Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З турмы на Акрэсьціна выйшаў грамадзянін Расеі Мікалай Збарашэнка


Радыё Свабода, Менск Сёньня а 17-й гадзіне вызвалены зь менскага спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна актывіст моладзевага руху “Абарона”, грамадзянін Расеі Мікалай Збарашэнка. Яго вызвалілі апошняга з арыштаваных удзельнікаў пікетаваньня расейскай амбасады 22 ліпеня ў Менску.

Ля спэцпрымальніка Мікалая Збарашэнку сустракалі зь бел-чырвона-белым букетам моладзевая актывістка Крысьціна Шацікава і сябра Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў. Мікалай Збарашэнка сказаў, што адчувае сябе нармальна, хаця зраніцы ў спэцпрымальніку яго не кармілі.

(Збарашэнка: ) “Ведалі, што едзем не на курорт. Усё гэта было сьвядома. Мы вярталіся ў Беларусь, усьведамляючы, што нас чакае. Мы сябе ня лічым ахвярамі – ні я, ні Кацярына Вінакурава. Я хачу зьвярнуць увагу, што ў спэцпрымальніку многа людзей, якія чакаюць дэпартацыі на сваю гістарычную радзіму. У нас на паверсе былі лібанцы і армянка. Іх там выкарыстоўваюць як бясплатную рабочую сілу”.

У турме на Акрэсьціна Мікалай Збарашэнка трымаў 6-дзённую галадоўку пратэсту супраць судовага выраку і спыніў яе з-за пагрозы шпіталізацыі.

(Збарашэнка: ) “Аргумэнты абсалютна не ўспрымаліся судом. Мне было адмоўлена ў прысутнасьці консула падчас судовага разбору. Я проста выказаў недавер беларускай судовай сыстэме. Плюс яшчэ пратэставаў супраць таго, што Кацярыне далі 10 сутак, бо гэта празьмерна жорсткае пакараньне для яе. На жаль, цягам найбліжэйшых пяці гадоў мне будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”.

Мікалай сказаў, што з консульства яму перадалі расейскую і беларускую прэсу, але больш расейская амбасада не праяўляла цікавасьці да яго лёсу. Адразу пасьля вызваленьня Мікалай Збарашэнка ў суправаджэньні супрацоўніка міграцыйнай службы накіраваўся на чыгуначны вакзал, адкуль быў дэпартаваны ў Расею.
XS
SM
MD
LG