Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёндан: тэрарысты плянавалі зрабіць бомбы ў самалётах


Аляксей Дзікавіцкі, Прага У сувязі з антытэрарыстычнай апэрацыяй у Лёндане зноў актыўна абмяркоўваецца пытаньне, як магчыма выявіць выбуховыя рэчывы ці матэрыялы, зь якіх яны могуць быць зробленыя ўжо ў самалёце? Ці вядома, пры дапамозе чаго арыштаваныя ў Лёндане тэрарысты меліся падарваць самалёты?

Паводле папярэдніх зьвестак, тэрарысты хутчэй за ўсё абралі піраксыд у якасьці сваёй галоўнай зброі – гэтае рэчыва можна лёгка набыць, і яно вельмі выбухованебясьпечнае. Піраксыд – гэта найчасьцей белы парашок з моцным пахам, падобным да паху паліва. Ён можа выбухнуць ад кантакту з агнём, ад электрычнага разраду і можа быць выкарыстаны для стварэньня простага дэтанатара.

Прадстаўнікі амэрыканскіх спэцслужбаў кажуць, што падазраваныя хацелі пранесьці часткі, неабходныя, каб сабраць бомбу, у розных бутэльках ад напояў, у электрычных прыладах ды іншых “звычайных рэчах”.

Адметна, што тэрарысты ўжо неаднойчы ўжывалі піраксыд у часе замахаў. Між тым, паводле сёньняшняй інфармацыі тэлеканалу Сі-Эн-Эн, у Лёндане замахоўцы меліся зрабіць бомбы з ангельскага энэргетычнага напою, які плянавалася зьмяшаць з гелем, што ўтрымлівае перакіс, а ў якасьці запальніка выкарыстаць MP3-плэер ці мабільны тэлефон. Адмыслоўцы пацьвердзілі, што гэта было цалкам магчыма. Моцная зброя – нітрагліцэрына, якой дастаткова 150 грамаў, каб зьнішчыць самалёт.

Натуральна, што гэтыя рэчывы можна лёгка схаваць, прыкладам, у бутэлечках для лекаў.

Ці могуць прыстасаваньні для выкрыцьця мэталаў і прасьветліваньня багажу, што стаяць на лётнішчах, выявіць такія рэчывы? Адмыслоўцы кажуць, што ў прынцыпе могуць, але цяпер гэтыя прыстасаваньні іначай настроеныя – вытворцы павінны перастроіць іх так, каб яны выяўлялі менавіта тыя рэчывы, якія могуць быць выкарыстаныя для стварэньня выбухоўкі. На гэта спатрэбіцца прыкладна месяц, а да гэтага часу ў самалёты нельга будзе ўносіць ніякіх упаковак зь лекамі, вадкасьцямі, крэмамі, ніякіх ноўтбукаў, СD- і MP3-плэераў, нельга будзе ўносіць нават набытага ўжо на лётнішчы алькаголю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG