Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 10 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне, з вамі ў “Начной аблозе” Севярын Квяткоўскі.

Жыхар Ізраілю, які называе сябе ў сеціве The Endik (ад ангельскага слова end – канец) выстаўляе фатаздымкі з вайны між Ізраілем і ісламскай групоўкай “Хізбула”, а таксама дзеліцца ўражаньнямі ад убачанага ў зоне ваенных дзеяньняў у сваім блогу. The Endik піша па-беларуску сярод іншага наступнае: “Сёньня амаль увесь дзень у Хайфе мяне не было, але сачыў па тэлебачаньні. Трэ сказаць, нашмат больш жахліва. Калі сырэна гучыць, мае месца выкід адрэналіну, няма часу палохацца, можа таму. Калі ж глядзеў на ўсё гэта збоку, праз тэлевізар, было, аднак, боязна. Адначасова ня мог ніяк зразумець, як за некалькі дзён гэты горад зрабіўся лініяй фронту. Калі б сказаць каму колькі тыдняў таму, што на Хайфу будуць ракеты дзясяткамі падаць, нават самы вялікі пэсыміст не паверыў бы. Такі ён, Блізкі Ўсход, страшэнны і незразумелы”.

Блогер Аляксандар Брэчак на партале Тэлеграф разважае пра “сацыялізм сучаснага белаhускага кшталту”:

“Хто ў нас у Беларусі ня ведае, што сацыялізм – гэта добра? Ёсьць і “дэмакратычныя” выбары, і ў супэрмаркеце джынсы можна набыць, і летам зьезьдзіць у Гурзуф на пару тыдняў. А самае галоўнае – праца ёсьць амаль для кожнага, хай сабе і кепска аплатная. Паспрабуй цяпер пераканаць грамадзтва, некалькі пакаленьняў якога вырасла ў падобных умовах, што адсутнасьць свабодаў і прыватнай уласнасьці – гэта такая разбуральная сіла, у параўнаньні зь ёй усе перавагі сацыялізму – мыліцы для бязногага. Прыватнай уласнасьці няма, а ўвесь горад, як высьветлілася, належыць граданачальніку”.

Блогер Ідрыдзэ зьвяртаецца ў сваім дзёньніку да расейскіх турыстаў, якія пэрыядычна дзеляцца сваімі ўражаньнямі ад Беларусі ў блогах: “За адну турпаездку з аднолькавай верагоднасьцю можна знайсьці і кучу лайна, і кучу прыгожых мясьцін. Можна скардзіцца на адсутнасьць “свабоды”, а можна радавацца нясьпешнасьці тутэйшага жыцьця і чысьціні вуліц – гэта ўжо хто на што вучыўся. Можна рагатаць з нашай мовы, а можна для пачатку паспрабаваць пачытаць Караткевіча... Прыехалі, пазабаўляліся, грошы свае пакінулі, напіліся з намі да божай плешы – але рабіць глыбокія высновы засьцеражыцеся і “бацьку” ў свае прэзыдэнты прадказваць засьцеражыцеся: зь беларускай гарэлкі яшчэ і ня тое можа прытрызьніцца”.

У беларускім он-лайн часопісе юрыстаў і палітолягаў “Праўнік” аўтар пад нікам Канстытут іранізуе зь беларускага заканадаўства і прапануе сваю – альтэрнатыўную – канстытуцыю РБ. Сярод іншага аўтар прапануе такія пункты:

“2. Селектарнае Савешчаніе Рыспублікі — апрэдзіленіе обшчых напраўленій развіція, прымернае наказаніе чыноўнікаў, глаўнае целешоу с элементамі паўнаграфіі;

2.1. Нацыанальная Сходка Рыспублікі — сходка даверанных Прэзідзенту людзей для адабрэнія Мненія і Парадка, устаноўленава Прэзідзентам. Састаіт із 2 Палат (мед.): ніжняй Палаты прэдставіцелей Прэзідзента — із народа, і верхняй Савета Рыспублікі — із крэпкіх хазяйсцвеннікаў…”

На форумах TUT.by абмяркоўваюць інфармацыю пра акцыю ДАІ “стань больш заўважным”. ДАІ адзначае, што пешаходы і раварысты мусяць пазначаць сябе адмысловымі элемэнтамі, якія адлюстроўваюць сьвятло. Карыстальнік vai камэнтуе: “Лепш бы ДАІ зьвярнула ўвагу на тое, калі ў Менску сьвятло на вуліцах запальваюць – калі зусім цямнее. А пра вёскі і ўвогуле гаварыць няма чаго”. Ну а тыя, хто з ДАІ не спрачаецца, можа паслухаць гімн Дарожнай аўтаінспэкцыі, які ў фармаце МР3 можна спампаваць на сайце Міністэрства ўнутраных справаў.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG