Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася онлайн-канфэрэнцыя зь Янкам Запруднікам


Радыё Свабода 9 жніўня вядомаму і актыўнаму дзеячу беларускай эміграцыі – доктару гісторыі, палітолягу, літаратару, публіцысту Янку Запрудніку спаўняецца 80 гадоў. Сёньня на інтэрнэт-старонцы "Свабоды" адбылася онлайн-канфэрэнцыя зь Янкам Запруднікам. Поўны тэкст канфэрэнцыі чытайце на старонцы форуму svaboda.org/forum --> http://svaboda.org/forum , праз СМС 391-22-24 альбо па тэлефоне 290-39-52.

Янка Запруднік нарадзіўся 9 жніўня 1926 г. у мястэчку Мір Наваградзкага павету. У 1942 – 1944 гг. вучыўся ў прагімназіі й гандлёвай школе ў Баранавічах. Зь лета 1944 г. на эміграцыі. Браў удзел у беларускім скаўцкім руху. У 1948 – 1950 г. працаваў на шахтах у Вялікай Брытаніі. Скончыў гістарычны факультэт Лювэнскага ўнівэрсытэту (Бэльгія, 1954), працаваў рэдактарам беларускай службы радыё "Свабода". З 1957 г. у ЗША. Абараніў у Калюмбійскім унівэрсытэце (Нью-Ёрк) доктарскую дысэртацыю "Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай думе. 1906 – 1917" (1969). Працаваў у нью-ёрскім аддзеле радыё "Свабода" (1970 – 1991). Рэдагаваў газэту "Беларус". Аўтар кніг "Belarus: At a Crossroads in History" ("Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях") і "Historical Dictionary of Belarus" ("Гістарычны слоўнік Беларусі").

Янка Запруднік уваходзіць у прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у склад Беларуска- амэрыканскага задзіночаньня, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, фонду імя П.Крэчаўскага, зьяўляецца сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Асацыяцыі амэрыканскіх славістаў, Украінскай акадэміі навук у Нью-Ёрку.

Пра свае гады ён гаворыць гэтак: "За сталом у кампаніі я сказаў: “Да васьмідзесяці – дарога пад гару, а пасьля васьмідзесяці – дарога з гары”. А нехта збоку паправіў: “Пасьля васьмідзесяці – плято, раўніна”. І сапраўды, бачу перад сабой раўніну. Цікава, якая будзе адлегласьць, пакуль дарога пойдзе з гары".
XS
SM
MD
LG