Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае Беларусь, калі расейскі газ давядзецца купляць па 90–95 даляраў?


Радыё Свабода Міністэрства эканамічнага разьвіцьця й гандлю Расеі абнародавала плян сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на 2007 год. У гэтым дакумэнце павелічэньне кошту газу для Беларусі прагназуецца ў паўтара-два разы, што складзе прыкладна 90–95 даляраў за тысячу кубамэтраў. Што чакае беларускую эканоміку ў тым выпадку, калі названыя лічбы з разраду прагнозных пяройдуць у рэальныя?

Кіраўнік цэнтру Мізэсу Яраслаў Раманчук гаворыць, што прыгаданыя лічбы, хаця яны й зьявіліся ў афіцыйным дакумэнце, пакуль нельга лічыць канчатковымі. На ягоную думку, шмат што яшчэ будзе залежаць ад таго, хто й на якіх умовах будзе валодаць “Белтрансгазам”, а таксама ад таго, ці змогуць Беларусь і Ўкраіна скаардынаваць свае дзеяньні й дамагчыся падвышэньня цаны транзыту за расейскі газ, які ідзе праз тэрыторыі гэтых краін на Захад.

Таму спадар Раманчук мяркуе, што канчатковая цана для Беларусі будзе ўсё ж большай. Аднак і названыя кошты адмоўна паўплываюць на беларускую эканоміку, асабліва бліжэй да канца наступнага году:

(Раманчук: ) “95 даляраў – гэта цана, якая не прывядзе да аднаразовага шокавага эфэкту. Але гэтая цана паскорыць працэс акумуляцыі пазык, змусіць Міністэрства фінансаў Беларусі “перакроіць” бюджэт у бок падвышэньня датацый жыльлёва-камунальнаму сэктару альбо павялічыць тарыфы на паслугі. Сярэднія й малыя прадпрыемствы, асабліва – у рэгіёнах, таксама будуць выступаць больш інтэнсіўна за датацыі. І калі ўрад ня пойдзе на рэформы, дык напрыканцы 2007 году адбудзецца значнае павышэньне пазык у форме нявыплачаных заробкаў, а таксама ўзьнікнуць праблемы зь фінансаваньнем бюджэтаў мясцовага ўзроўню”.

Яшчэ адзін вядомы беларускі эканаміст, Леанід Злотнікаў, цьвердзіць, што прыгаданыя цэны перадусім прывядуць да росту сабекошту беларускай прадукцыі:

(Злотнікаў: ) “Паспрабую зараз падлічыць. Рост сабекошту прыкладна на 8–10%. Гэта пакуль не аналіз, а першая ацэнка”.

(Карэспандэнт: ) “А што рэальна стаіць за гэтымі лічбамі?”

(Злотнікаў: ) “Рэальна гэта азначае, што мэталюргія альбо хімія страцяць частку сваёй канкурэнтаздольнасьці на рынку. Гэта нэгатыўна паўплывае й на ўзровень жыцьця. Але не нашмат – на 7–8%”.

Паводле расейскіх разьлікаў, паліўны рынак Беларусі на 94% залежыць ад імпарту з Расеі. Кампанія “Газпром” сёлета ўжо некалькі разоў заяўляла, што цэны на газ для Беларусі ўздымуцца да 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Перамовы “Газпрому” і ўраду Беларусі на гэты конт працягваюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG