Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 14 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне, з вамі ў “Начной аБЛОЗе” Севярын Квяткоўскі.

На форумах TUT.by абмяркоўваюць дамовы пра замірэньне на Блізкім Усходзе.

Карыстальнік форуму Berra іранізуе з інфармацыі пра тое, што арганізацыя “Хізбула”, якая вяла ваенныя дзеяньні супраць Ізраілю, павіншавала лібанцаў “зь перамогай”: “Яшчэ колькі такіх “перамог”, і Лібану наагул ня будзе на мапе. Ізраіль нанёс “Хізбуле” вельмі сур’ёзны ўдар. Прычым абмежаванымі сіламі за скрайне кароткі тэрмін. Ізраіль разьбіў пляны Сырыі на ўжываньне рэактыўных снарадаў у магчымым канфлікце. Ізраіль востра палепшыў сытуацыю на сваёй паўночнай мяжы, то бок дамогся асноўных мэтаў дадзенай кампаніі. Мы выйгралі па ачках, а значыць, байцы стараліся не дарма”.

Карыстальнік Валодзя3 супярэчыць: “Які там сур’ёзны ўдар – нават тысячу змагароў не “паклалі”. За вайну групоўка ўзмацнілася і давяла, што не дарма арабы давалі ёй грошы. А габрэі ня верылі, што могуць страціць сотню жаўнераў”.

Блогер Кацярынка разважае пра кінастудыю “Беларусьфільм” у сваім дзёньніку: “Беларускі фільм “Акупацыя. Містэрыі” Андрэя Кудзіненкі сабраў мноства прэмій на фэстах, але да пракату ва ўласнай краіне забаронены… Цяпер “Беларусьфільм” існуе за кошт дзяржбюджэту. Плюс сродкі, якія прыносіць здача ў арэнду павільёнаў расійскім здымачным групам. Расійскае кіно забясьпечвае, па розных ацэнках, ад 40 да 60 адсоткаў усіх прыбыткаў “Беларусьфільму”. Сьледчы Каменская і яе калегі ўжо чацьверты сэзон ловяць злачынцаў выключна на менскіх вуліцах. Тутака ж Тадароўскі зьняў “Палюбоўніка”, Астрахан – усе апошнія фільмы. У Беларусі здымалі таксама “Паляваньне на піраньню” і новую расейскую моладзевую камэдыю “Клюб”.

На сайце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат” зьявілася электронная вэрсія кнігі “Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму”. Сярод аўтараў Віталь Сіліцкі, Алесь Зелімханаў, Юрась Чавусаў ды іншыя. У прадмове Віталь Сіліцкі піша: “Кароткая і драматычная гісторыя беларускага парлямэнтарызму шмат у чым адлюстроўвае ўсю найноўшую палітычную гісторыю Беларусі. Парлямэнт – гэта ключавы, хаця і не адзіны, элемэнт палітычнага плюралізму і, пры адпаведным яго разьвіцьці, дэмакратыі”.

Ці можа вядзеньне дзёньніка ў Інтэрнэце паўплываць на шлюб людзей? Высьветлілася, што можа. Літаратарка Марыйка Мартысевіч у сваім дзёньніку апавядае пра знаёмцаў, якія выступаюць у Інтэрнэце пад нікамі tacia i p_v: “Спачатку твая сяброўка фрэндзіць хлопца. Праз два гады яна запрашае цябе быць дружкай на іх вясельлі, і ўвечары таго ж дня цябе фрэндзіць дружка жаніха”.

“Фрэндзіць” – значыць дадаваць кагосьці ў інтэрнэт-дзёньніку ў сьпіс сяброў, пасьля гэтага допісы можна праглядаць на адмысловай інтэрнэт-стужцы, дзе аўтаматычна зьмяшчаюцца допісы сяброў-“фрэндоў”.

Марыйка Мартысевіч працягвае пра вясельле: “Заканчваецца гэта ўсё вялізнай фрэндстужкаю ў форме літары П, застаўленай ежай і негрузінска-немалдоўскім пітвом, віншавальнымі тастамі на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах, камэнтамі на тры экраны ад бабулі Веры Фёдараўны і нават досыць прыкольным флэш-мобам “Горько!”, які выйшаўшыя нарэшце з фрэндзоны сарамлівыя жаніх зь нявестаю парываюцца заціраць і баніць. А напрыканцы замест таго, каб падысьці і такі працягнуць бойку, пачатую падчас выкупу, сябры жаніха з надзеяй пытаюцца: “Ну ты ж пра мяне напішаш?” І ты разумееш, што біцца вы будзеце хіба што ў Інтэрнэце”.

А на сайце Тузін Гітоў апавядаецца пра тое, што гурт “Нагуаль”, якія грае музыку ў стылі псыха-фольк, піша новы альбом на хутары на поўначы Беларусі. А канкрэтна – у будынку лазьні. “Я лічу, што якасьць запісу – гэта вельмі адносна, – тлумачыць удзельнік гурту Лёня Паўлёнак. – Увогуле, у нас у лазьні вельмі добрыя драўляныя сьцены. Але ж мы тут ня толькі музыкай займаемся. Ёсьць жа лес, ёсьць грыбы. Учора па мёд лазіў да пчолаў”. А паслухаць “Нагуаль” у фармаце МР3 можна на сайце гурту.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG