Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца Ўправы адукацыі Бабруйску: “А.Чыгір сам вырашыў свой лёс”


Галіна Абакунчык, Менск Дэпутату Бабруйскага гарсавету Алесю Чыгіру адмовілі ў падаўжэньні працоўнага кантракту. Цягам 13 гадоў спадар Чыгір працаваў настаўнікам гісторыі ў школе №8. Пра скасаваньне працоўных адносінаў яму паведамілі за тры тыдні да пачатку новага навучальнага году. Кіраўніцтва Ўправы адукацыі Бабруйску тлумачыць звальненьне тым, што Алесь Чыгір парушыў працоўную дысцыпліну. У настаўніцкім калектыве да Алеся Чыгіра ніякіх вінавачаньняў не выстаўляюць.

Распараджэньне пра спыненьне працоўных адносінаў у зьвязку з завяршэньнем кантракту падпісала кіраўніца гарадзкой Управы адукацыі Бабруйску Людміла Савосьціна. Вось як у інтэрвію Радыё Свабода яна пракамэнтавала сваё рашэньне:

(Савосьціна: ) “У адпаведнасьці з працоўным заканадаўствам, я – наймальнік – зь ім кантракту падаўжаць ня буду. Бо ў яго ў сакавіку былі прагулы, і я хацела звольніць яго яшчэ ў сакавіку. Але прафкам ня даў згоды”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці былі ў яго яшчэ нейкія дысцыплінарныя спагнаньні?”

(Савосьціна: ) “Былі водгукі пра тое, што ён – настаўнік – патрапіў у міліцыю ў Горадні. Я тады яго таксама запрашала. І таксама казала, што гэта не да твару: ува ўсіх газэтах рэспубліканскіх прагучала прозьвішча. А прагул ёсьць прагул. Папярэджваў жа дырэктар школы, што ўсе настаўнікі мусяць заставацца на працоўных месцах. Але Чыгір сказаў, што ў яго – свае пляны, і ніякіх апраўдальных дакумэнтаў не прапанаваў”.

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі вы задаволены настаўніцкай працай Алеся Чыгіра?”

(Савосьціна: ) “Я ня ведаю. Калі буду ведаць, як кожны настаўнік працуе…”

(Карэспандэнтка: ) “Але вы рашаеце ягоны лёс, і гэта вельмі важна”.

(Савосьціна: ) “Ён, па-мойму, сам вырашыў свой лёс”.

(Карэспандэнтка: ) “Якім чынам?”

(Савосьціна: ) “Якім чынам? Трэба прыходзіць на працу, а не прагульваць. І трэба ні ў якія бойкі ня ўлазіць – зь міліцыяй”.

Дырэктар школы №8 і ягоныя намесьнікі ад камэнтароў адмаўляюцца. Настаўнікі ж у прыватнай гутарцы выказваюць шкадаваньне й словы падтрымкі на адрас Алеся Чыгіра.

Алесь Чыгір – актывіст грамадзкага руху Бабруйску. З 1996 году ён зьяўляецца адным зь лідэраў грамадзкай арганізацыі “Свая справа”, падтрымлівае дзейнасьць палітычных партыяў. У 2002 годзе быў абраны дэпутатам Бабруйскага гарсавету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG