Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску на Вайсковых могілках ушанавалі памяць Якуба Коласа (фота)


Ганна Соўсь, Менск 13 жніўня споўнілася 50 гадоў, як ня стала Якуба Коласа. Сёньня на менскіх Вайсковых могілках адбылася ўрачыстая цырымонія. Памяць песьняра прыйшлі ўшанаваць блізу паўсотні чалавек – нашчадкі Коласа, супрацоўнікі Коласавага музэю, прадстаўнікі менскай інтэлігенцыі, прыхільнікі творчасьці народнага паэта Беларусі.

Сёньня на Вайсковых могілках гучалі вершы Якуба Коласа, урыўкі зь ягоных лістоў, а таксама радкі, прысьвечаныя народнаму паэту Беларусі. Людзі ўскладалі да магілы кветкі, у тым ліку й бела-чырвона-белыя букеты.

Арганізатарам шанавальнай цырымоніі стаў музэй Якуба Коласа. Гаворыць яго кіраўніца Зінаіда Камароўская:

(Камароўская: ) “13 жніўня 1956 году ў панядзелак у 13.20 ня стала Якуба Коласа. Гэта было вялікай скрухай для ўсяго беларускага народу. І скруха тая й праз 50 гадоў не сышла з нашых сэрцаў. Але спадчына, якую пакінуў нам, нашчадкам, Якуб Колас, застанецца актуальнай на ўсе вякі”.

Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч у сваёй прамове зьвярнуў увагу на тое, што ягоны бацька ў апошнія гады жыцьця пачуваўся вельмі самотным.

(Міцкевіч: ) “Страціўшы сына, страціўшы жонку, нягледзячы на ўсе клопаты, якія мы, сыны, і нашыя жонкі маглі аддаць, ён адчуваў сябе вельмі адзінокім. І гэтая адзінота відаць у шэрагу лістоў. Я вам прачытаю адзін зь лістоў: “Дарагі мой сынок Міхасёк! Застаўся я адзін. Самапачуваньне маё ня надта цікавае...”

Сёньня ля магілы Песьняра дырэктар Літфонду Вячаслаў Корбут прыгадваў пра апошні ліст Якуба Коласа, прысьвечаны стану беларускай мовы, які той у дзень сьмерці вазіў у Цэнтральны камітэт кампартыі Беларусі.

(Корбут: ) “Я думаю: у той момант, калі ён адчуў, што прыходзіць апошняя хвіліна, дык убачыў Беларусь безь беларускай мовы, безь беларускай літаратуры, і яму стала яшчэ горш. Можа, гэта стала ў нейкай ступені й прычынай ягонай сьмерці. Небясьпека, якая вісела над нашай літаратурай, была вельмі страшная. І, дзякуючы духу Коласа й ягоным творам, беларуская літаратура выжыла”.

“Творчасьць Якуба Коласа натхняла й надалей будзе натхняць нашых мастакоў”, – падкрэсьліваў у сваім выступе старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Ўладзімер Басалыга.

(Басалыга: ) “Нават калі не чытаеш, а думаеш, разважаеш, – ён тут, недзе побач, пад сэрцам. Можа, глыбей, чым пад сэрцам. Ён – жыве. І, безумоўна, тым, хто рупіцца пра Беларусь, бяз гэтай постаці ніякая руплівасьць не дае вынікаў. Жыве Колас, жывуць ягоныя творы, жывыя ягоная душа й ягоны вобраз”.

Сярод тых, хто прыйшоў сёньня ўшанаваць памяць пісьменьніка, быў і выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч.

(Ляўковіч: ) “Якуб Колас – гэта яшчэ й выбітны грамадзкі дзяяч. У 1905 годзе Сацыялістычная Грамада першай з партый упершыню ў праграме напісала пра незалежную дэмакратычную рэспубліку як мэту. І сацыяліст Якуб Колас адстойваў гэтую ідэю незалежнасьці”.

На завяршэньне памінальнай цырымоніі частка прысутных пачала сьпяваць “Магутны Божа”. Пад гукі гэтай песьні мой суразмоўца, мастак Мікола Купава, гаворыць слова памяці да Творцы.

(Купава: ) “Якуб Колас займае месца вельмі трывалае. Можна сказаць – самае трывалае. Як тытан нашага духу, як неад’емная частка штодзённых клопатаў, побыту. Гэта нашая спрадвечная літаратура”.

Міхась Міцкевіч чытае бацькаў ліст

Людзі прыйшлі ўшанаваць памяць Песьняра

Уладзімер Басалыга, Мікола Купава і Анатоль Бутэвіч ідуць да магілы Якуба Коласа

Нашчадкі Коласа на чале памінальнай калёны

Людзі ўскладаюць кветкі да магілы народнага паэта

Ля магілы Якуба Коласа
XS
SM
MD
LG