тым больш, што іх, паводле Вадзіма Баршчэўскага, чакая яшчэ й адмысловая творчая вандроўка.

(Баршчэўскі: ) “Проста мы заадно вырашылі папрацаваць крышачку і ў Барадуліна, у ягонай сядзібе. Бычкі й Вушачы – гэта ж побач. Папрацаваць у Барадуліна вырашылі, бо яго ж вылучылі на Нобэлеўскую прэмію. Дык мы хочам намаляваць ягоныя партрэты ці, можа, і яшчэ што. Гэта ўжо мастакі будуць вырашаць. Ці касьцёл тамтэйшы можна памаляваць, ці царкву. Мы абавязкова прыедзем, каб дзень або нават два там папрацаваць”.

Па сканчэньні пленэру арганізатары мяркуюць зладзіць некалькі мастацкіх выставаў у розных гарадах беларусі . А самая першая экспазыцыя адкрыецца ўвечары 21-га жніўня ў вёсцы Бычкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG