Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 11 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне! З вамі ў “Начной аблозе” Севярын Квяткоўскі.

На беларускіх і ізраільскіх форумах абмяркоўваюць сьмерць жаўнераў ізраільскага войска, якія загінулі ў памылковым баі са сваімі суслужыўцамі. Сярод тых, хто загінуў, ураджэнец Гомелю Ігар Кавалік. 26-гадовы Ігар Кавалік у Беларусі служыў у дэсантных войсках, а ў Ізраілі – таксама ў элітным вайсковым падразьдзяленьні. Водгук наведніка форумаў TUT.by. Карыстальнік Еререр адлюстроўвае агульны настрой: “Пра гэта?.. І што сказаць?.. Што гэта, на жаль, бывае на вайне? Ува ўсіх...”

На сайце За свабоду можна пабачыць зборнік “Кансьпіратар беларускі” і дазнацца пра такія рэчы, як:

1.

АБАРОНА НОСЬБІТАЎ ІНФАРМАЦЫІ І СРОДКАЎ КАМУНІКАЦЫЯЎ 2.

ВЫКЛІКІ І СЬЛЕДЗТВА 3.

БЯСЬПЕКА ПАМЯШКАНЬНЯ 4.

АБМЕЖАВАНЬНЕ ВОЛІ І ЗАТРЫМАНЬНЕ 5.

ПРАВАКАЦЫІ

Стваральнікі старонкі адзначаюць: “У гэтым тэксьце зьвяртаем увагу ня толькі на асноўныя правілы бясьпекі і кансьпірацыі, але і на прававыя захады для абароны сваіх правоў і сваёй дзейнасьці – пакуль у нашай краіне захаваліся дэкаратыўныя прыкметы законнасьці. Але ня трэба забывацца, што ў палітычных справах закон у Беларусі больш ня дзейнічае – таму трэба ладзіць сваю дзейнасьць такім чынам, каб, па магчымасьці, ня трапіць у кіпцюры дзяржавы”. А таксама: “Гэты дапаможнік... можа быць скарыстаны падчас падрыхтоўкі і правядзеньня палітынфармацыяў, у выкладаньні дысцыпліны “Асновы ідэалёгіі Беларускай дзяржавы”.

Навіны ад беларускага каталіцага сайту Рыма-каталіцкі Касцёл на Беларусі:

“Правайдэр дадатковых паслугаў мабільнай сувязі “Стрымлайн” прапануе абанэнтам новыя сэрвісы ў паслугах SMS-ІНФА і MMS-ІНФА. Для карыстальнікаў цяпер даступныя сэрвісы, якія дазваляюць атрымліваць на мабільны тэлефон інфармацыю ў тэкставым выглядзе і графіку рэлігійнага зьместу. Паслуга SMS-ІНФА даступная для абанэнтаў VELCOM, МТС і DIALLOG. Для атрыманьня інфармацыі SMS-ІНФА неабходна адправіць SMS-запыт (лацініцай або кірыліцай) на нумар 511. Для таго, каб пазнаёміцца з каталіцкімі навінамі (паводле catholic.by), на нумар 511 неабходна адправіць запыт з тэкстам K NEWS або (кірыліцай) К НОВ. Адправіўшы запыт K DAY або (кірыліцай) К ДЕНЬ, можна атрымаць інфармацыю з каталіцкага календара на гэты дзень: сьвяты, успаміны сьвятых і г.д.”

Сайт незарэгістраванай арганізацыі Правы Альянс паведамляе: “24 жніўня адбудзецца адкрыцьцё фотавыставы “За свабоду й Незалежнасьць” – дакумэнтальнай фотакронікі падзеяў вясны 2006 г. Фотавыстава мае на мэце ўзнавіць падзеі вясны 2006 году зь яе насычанай выбарчай кампаніяй, выбарамі, Плошчай, акцыямі пратэсту. Выстава складзеная са здымкаў фатографаў і фотамастакоў, якія былі самімі ўдзельнікамі падзеяў: Вікторыі Баранавай, Івана Голуба, Макса Жарына, Марата Сетарова, Тацяны Гаўрыльчык, Юліі Дарашкевіч, Сяргея Коваса, Сяргея Серабра, Яўгена Законьнікава, Ігара Крашэўскага й інш.

У адкрыцьці выставы возьме ўдзел лідэр аб''яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, іншыя палітыкі. Пераможца фотаконкурсу “За свабоду” на сайце plenka.net атрымае каштоўныя ўзнагароды.

Ну а тыя, хто дагэтуль ня бачылі працягe культавага мультфільму “Шрэк” – “Шрэк-2”, павінны пазнаёміцца з анатацыяй да беларускага дубляжу у інтэрнэт-дзёньніку Кастуся Козела:

“У беларускім дубляжы мультфільму прымалі ўдзел вядомыя акторы, рок-музыкі, журналісты, якія па-свойму пераасэнсавалі фільм, і Шрэк нібы перанёсься ў беларускую рэчаіснасьць. Галоўныя героі мультфільму загаварылі пра хакей, кантрактную сыстэму, кавярні “Грунвальд” і “Хутка-смачна”, фабрыку “Камунарку”, тэлеперадачу “Панарама” і шмат іншых да болю блізкіх беларусам рэчаў”.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG