Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская паліцыя прадухіліла шэраг тэрактаў, арыштаваны 21 чалавек


Аляксей Дзікавіцкі, Прага У Вялікай Брытаніі раскрыта тэрарыстычная змова, мэта якой – падарваць самалёты на лініі Вялікая Брытанія – ЗША. Паводле паліцыі, тэрарысты плянавалі пранесьці выбухоўку ў ручным багажы – арыштаваны 21 чалавек, на брытанскіх лётнішчах пачалася паніка.

Брытанскія ўлады ня маюць сумненьняў – пасьля некалькіх месяцаў апэратыўных дзеяньняў спэцслужбы змаглі прадухіліць добра сплянаваны тэрарыстычны замах. Міністар унутраных справаў Вялікай Брытаніі Джон Рэйд заявіў, што на лётнішчах краіны службы бясьпекі падвысілі ступень пагрозы ад “сур’ёзнай” да “крытычнай”, што, паводле інтэрнэт-старонкі брытанскіх спэцслужбаў МІ5, азначае, што напад чакаецца ў хуткім часе:

(Рэйд: ) “Паліцыя пры поўным веданьні міністраў правяла буйную апэрацыю супраць тэрарыстаў, каб зьнішчыць тое, што мы лічым галоўнай пагрозай Вялікай Брытаніі і нашым замежным партнэрам”.

Паліцыя паведамляе, што арыштаваны 21 чалавек у Лёндане і што прычынаю падвышэньня ўзроўню пагрозы – магчымасьць існаваньня ў тэрарыстаў запаснога пляну, пра які паліцыянты пакуль што ня ведаюць.

Паводле Джона Рэйда, брытанскія спэцслужбы лічаць, што тэрарысты мелі намер узарваць адразу некалькі самалётаў, калі тыя падымуцца ў паветра – Бі-Бі-Сі паведамляе, што такіх самалётаў мела быць 10, а тэлеканал “Sky News” паведамляе пра пагрозу для 20 самалётаў. Брытанскі міністар заявіў, што калі б тэрарыстам удалося ўчыніць тое, што яны заплянавалі, дык “колькасьць ахвяраў была б беспрэцэдэнтная”.

13 месяцаў таму ісламскія тэрарысты-самагубцы забілі 52 чалавекі ў лёнданскім грамадзкім транспарце.

Выступаючы ў часе гадавіны тых замахаў, кіраўнік лёнданскай паліцыі Іэн Блэр папярэджваў аб магчымасьці наступных тэрактаў.

(Блэр: ) “Я баюся, што спробы чарговых замахаў, напэўна, будуць і што некаторыя з гэтых замахаў усё ж удасца ўчыніць. Гэта новая рэальнасьць, у якой мы працуем”.

Між тым міністар транспарту Вялікай Брытаніі Дуглас Аляксандр падкрэсьліў, што сёньня на брытанскіх лётнішчах зробленыя ўсе неабходныя захады для бясьпекі.

(Аляксандр: ) “Усе лётнішчы Вялікай Брытаніі і ўсе авіялініі ў нашай паветранай прасторы і за мяжой папярэджаныя аб неабходнасьці выконваць найбольш строгія патрабаваньні бясьпекі. Гэтыя крокі зробленыя, каб забясьпечыць максымальна магчымы ўзровень бясьпекі на ўсіх рэйсах, так што людзі могуць не адмаўляцца ад заплянаваных падарожжаў”.

Сярод іншага ўсім пасажырам, якія вылятаюць цяпер з брытанскіх лётнішчаў, забаронена браць у самалёт ручны багаж, асабліва правяраюцца самалёты, якія накіроўваюцца ў ЗША.

Інфармацыя аб магчымых тэрарыстычных замахах выклікала паніку на брытанскіх лётнішчах. Паўсюль – ад будынках лётнішчаў да пунктаў адпраўленьня і на дарогах да аэрапортаў – доўгія чэргі. Найбуйнейшы аэрапорт “Гітраў” часова не прымае самалётаў.

Між тым паведамленьні зь Вялікай Брытаніі сталі прычынай падзеньня курсу брытанскага фунта на ўсясьветных біржах, на 3–5 працэнтаў патаньнелі таксама акцыі шэрагу авіякампаніяў (“British Airways”, “Lufthansa”) і турыстычных фірмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG