Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Вячорка даслаў адказы на пытаньні ўдзельнікаў онлайн-канфэрэнцыі


Радыё Свабода Вінцук Вячорка дадаткова адказаў на пытаньні наведнікаў нашага сайта, якія былі зададзеныя яму падчас онлайн-канфэрэнцыі 13 чэрвеня і на якія ён не пасьпеў адказаць з-за іхнай вялікай колькасьці ды недахопу часу. Тэкст папярэдніх адказаў чытайце на Поўны тэкст онлайн-канфэрэнцыі зь Вінцуком Вячоркам --> http://archive.svaboda.org/forum/forum.aspx?ForumID=39&y=2006 .

13/06/2006 01:34 Дзень добры. чаму амаль усе прадстаўнiкi БНФ дрэнна гавораць пра прадстаўнiкоў сэкс мяньшынстваў? хацеў бы паслухаць адказ, у якiм ня будзе зносак на бiблію, бога i іншы маразм.

Ня чуў выказваньняў ад імя БНФ наконт прадстаўнікоў сэкс-мяншыняў. Магчыма, хтосьці дзесьці выказваўся ў асабістай якасьці, а не як прадстаўнік партыі. У нашай партыйнай праграме мы не вылучаем гэтыя мяншыні як асобную электаральную групу й разглядаем усіх людзей як роўных грамадзянаў Рэспублікі Беларусі з правамі й абавязкамі.

Шкада, калі чалавек называе “маразмам” асновы нашае цывілізацыі.

13/06/2006 05:05 1. АГЛ: "Беларусь – красивая самодостаточная страна, поэтому входить в состав России ей не нужно"( http://vz.ru/politics/2006/6/9/36864.html ) Я никогда не верил Лу и потому считаю, что этот гэбист по-прежнему работает на Москву, а она, разрабатывая лапшанаушительские пиары, работает на него с единственной целью завладеть нашай краинай. На сколько искренен, по вашему мнению, АГЛ – единственный защитник незалежнасьці Беларусі? 2. Почему развалился тот старый БНФ?

1. Я мяркую, ён надалей спадзяецца на пазьнейшую кар’еру ў “саюзнай” (расейскай) палітычнай прасторы, і Беларусь яму патрэбная як пляцдарм. Інакш не было б палітыкі татальнага вынішчэньня ўсяго беларускага. А без нацыянальнай сьведамасьці незалежнасьць не абараніць. 2. БНФ у 1999 годзе набыў новую якасьць – сучаснае дынамічнае палітычнае сілы.

13/06/2006 09:37 Дзень добры, спадар Вячорка! Маю да Вас наступныя пытаньні. Якой грамадзкай дзейнасьцю займаецца БНФ зараз (акрамя палітычнай дзейнасьці ў кааліцыі)? Вось, скажам, ліквідуецца Саюз беларускіх пісьменьнікаў, ці праводзіцца варварская "рэстаўрацыя" Горадні. Гэта ж абсурдныя зьявы, якія не магчымы ў іншых краінах. Чаму б Вам не ўзьнімаць грамадзкасьць для вырашэньня гэтых задач? І яшчэ наконт дзейнасьці кааліцыі: Вам не падаецца, што кааліцыя у інфармацыйным сэнсе пакуль працуе слаба? Няма нейкага адзінага маштабнага інтэрнэт-парталу, ніякіх новых падыходаў у распаўсюдзе інфармацыі, толькі стандартныя ўлёткі ды налепкі, значыкі і тое не заўсёды бываюць. Дзякуй за адказы.

Пытаньне слушнае. Ясна, што ўзімку й увесну мы сканцэнтраваліся на кампаніі. Але без каштоўнасьцяў у душы, без нацыянальнае сьведамасьці ня будзе перамогі. Пагатоў першы публічны пратэст у 1984 годзе мы ладзілі супраць зносу будынку першай беларускай опэры. Калі ўціскаюць арганізацыю, важна таксама, каб ініцыятыва пратэсту зыходзіла ад саміх аб’ектаў уціску. Што да інфармацыі, стараемся. Калі можаце, дапамажыце.

13/06/2006 10:14 Што думаеце пра Лябедзьку і АГП? Зьяўляецца адчуваньне, што яны не задаволены Мілінкевічам і хочуць разваліць кааліцыю. Гэта сапраўды так?

Я ўпэўнены, што ўсе адказныя палітычныя сілы, якім дарагая свабодная Беларусь, а ня ўласная амбіцыя ды кар’ера, абавязкова будуць разам.

13/06/2006 10:56 Добры дзень. Чаму вашая частка ГА БНФ дагэтуль не перарэгістравала сымболіку БНФ (сьцяг)? У чым прычына такой сытуацыі? Якія захады робяцца для выпраўленьня гэтага становішча? Якая адказная асоба з ГА БНФ павінна была займацца перарэгістрацыяй сымболікі?

Якая “частка”? ГА БНФ “Адраджэньне” адно й адзінае. Ужо даўно нічыю сымболіку не рэгіструюць.

13/06/2006 11:05 Чаго дасягнула партыя БНФ за апошнія 5 год (лічым ад 9-га верасьня 2001) і што партыя зрабіла для а) павышэньня свайго аўтарытэту ў грамадзтве б) для паляпшэньня палітычнай сытуацыі на Беларусі?

Партыя збудавала (разам зь іншымі) дзеяздольную кааліцыю (ад “Пяцёркі Плюс” да Аб’яднаных дэмакратычных сілаў), якая стала суб’ектам рэальнай палітыкі й паказала сьвету, што Беларусь вартая быць незалежнаю дзяржаваю. Мы ад пачатку падтрымалі кандыдатуру А.Мілінкевіча ў якасьці альтэрнатывы А.Лукашэнку. У выніку цяперашнюю сытуацыю не параўнаць з тою, што была пасьля “выбараў” 2001 г.

13/06/2006 11:07 Спадар Вячорка. Вы, як вядома, разам зь Лябедзькам, Калякіным і інш. ЗАЎСЁДЫ прымалі ўдзел самі і заклікалі людзей удзельнічаць у НЕЗАКОННЫХ і НЕЛЕГІТЫМНЫХ кампаніях пасьля 1996 г: палаткавых "выбарах", мясцовых "выбарах", і самае галоўнае – у НЕЗАКОННЫМ і НЕЛЕГІТЫМНЫМ рэфэрэндуме 2004 г, які даў магчымасьць Лукашэнку "абрацца" на 3 тэрмін. Як вядома, любы ўдзел у тым рэфэрэндуме быў незаконным (таму што сам ён быў незаконным, і Вы гэта таксама прызналі), і НІЧОГА не даваў (і ня даў) прыхільнікам пераменаў, а толькі стварыў патрэбную Лукашэнку яўку выбаршчыкаў. Дык што ж гэта за дзейнасьць ваша такая, каторая ЗАЎСЁДЫ спрыяе Лукашэнку? Гэтае пытаньне ня толькі Вам, а і ўсяму штабу Мілінкевіча: ЧАМУ ВЫ ЗАЎСЁДЫ РОБІЦЕ ТАК, ШТО ГЭТА СПРЫЯЕ ЛУКАШЭНКУ?

Па-першае, і я, і Партыя БНФ бралі самы чынны ўдзел у “Байкоце-2000”. Таму ня трэба пафасных абагульненьняў: розныя мэтады мы былі спрабавалі.

Па-другое, такія кампаніі даюць магчымасьць дайсьці да мільёнаў людзей. Мы добра скарысталі гэтую магчымасьць сёлета й перахапілі ініцыятыву; бяз гэтага не было б падзеяў сакавіка-красавіка, 30-працэнтнага рэйтынгу Мілінкевіча, дый дзесяцідзённай адсутнасьці Лукашэнкі на публіцы. Усё гэта – грунт для далейшае працы, падказка, што й як рабіць.

Што ж да праблемы легітымнасьці, то вы, спадар, носіце з сабой лукашэнкаўскі пашпарт з лукашэнкаўскай сымболікай 1995 году; атрымліваеце заробак у лукашэнкаўскіх грашах з банку, дзе Пракаповіч, і г.д. Мы ня створым паралельнае грамадзтва. Трэба мяняць атмасфэру ў краіне. У 1990-м у выніку савецкіх выбараў паводле савецкага закону з савецкімі камісіямі ўзьнік парлямэнт з Фракцыяй БНФ, які пачаў новую беларускую гісторыю.

13/06/2006 11:14 Дабрыдзень. чаго, на ваш погляд, у першую чаргу не стае дэмакратычным сілам для перамогі? і як гэты вы плянуеце гэты недахоп ліквідаваць?

Каналаў дастаўкі праўдзівай інфармацыі да людзей не стае. Выправіць гэта можна ўласнаю працаю (улёткі, спэцвыпускі газэтаў; інтэрнэт), а таксама пры дапамозе радыё й тэлевізіі з-за межаў краіны.

13/06/2006 11:15 У 1999-м годзе вы тайна ад кіраўніцтва Фронту вялі перамовы ў Ракаўскім Бровары з прадстаўнікамі Лукашэнкі. Скажыце, калі ласка, хто яшчэ быў задзейнічаны ў гэтых перамовах і якія пытаньні абмяркоўваліся?

13/06/2006 11:22 Як вы ставіцеся да таго, што на сядзібе БНФ на Варвашэні, 8 свабодна распаўсюджваецца камуністычная газэта «Товарищ»? Да таго, што камуніст таварыш Калякін (старшыня штабу «дэмакратычнага кандыдата» Мілінкевіча) прысутнічаў на пахаваньні дыктатара Мілошавіча, дзе абдымаўся і цалаваўся з таварышам Зюганавым, які лаббіруе Лукашэнку ў Расеі?

13/06/2006 11:30 Раскажыце, калі ласка, гісторыю Сядзібы БНФ на Варвашэні, 8. Хто, калі і як дамогся гэтай будыніны ў цэнтры Менску і як так атрымалася, што пасьля расколу Фронта Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ не змагла ўвайсьці ў памяшканьне з-за таго, што ноччу памянялі замкі? Чаму прапанова КХП БНФ дзяліць памяшканьне напалам (там якраз 2 уваходы) была адкінутая – ці вы лічыце, што яны не маюць ніякіх правоў на гэтае памяшканьне? Vovan

Тры папярэднія пытаньні задаў нехта Vovan. Іх аб’ядноўвае адна рыса: у самім пытаньні закладзеная хлусьня.

Vovan, чаму б вам адразу не назваць мяне, скажам, людаедам? Варона каркнула – і апраўдвайся як хочаш. Таму й ня буду апускацца да вашага ўзроўню й пераконваць, што я не вярблюд.

13/06/2006 11:34 Усе палітычныя кампаніі БНФ пад кіраўніцтвам спадара Вячоркі, як вядома, прайграў: 2 прэзыдэнцкіх выбараў і г.д. Ці не пара рабіць працу над памылкамі? Напрыклад, пайсьці ў адстаўку і даць месца больш дзеяздольным кіраўнікам?

У нас не палітычныя кампаніі, а барацьба з антыдэмакратычным рэжымам. Лічу, што ў рамках гэтае барацьбы апошнія тры-чатыры гады мы дзейнічалі, пасьлядоўна, камандна, умелі ахвяраваць партыйнымі й асабістымі амбіцыямі дзеля агульнае справы. Барацьба працягваецца, і ўхіляцца ад барацьбы я не зьбіраюся.

13/06/2006 11:35 (Ільля Копыл: ) “Пытаньне Вінцуку Вячорку. Прывітаньне, шаноўны Вінцук Рыгоравіч! Вы мяне добра ведаеце, гэта Ільля Копыл. Я заўжды ваш прыхільнік. Я задаю ўсё тое ж пытаньне, якое мы з вамі неаднойчы абмяркоўвалі: Ці не зьяўляецца памылкай тое, што партыя БНФ уступіла ў хаўрус з ПКБ Калякіна? Яны, камуністы, не прызнаюць гістарычных каштоўнасьцяў беларускага народу, як БНР, герб “Пагоня”, бел-чырвона-белы сьцяг, перамогі нашых продкаў на палях брані; яны пакланяюцца Леніну, савецкаму чырвонаму сьцягу БССР. Мне здаецца, яны нас словах на выбарах дапамагалі адзінаму кандыдату ад дэмсілаў Аляксандру Мілінкевічу, а на справе рабілі ўсё наадварот. Аб гэтым гаворыць і тое, што праграма Аляксандра Мілінкевіча была надрукаваная ў газэце “Таварыш” толькі 17.03, зь вялікім спазьненьнем. Наклад арыштавалі, але гэта ўжо ня мела ніякага значэньня”.

Насамрэч сёньня ў Беларусі ўсе сур’ёзныя палітычныя сілы падзяляюць каштоўнасьць незалежнасьці краіны. Каб нас не было ў кааліцыі – хто ведае, як бы было. Трэба пераконваць праз супрацу. Гэта рэальна, бо, урэшце рэшт, мы ўсе – грамадзяне Беларусі. У пэўным сэнсе цяперашняя кааліцыя мусіць стаць правобраз будучага дэмакратычнага парлямэнту, у якім будуць розныя партыі, будуць спрэчкі й канфлікты, але ўсіх будзе яднаць непарушная аксіёма: незалежнасьць, свабода, дэмакратыя.

13/06/2006 11:49 (Спадар: ) “У мяне пытаньне да Вячоркі, хай ён выкажа сваё меркаваньне. Добра, калі ствараюцца нейкія арганізацыі, называйце іх дэмакратычнымі, як заўгодна. Але чаму абавязкова трэба, каб гэтыя арганізацыі ішлі наперакор існуючым парадкам і законам у рэспубліцы? Чаму? Стварыце арганізацыю, зарэгіструйце яе, працуйце, агітуйце за сябе, стаўце пытаньні, якія заўгодна. Не, трэба ўсё наперакор, усё ня так ды ня гэтак, а потым пакутаваць і рабіць зь сябе палітычных вязьняў. Узгадайце, калі Ельцын прыйшоў – рабіце, што хочаце. І пайшло, нават да забойстваў дайшло, габрэяў пачалі забіваць, нацыянальныя меншасьці; ствараліся нэафашысцкія групы, арганізацыі, зь якіх вырасталі бандыцкія групы і г.д. Кожны рабіў усё, што толькі мог... Так жа нельга! Вы што хочаце, каб і ў нашай рэспубліцы такое было? Нельга так! Рабіце згодна зь нейкімі пастановамі, і мы будзем слухаць вас, калі трэба падтрымаем, калі вы нешта нармальнае будзеце казаць. А гэтыя дзядзі, якія выпадкова прыйшлі ў гэтую апазыцыю, падтрымліваюць гэтых пацаноў, дзяцей па сутнасьці, уцягваюць іх, сапсуюць ім жыцьцё па розным прычынам. Як ня сорамна!”

Вы, пэўна, аднекуль да нас прыехалі. Ужо некалькі гадоў ніякія арганізацыі не рэгіструюць; наадварот, зачыняюць зарэгістраваныя. А тых, хто зарэгістравацца ня здолеў, садзяць у турму за “дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў”. Усе “пастановы” ў нашай краіне скіраваныя на тое, каб нішчыць жывую ініцыятыву, прычым неабавязкова палітычную: і культурную (“чорныя сьпісы” музыкаў і пісьменьнікаў), і інфармацыйную (дзясяткі зачыненых газэтаў), і рэлігійную (адбіраюць храмы), і эканамічную (немагчыма весьці прадпрымальніцкую дзейнасьць, не парушыўшы адну з тысячаў супярэчлівых інструкцыяў).

13/06/2006 12:08 Хоць гэта яшчэ не агучваецца, але і так зразумела, што увесь штаб Мілінкевіча, у тым ліку і спадар Вячорка, будуць у чарговы раз заклікаць людзей ісьці на чарговыя "выбары"(мясцовыя) і галасаваць там за "дэмакратычнага кандыдата", хаця і так усім вядома, што гэта будуць за "выбары". Дык навошта ў чарговы раз наступаць на тыя ж граблі?

Г.зв. выбары ня могуць быць мэханізмам зьмены ўлады. Мы будзем выкарыстоўваць іх тэхнічна, для масавага данясеньня інфармацыі людзям.

13/06/2006 12:11 Dobry dzen, Vinzuk Na vashuju dumku, belarusau, jakia razmauliauz pa-belarusku, pad chas praulennia Lukashenki, stala bolsh, mensh albo ne zmianilasia kolkasz? Dziakuiu, Slava

Колькасьць людзей, якія лічаць беларускую мову роднаю, паступова расьце. Гэта аб’ектыўны працэс. Але бяда ў тым, што вырасла цэлае пакаленьне моладзі, якая правучылася ў школе пад вядомымі партрэтам і сьцягам, ня чуючы літаратурнае мовы.

13/06/2006 12:22 Сп. Вінцук, да якой з зарэгістраваных у РБ партыяў, на вашую думку, бліжэй за ўсё ў ідэалягічным пляне знаходзіцца вашая партыя?

Мы займаем правацэнтрысцкую й нацыянальна-дэмакратычную нішу. Іншых такіх няма.

13/06/2006 12:23 Ci iosc u vas neikija kantakty z Z.Paznjakom? M.Ramanau.Belgie.

Няма.

13/06/2006 12:33 Чаму ў рэгіёнах Фронт займаецца выключна палітычнай дзейнасьцю і не займаецца культурна-асьветніцкай? Посьпехаў! Жыве Беларусь!!!

У Віцебску адбылося ладжанае пераважна Фронтам сьвята, прысьвечанае Быкаву. У Наваградку фронтаўцы ўзьнялі сьцягі. Неўзабаве Грунвальд у Горадні.

13/06/2006 12:37 Уважаемый Винцук, объясните такое вот странное совпадение. Осень 2005 года. Лукашенко проводит референдум о продлении полномочий. В этот день в Минске появляется гражданин России Павел Шеремет, которого лупят, он попадает в больницу. Российское телевидение, которое смотрят в Беларуси – только о Шеремете, и практически ничего об антиконституционности референдума. Март 2006 года. Выборы. И вновь Шеремет, и вновь его задерживают (лупят, но не сильно), и вновь по российским телеканалам – Шеремета побили! А про массовые фальсификации и поддержку Лукашенко Москвой почти ничего. Вам это кажется случайным совпадением?

No comment.

13/06/2006 12:40 Як можа БНФ аб''ядноўвацца з камуністамі? Ці вы забылі, для чаго ўтвараўся фронт? Ці вы забылі хто быў Ганчарык, Калякін? Чаму ў сядзібе БНФ ляжыць камунісцкая газэта "Товаріщ"? Навошта тады БНФ? Тады пераймянуйце партыю.

БНФ – незалежніцкая сіла, утвараўся ён для барацьбы за незалежнасьць і свабоду (дарэчы – такая гістарычная праўда – спачатку нашая назва мела дадатак “за перабудову”, а ў першай праграме было нават напісана пра падтрымку Фронтам “лепшых сілаў КПСС”). Тое, што мы сёньня робім, у тым ліку ў кааліцыі, працуе на незалежніцкую ідэю й на свабодную Беларусь.

13/06/2006 12:40 Ці асэнсавалі Вы памылковасьць падтрымкі Домаша ў 2001 годзе, які цяпер сядзіць ціха нібы мыш, атрымаўшы ад уладаў у кіраваньне скураны заводзік?

Мы даўно прааналізавалі хібы кампаніі 2001 г.

13/06/2006 12:51 Добры дзень. Скажыце, калі ласка, які міт пра БНФ цяжэй за ўсё разбурыць?

Падчас сустрэчаў зь людзьмі даводзілася чуць шмат мітаў пра БНФ. Дзяржаўная прапаганда стварае хлусьню, разносіць яе, карыстаючыся ўсімі мэдыямі. Але не магу ж я ўсіх інвалідаў халоднай вайны пераконваць бясконца. Шкада часу. А некаторыя міты нават ня хочацца разбураць. Напрыклад, міт пра маё “багацьце”. J

13/06/2006 12:59 Dzien dobry.Skarzite ia toczno znaju czto na territorii rzeczipospolita teperesznej Brestskoj obl.mesta Prurzany do konca 30 godov stojal pomnik Polkovodcu marszelaku Uzefu Pelsudckomu.I ia toczno znau czto Uzefa Pelsudckego v te vremena oczen lubili i poliaki i bialarusy.Poczemu v naszej gistorii nigde ob etom ne piszetsia i vozmorzno li cztoby etot pomnik vernulsia obratno na prerznee mesca v mesta Prurzany.Rzyve Bialarus i Svaboda.Mikola Saskiewicz.Warszawa.

У будучай Беларусі такія справы будзе вырашаць дэмакратычна абраная мясцовая ўлада.

13/06/2006 13:06 Spadar Vincuk, sto dla vas zjaulajecca sensam zyccia? Dziakuj. Alena

У 1982 годзе мы з Алесем Бяляцкім працавалі на раскопках у Мірскім замку. У замкавым двары мы закапалі на глыбіні 5 мэтраў пасланьне-прысягу перад тады яшчэ будучымі нашымі дзецьмі-ўнукамі: будзем змагацца за свабоду, незалежнасьць і адраджэньне Беларусі й, калі трэба, перадамо запавет дзецям і далейшым нашчадкам.

13/06/2006 13:07 Что Вы думаете про сотрудничество с ОГП и Лебедько? В Интернете эта тема широко обсуждается. Романчук из ОГП заявляет, что ОГП "не хочет раскола" оппозиции, но ведь своими заяблениями с грубыми наездами на Милинкевича он как раз и занимается тем, что призывает к уничтожению коалиции. Эти партийные разборки еще больше вредят и так до нельзя испорченному имиджу "партийной" оппозиции, которая годами не может предложить нашему народу ничего конструктивного. Что Вы думаете на этот счет? Балеслаў

Адказы я ўжо даў: і пра канструктыў, і пра кааліцыю.

13/06/2006 13:12 Дыктатура Лукашэнкі – гэта новы тып дыктатуры інфармацыйнага грамадзтва. Зразумела, і мэтады барацьбы павінны быць іншыя, чым раней. Сп. Вінцук, як Вы думаеце, што можа эфэктыўна працаваць на карысьць дэмакратыі ў нашых умовах? Якія памылкі мы (дэмакратычныя сілы) робім?

Гэта праўда. Каб у Гітлера ды Сталіна ў руках была тэлевізія, хто ведае, які быў бы лёс абодвух рэжымаў. Трэба ўлічваць асаблівасьці масавае псыхалёгіі. Добра, што зараз, пасьля соцень паездак у рэгіёны й распаўсюду мільёнаў асобнікаў друку, маем “раскручаную” пэрсанальную альтэрнатыву Лукашэнку – А.Мілінкевіча, якога падтрымлівае бальшыня тых, хто “за ідэю”. Праблема ў тым, як далучыць да пратэсту іншых, як адрасна да іх зьвярнуцца. У рабочым пляне выкананьня стратэгіі спрабуем гэтую дзейнасьць “прапісаць”.

13/06/2006 13:22 почему никто не пытается нас посчитать?! По-честному!

Калі Вы пра галасы на выбарах, то маем зьвесткі зь некаторых участкаў (у дзень галасаваньня, без “папярэдняга”). Напрыклад, у Менску паводле афіцыйных пратаколаў, дзе назіральнікам удалося дамагчыся падліку, у дзень галасаваньня за Мілінкевіча прагаласавала 76, 8%. У Маладэчне на двух участках 31% і 36% галасавалі за Мілінкевіча. Каб не было дакумэнтальна засьведчаных парушэньняў і сапраўдных вынікаў, дэмакратычныя сілы не прымалі б ў эўрапейскіх структурах на такім высокім роўні.

13/06/2006 13:30 Чаму для вас прагматызм стаў вышэй, чым маральныя каштоўнасьці, за якія вы, дарэчы, калісьці галасавалі? Дзякуй. Віктар Туравец, Францыя

Відаць, з Францыі лепш відаць. Сапраўды. Я раз-пораз прагматычна сяджу на Акрэсьціна, прагматычна выхаваў сваіх дзяцей сьвядомымі беларусамі, прагматычна ня зьехаў зь Беларусі. Я жыцьцёвых прынцыпаў не мяняю. Я нарадзіўся тут і буду жыць тут. Але ведаю людзей, якіх лёс вымусіў пакінуць Радзіму, аднак пры гэтым яны захавалі каштоўнасьці, маральнасьць і здольнасьць адрозьніваць хлусьню ад праўды. Далучайцеся да іх, спадар Туравец.

13/06/2006 13:30 Як уступiць у Партыю БНФ? Што такое моладзь БНФ?

Глядзіце наш статут на сайце http://pbnf.org. Партыя арганізаваная паводле тэрытарыяльнага прынцыпу, г.зн. кожны сябра належыць да пэўнае суполкі ў сваёй мясцовасьці. Глядзіце тамсама кантактныя тэлефоны й эл. адрасы мясцовае арганізацыі БНФ. Калі Вы ў Менску, заходзьце да нас на Варвашэні (па-ранейшаму), дом 8, з 10.00 па 20.00 у будзённыя дні. Тэл. 2845012. Моладзь БНФ – гэта й ёсьць моладзь партыі й грамадзкага аб’яднаньня БНФ, якая вядзе актыўную аўтаномную дзейнасьць. 24 верасьня будзе прэзэнтацыя зьдзейсьненага й заплянаванага нашай моладзьдзю.

13/06/2006 13:44 Ці згодны вы, што цяперашнія спрэчкі між Мілінкевічам і Лябедзькам, тлумачацца проста – апошні (Лябедзька) зноў менш за ўсё думае пра лёс Беларусі, а больш пра сябе, пра ўладу, спадзяецца, што калі адбудзецца Кангрэс дэмакратычных сіл, можа ўжо не хапіць 8 галасоў Мілінкевічу, паўтараецца тое, што калісьці адбылося – праца на Лукашэнку, думкі пра ўладу, дзе ж тут пра Беларусь думаць? Згодны ? Дзякуй. Віктар Туравец.

Я ведаю, што без адзінства мы не пераможам і што нашыя ворагі будуць нас сварыць, распальваць амбіцыі, штурхаць да памылковых крокаў. Нельга паддавацца.

13/06/2006 13:45 Ці мае зараз права палітык казаць, што "Расея – наш стратэгічны партнэр"? У вельмі далёкай пэрспэктыве – магчыма, цяпер жа гэта, на маю думку, вельмі няшчырае выказваньне.

Расея – наш стратэгічны сусед і наша стратэгічная праблема. Гэта пачынае разумець і Эўропа, бо “энэргетычная імпэрыя” становіцца рэальнасьцю.

13/06/2006 13:53 Агульная сытуацыя непазьбежна будзе пагаршацца. Калі мы не ўтрымаем ініцыятыву, яе з задавальненьнем пяроймуць тыя, для каго незалежнасьць краіны ня ёсьць абсалютнаю каштоўнасьцю".velmi dobraje pytanne, a ci josc takija ludzi jakija zmoguc vukarystac hetuju "kashtounasc" bo chastka ludu jashche zyve sa zvuchkami BSSR i vialikaj saveckaj imperyi, inshaja stracila ih (bo uzamen kryku jak z boku ulady tak i appazicyi nichoha ne bylo ne prapanovana) zastajecca jak zausiody nevialikaja chastka hramadstva jakaja nemoza stanouchym chynam pauplyvac na zmianenne situacyii. Szto u hetym vupadku mozna zrabic? Jak zmianic mentalitet u "homa saveticus" i dac im zrazumec shto nijakija zmeny ne prahodziac bez ciazkasciau?????

Нашая мэта – мець зьяднаную вакол нас актыўную частку, пра якую вы пішаце, але й яшчэ – хай маўклівую – падтрымку неактыўнае бальшыні. Няўхільны энэргетычны крызыс (і нават само яго чаканьне) прымусіць многіх задумацца пра зьмены. На жаль, асаблівасьць беларускае гістарычнае памяці ў тым, што зьмены апошніх пары стагодзьдзяў не вялі да лепшага. Таму Лукашэнка спэкулюе словам “стабільнасьць”. Але сёньня кожны беларускі дырэктар ведае праўду: стабільнасьці й “сьветлага заўтра” няма. Я ўжо пісаў вышэй пра наша антыкрызыснае пасланьне да народу: гэтая ўлада крызысу ня зможа прадухіліць, таму яна павінна сысьці. І сыдзе пад хваляй пратэстаў.

13/06/2006 13:56 як Вы ставіцеся да такой арганізацыі, як Малады Фронт?

З павагай. Як да аднадумцаў, якія стаяць на беларускіх пазыцыях; як да паплечнікаў па кааліцыі; як да адважных людзей. Часам мы спрачаемся пра тактыку, але не пра стратэгію.

13/06/2006 13:57 Ці можаце Вы расказаць, над чым канкрэтна працуе зараз Аляксандр Мілінкевіч? Якія ягоныя і вашыя найбліжэйшыя пляны і мэты?

Мы ўсе разам працавалі над стратэгіяй на 2006-7 гады, цяпер завяршаем плян дзеяньняў. Наперадзе яго дэталізацыя для кожнага рэгіёну, паездкі ў рэгіёны, сустрэчы ў Менску. У Фронце прайшоў круглы стол навукоўцаў, прысьвечаны энэргетычнай палітыцы Беларусі. Мы вяртаем сабе ініцыятыву пачатку 1990-х, калі Фронт гаварыў пра Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар.

13/06/2006 13:57 Дык чаму ж 15 гадоў мы ніяк ня можам перамагчы?

Бо вораг сур’ёзны.

13/06/2006 13:57 Сп. Вячорка. Маю такое пытаньне. Ці ня лічыце Вы, што Вам надышоў час саступіць пасаду старшыні ў партыі больш маладзейшым? Тым, хто вельмі добра зарэкамэндаваў сябе працай у штабе Мілінкевіча ў выбарчую кампанію. Мяркую, што гэта дазволіла б унесьці новую плынь у партыю. Напрыклад я мяркую, што у БНФ сфармавалася добрае кола маладзейшых кіраўнікоў, і гэта паказала іх праца ў штабе. Васіль

У штабе Мілінкевіча фронтаўцы сапраўды былі на ключавых месцах: мой намесьнік Віктар Івашкевіч адказваў за рэгіянальныя выезды, таксама намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч арганізоўваў іх на месцы; Уладзімер Лабковіч вёў юрыдычныя справы штабу; Валянціна Сьвяцкая каардынавала давераных асобаў; я – намесьнік кіраўніка штабу, адказны за міжнародныя і ўнутрыбеларускія кантакты. Працу ўсіх нас калегі па штабе ацанілі высока, мы адна каманда. Калі Вы лічыце, што менавіта я недапрацаваў, скажыце канкрэтна, у чым.

13/06/2006 13:58 Ці партыя БНФ і Вы асабіста нейкім чынам падтрымалі Казуліна? Або Вы наадварот узрадваліся, што зьнік патэнцыйны канкурэнт? Што Вы думаеце пра будучае Казуліна? Алекс.

Цяпер абавязак усіх – патрабаваць вызваленьня палітычных вязьняў, у тым ліку Аляксандра Казуліна. Мы маем розныя погляды, але спрачацца пра іх трэба, калі чалавек на свабодзе. Падчас кампаніі А.Казулін меў іншую стратэгію, чым мы. Мы лічылі неабходным дайсьці да як мага большай колькасьці людзей, выяжджалі ў рэгіёны; А.Казулін жа сам заявіў, што яго задача – застацца і ўмацавацца ў палітыцы. На маю думку, будучыню маюць кааліцыйныя палітыкі.

13/06/2006 14:00 Ці ёсьць магчымасьць зьліцьця Маладога фронту й Моладзі БНФ?

Моладзь БНФ – гэта частка партыі й грамадзкага аб’яднаньня БНФ.

13/06/2006 14:01 Ці праўдзівае сьцьвярджэньне, што бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца незарэгістраванай сымболікай? Ці ня можа, напрыклад, Кангрэс дэмсілаў яго зарэгістраваць як нацыянальную сымболіку? Дзякуй, Алена з Дзяржынска.

Гэтая ўлада даўно не рэгіструе ніякія арганізацыі. А сьцяг наш – самая што ні ёсьць зарэгістраваная сымболіка, гэта сьцяг нашае дзяржавы з 1991 па 1995 гады. Ніхто ж не ганяе на футболе тых, хто прыносіць сьцяг БССР.

13/06/2006 14:02 Калі ўжо нарэшце Фронт аб''яднаецца???

Фронт аб’яднаны. Калі ж Вы маеце на ўвазе КХП-БНФ, я ня бачу такой магчымасьці й патрэбы.

13/06/2006 14:09 Ці зьяўляюцца Вашы дзеці сябрамі якіх-небудзь грамадзянскіх арганізацый?

Мае паўналетнія дзеці – сябры Партыі БНФ і ТБМ.

13/06/2006 14:11 Спадар, Вінцук, я зьяўляюся прыхільнікам партыі БНФ, але мне вельмі сорамна за той сайт, якім мая партыя зараз прадстаўленая ў інтэрнэце. Ён цягне на асабістую старонку школьніка, але не на сайт сур''ёзнай палітычнай сілы. Брыдкі і няякасны дызайн (ружовы колер) і бязграматнае тэхнічнае выкананьне. Ці плянуюцца бліжэйшым часам зрухі ў гэтым кірунку?

Гэта Вашае прыватнае меркаваньне. Але гатовы новы дызайн, неўзабаве будзе прэзэнтацыя.

13/06/2006 14:13 1.Adsiejvannie nieprydatnych – halouny pryncyp luboj sphery calaviecaj dziejnasci. Prydatnasc acenvajecca pa stanoucych vynikach. U vas ich niama ni u palitycy, ni u navucy. Kali uzo syjdziecie i pierastaniecie zaminac maladziejsym i zdolniejsym? 2. Vasa partyja deklaruje aryjentavanasc na kanservatyunyja kastounasci. Ja zabiaspiecany, adukavany calaviek takich kastounasciau. Ci vy narescie znojdziecie pramiezak pamiz Bruselami – Strasburgami kab kantaktavac sa svaim elektaratam? Miarkujucy pa rejtyngach, pakul u vas na nas niama casu.

1. Ацэньвае й выбірае партыя. У нас дэмакратычная выбарчая працэдура. На папярэднім зьезьдзе Фронту паўгады таму альтэрнатыўнага галасаваньня не было. Калі Вы адукаваны чалавек кансэрватыўных каштоўнасьцяў, далучайцеся, выбірайце, выстаўляйце сваю кандыдатуру. Я сам за Вас буду галасаваць.

2. Калі гэта закід мне, дык толькі летась я наведаў 60 мясцовасьцяў у Беларусі. І рэйтынг Мілінкевіча – гэта прамы вынік нашае, фронтаўскае працы. Спадзяюся, і вы, забясьпечаны чалавек, дапамаглі тым, хто вядзе няроўнае змаганьне?

13/06/2006 14:16 spadar Vincuk! adka*ice kali laska??adkul stolki mocu i spritu u zmaganni?? pamyatau frontauskuu maladosc u vicebsku na pa4atku 90-x!!!vos tolki use zmagari razbeglisya-chto u belgii chto u praze!Ci ne perakanalisya Vi shto use getiya idei nasamrech prosta nepatrebniya belarusam!a tamu kamu ne xapae svabodi-kali laska esc kraini dze svabodi xapae???

Беларусы – нармальны народ. На месца тых, хто зьехаў, сталі новыя людзі.

13/06/2006 14:23 Shanouny spadar Viachora! Jakija, na washuju dumku, perspektyvy Belaruskaha NACYJANALNAHA ruhu? Ci ne lichyce wy pamylkaj raskol BNF? Jаkija u was zaraz asabistyja adnisiny z Zianonam Pazniakom? Ci josc mahchymasc uzjadnannja? I aposhnjaje: jak vy stavicesja da prapanovy Paznjaka ab perajmenavanni Respubliki Belarus u Vjalikae knjastva Litouskae Belarus? Dzjakuj

Пэрспэктыва беларускага нацыянальнага руху – займацца практычнай, а не віртуальнай палітыкай. У 1999 быў не раскол, а разьмежаваньне паводле гэтага прынцыпу.

13/06/2006 14:25 Скажыце калі ласка,няўжо на тыя ўсе грошы,якія давалі замежныя краіны нельга было зрабіць ніводнай сапраўднай рэвалюцыі за 12 год???

Не паўтарайце баек БТ-КГБ. Акрамя таго, зьмены ня робяцца за грошы. Нямала было такіх, што думалі, атрымаўшы аднекуль грошы, “наняць” сабе актывістаў, скалаціць чарговы пэрсанальны рух, спадабацца вялікаму суседу й пераняць ініцыятыву. Нічога не атрымалася: нашыя актывісты працуюць дзеля ідэі. Зьмена адбываецца, калі дасьпявае грамадзтва (у сакавіку гэтага яшчэ не адбылося) і калі актыўныя сілы ведаюць, што рабіць.

13/06/2006 14:36 Каких целей вы хотели бы достичь в своей политической деятельности? К каким идеалам вы считаете нужно стремиться в общественной жизни страны и общества в целом?

Мая мэта – свабодная й незалежная краіна Беларусь. Незваротна й навечна. Мы спрадвеку належалі да эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі, і эўрапейскія каштоўнасьці свабоды й годнасьці абавязкова зноў лягуць у падмурак нашага дзяржаўнага ўладкаваньня. Веру, што нармальныя людзі стаміліся ад усепранікальнага страху й навакольнага хамства.

13/06/2006 14:37 Як бы вы маглі пракамэнтаваць меркаваньне, што Анатоль Лябедзька на Чарнобыльскі шлях не затрымліваўся ніякім КГБ. Ён проста тады спужаўся чарговы раз і хацеў не ўпусьціць магчымасьць паехаць у Вільню на саміт у якасьці адзінага прадстаўніка кааліцыі (у той час як усе лідары трапілі на Акрэсьціна)?

No comment.

13/06/2006 14:41 Вы першым стаялі ля вытокаў беларускай незалежнасьці. Вы дамагліся незалежнасьці ў 1990-91м гг. Вы асабіста, у адрозьненьне, ад УСІХ вашых колішніх калегаў засталіся ў палітыцы і не спусьцілі ўсё на самацёк. Як выставіцеся да заяваў новенькіх палітыканчыкаў тыпу Лябедзькі і маладых тыпу Міхалевіча, што старое пакаленьне нічога не зрабіла і "трэба даць дарогу маладым"? Андрэй, Менск

Ня толькі я застаўся: гэта (з майго пакаленьня) Віктар Івашкевіч, Алесь Бяляцкі, іншыя. Старымі мы сябе пакуль ня лічым. Быць у палітыцы для нас – маральны выбар, бо мы ўдзельнічалі ў стварэньні Фронту й адказваем за яго лёс. Партыя БНФ – гэта партыя ідэі. Тыя, хто хацеў бы – сьвядома ці несьвядома – ператварыць яе ў каньюнктурную тусоўку, ня маюць шанцаў.

13/06/2006 14:41 Спадар Вiнцусь, цi не баiцеся вы за сваю бясьпеку пры сеньняшнiм злачынным рэжыме?

Звыкся. Найлепшая страхоўка – актыўная дзейнасьць.

13/06/2006 14:46 Працяг да пытаньня пра магчымы рэфэрэндум. Вы кажаце: "А любы рэфэрэндум, які закранае незалежнасьць, павінен стаць нагодай для масавага пратэсту." Ці можна разумець гэта так, што вы будзеце заклікаць людзей прыняць удзел у гэтым рэфэрэндуме?

Я сказаў “масавы пратэст”.

13/06/2006 14:57 Я думаю, что многие слишком злоупотребляют выражением европейский человек. Я бы хотел напомнить, что славянская культура отличается от более западной культуры. Европейский человек звучит конечно интересно для многих и они ожидают многого от этой сказки. Но у нас есть еще одно выражение – беларус. Отожествление европейского человека с Западом, а подсознательно и с грантами идет на подсознательном уровне. А народ к этому не готов. Дальнейшее вы сможете домыслить сами. Больше упирайтесь на понятие беларус.

Беларус і ёсьць эўрапеец. Гэта прынцыповы, цывілізацыйны выбар. Менш глядзіце прапаганду.

13/06/2006 15:00 Веры няма,Вінцук,веры,а гэта сьмерць і для дзейнага палітыка,і для партыі.А як і чым можна веру вярнуць? У існых палітыкаў і партый такіх рэсурсаў я ня бачу... Славамір

Славамір, каб ты пабываў на Пляцы й на Акрэсьціна ў сакавіцкія дні, пяяў бы іншую песьню. Прыяжджай.

13/06/2006 15:05 Вітаю! Чым можна патлумачыць такую неймаверную колькасьць плётак, дадумак, нагавораў вакол Вас і вашых родных? Часам ажно даводзіцца спыняць сваіх суразмоўцаў, калі пачынаецца пра "таямніцы" Вячоркаў. Я не прыхільнік вашае дзейнасьці ў палітыцы, але не да такой ступені, каб корпацца ў бруднай ці хаця б чыстай бялізьне. Зрэшты, наколькі публічнай асобе кшталту Вас перашкаджае падобная "папулярнасьць"? Ці не блякуе яна некаторыя вашыя тактычныя магчымасьці? З павагаю, Заякот

Шаноўны Заякот, каля майго пад’езду лаўка, а там сядзяць бабкі. Галоўная зь іх кажа, што працавала “ў генеральнам штабе”, праўда, ня ведаю кім. І яны, калі ні пройдзеш, менавіта плёткамі й займаюцца. Можа, Вам варта памяняць асяродзьдзе, зьмяніць лаўку? Я дык заняты працай, і людзі вакол мяне таксама, і нам не да плётак пра каго б ні было.

13/06/2006 15:06 Считаете ли вы, что необходимо расширить молодежные акции по всей Беларуси? Знаю, что в этом направлении уже действуют незарегестрированные молодежные организации, т.к. сам участвую в одной из них. В каких направлениях должны дополнительно действовать подобные организаторы? Caramba_Pirat

Акцыі павінны быць бачныя, але ня весьці да масавых пасадак удзельнікаў. І пажадана, каб акцыі не былі толькі для саміх сябе, а каб іх зьмест і мэту разумелі “звычайныя” людзі. Чапляйце балючыя для такіх людзей тэмы.

13/06/2006 15:21 Якую нацыянальную/міграцыйную палітыку стала б праводзіць Ваша партыя ў выпадку прыходу да ўлады? Пад дыктоўку Эўразьвязу ці па прынцыпах Нарвэгіі, Польшчы? (Спадзяюся, сэнс пытаньня зразумелы...) І як думаеце, што на гэты конт рабіла б АГП ва ўладзе? Што БНФ рабіла б з сытуацыяй 2хмоўя? Як бы Вы паставіліся да вынікаў колішняга "рэфэрэндуму" па гэтым пытаньні? Ці сталі б ажыцьцяўляць пераход да беларускай мовы ў школе і г.д.? ---МРТІ

Усё напісана ў нашай партыйнай праграме. Падтрымка адраджэньня беларускае нацыянальна-культурнае тоеснасьці, гарантыі й дапамога нацыянальным мяншыням. Мы за тое, каб адмяніць усе лукашэнкаўскія рэфэрэндумы як нелегітымныя й спакойна, без пасьпешлівасьці, выканаць палажэньні першага Закону аб мовах (прынятага, дарэчы, яшчэ Вярхоўным Саветам БССР).

13/06/2006 15:33 Шаноўны Вінцук, на справе цяперашняя аб''яднаная апазыцыя – гэта наноў сабраны Народны Фронт. Гэта ў вялікай ступені твая асабістая ўдача. Атмасфэра дэмакратыі і свабоды, заснаваная на гэткім тваім дыпляматызьме – павінна браць усё новыя і новыя рубяжы. Цяпер твая пададказная Партыя БНФ – знайшла лідэра, сп. Мілінкевіча, зь якім адбылася Маральная Перамога над лукашызмам (-алкашызмам). І толькі цяпер маё пытаньне: як ты мяркуеш, – праз якія "Камітэты Дэмакратычнага Дзеяньня" на месцах, – зьдзейсьніць канчатковую перамогу над хітрай, але НЯ мудрай дыктатурай абсалютна бандыцкі настроенага Лукашэнкі? Удач! Алесь Шпакоўскі

Дзякуй, Алесь. Мы з табой пачыналі ў 1979-м і памятаем тую эпоху. Ты слушна кажаш пра тое, што мусіць быць “на месцах”: гэтага яшчэ не было ў сакавіку. Была Плошча, але не было ўсеагульнага зруху. У крытычна важных групах павінны быць свае лідэры, якія ўваходзяць у агульную структуру. Яны ўзьнімаюць прыватныя праблемы й падводзяць да ўсьведамленьня праблемы галоўнай.

13/06/2006 15:35 Практычнае пытаньне для мяне сёньня – як падштурхнуць нашую кааліцыю ды ўсіх адказных лідэраў нацыянальнага роўню да супольнага дзеяньня на гэтым самым грунце. Дэмакратычныя сілы не павінны займацца самімі сабою й чарговы раз высьвятляць адносіны, а ісьці да людзей, да грамадзтва зь ясным пасланьнем. Паважаны Вінцук, цалкам згодны з Вашымі словамі, але падкажыце, як можна дзейнічаць у рамках дзеючага заканадаўства, і пры тым эфэктыўна, калі "вэртыкаль" плюе на законы, калі пракуратура, суды і міліцыя падпарадкоўваецца ёй. Што, хадзіць па вуліцах, расказваць праўду людзям, якія прадаюцца за качан каўбасы і чакаць, калі яны стануць сьвядомымі і прагаласуюць супраць дыктатарскага рэжыму?

Так, зь людзьмі трэба гаварыць. У тым ліку, дарэчы, зь міліцыянтамі й нават амапаўцамі (сам маю досьвед). Але гаварыць падрыхтавана, маючы ў руках друкаваную прадукцыю, а ў галаве – мэту. Вельмі важна знайсьці й далучыць да сыстэмнае працы лідэраў з розных асяродзьдзяў: прадпрымальнікаў, заводзкіх рабочых і інжынэраў, выкладчыкаў і г.д.

13/06/2006 16:29 3 дня назад в Мальборке познакомилась с иммигрантом из США, который родился в г.Мир и хотел бы перед смертью посетить Родину. Но благодаря стараниям оппозиции о нашей стране в зарубежной прессе пишется только отрицательное, он реально боится, что у нас негде жить, ничего есть и могут убить или еще лучше его куда-нибудь сослать. Кому лично сказать спасибо за столь красочное описание нашей страны? Мы таким образом что, "привлекаем" иностранных туристов? Или таким способом оппозиция повышает кассовый сбор в свой карман? Что-то вроде, подайте бедному на пропитание, а то у нас тут хуже, чем в Африке на пальме.

На жаль, турыстычны бізнэс не разьвіваецца дзякуючы антырынкаваму заканадаўству, а ў выніку – адсутнасьці інфраструктуры і г.д. Не разьвіваецца дзякуючы ізаляцыянісцкаму, паранаідальнаму стаўленьню да іншаземцаў (адны пакуты іншаземцаў, якія хочуць зарэгістравацца ў міліцыі, чаго вартыя). Дэмакратычныя палітыкі тут ні пры чым.

13/06/2006 16:52 Pavazhany, Vintsuk! Mne zdaetsya, chto u apazitsii nyama ni dakladnai strategii, ni taktiki, chotby zmagatsya, a treba zmagatsya pa sapraudnamu. Kali vy vyvodite lyudzei na vulitsu Vy PAVINNY DAKLADNA uyavlyats, dzelya yakoi kanktretnai (ne abstraktnai) mety Vy geta robite i yak getoi mety dasyagnut. Treba imet dakladny plan i umet yago vykonyvat pri lyubyh abstavinah. Tolki mirnymi aktsyami nesuprativu vy nichago ne zrobite. Vy patrebny vedat svaego voraga i vykarystovyvat ves arsenal metadau. Vy sami paviny stat nemnoga lukashenkami. Vy paviny shukat lyudei z opytam takoi pratsy, bo Vy, prabachte, u getym nichago ne ponimaete. I pamyataite: niyakih sprechek na lyudzyah pamizh apazitsyonnymi liderami ne pavinna byt. Inaksh za Vami nikto ne poidze. S pavagai, Zmitser

А вось гэта для мяне прынцыпова: толькі мірны супраціў вядзе да сапраўднае перамогі. Пра спрэчкі – згодны.

13/06/2006 17:51 Do you think Belarus has to sign readmission agreement with the Euroepan Union?

Yes, it has.

13/06/2006 20:14 Pytannja nema, ja tilky shlju serdecnyjk pryvit panu Vincukovi. Mozhlyvo vin zhaduje takoho cesko-ukrajinskoho istoryka z Prahy, z jakym kolys to (dvici) rozmovljav. Bazhaju zdorovja, vytrymky, peremohy. Bohdan Zilynskyj (Praha)

Дорогий пане Богдане, дякую за добрі слова. Пам’ятаю нашу зустріч. Вам теж бажаю всього найкращого.

13/06/2006 21:54 У меня такой вопрос. Почему нет молодого поколения оппозиции? Почему нет решительных действий? В конце концов, ГДЕ ДЕНЬГИ??? В Беларуси уже сложилась ситуация, при которой Вы и некоторые другие товарищи настолько пассивны в своей работе, что дальше некуда. У Вас и Ваших коллег по оппозиционному цеху практически нет популярности в народе. Где результаты вашей оппозиционной деятельности? Привлекайте в оппозицию массы, делайте громкие лозунги, тратьте выделенные деньги на поддержку людей, а не кладите их себе в карман. Скажу честно. До выборов я оппозицию поддерживал. После – в корне разочаровался, в т.ч. и в Вас лично. Где активные действия? Опять 5-летняя спячка??? Действуйте, или придется создавать оппозицию для оппозиции. У Вас мало времени. Очень мало... это последний шанс. Если оппозиция его упустит, ей НИКТО этого не простит!!!

Што Вы называеце актыўнымі дзеяньнямі? Штурм чагосьці? Я супраць: нашыя акцыі павінны быць мірнымі, каб нарастаць у колькасьці. А вось працаваць адрасна зь людзьмі – гэта праца не такая прыкметная, але менавіта ёю мы і займаліся апошнія гады. І бяз гэтае працы не было б ані Мілінкевіча, ані Пляцу. І не паўтарайце баек пра “выделенные деньги”.

Што да моладзі... Зайдзіце ў нашую сядзібу: сотні маладых людзей прыходзяць штодня. І ніякіх пяцігадовых сьпячак. Два гады максымум.

13/06/2006 21:55 Добры дзень, шаноўны спадар Вінцук! Вялізны дзякуй Вам за тое, што Вы робіце! Дзякуючы вам ПБНФ ёсьць адна з найбольш уплывовых партый Беларусі.. маю вельмі простае пытаньне: як Ваш стан здароўя? Спадар Максім з-пад Вільні, сябра Моладзі ПБНФ.

Дзякуй, нармальна. Не дачакаюцца.

13/06/2006 23:06 Спадар Вячорка! Адкажыце калі ласка на наступныя пытаньні: 1. Чаму спадар Мілінкевіч і вы праігнаравалі зварот Зянона Станіслававіча Пазьняка аб сумесных дзеяньнях ад 19 сакавіка б.г. http://www.pazniak.org/mdl.php?mdl=art&cat=1&art=85 ? 2. Якія вы можаце назваць палітычныя перамогі атрыманыя пад вашым кіраўніцтвам (альбо пры вашым удзеле)? 3. Хто будзе на ваш погляд чарговым лідэрам (пасьля Домаша, Ганчарыка, Мілінкевіча)? Дзякуй. Бенедзікт.

Я сядзеў 19-га на Акрэсьціна, а там няма інтэрнэту. Мае палітычныя перамогі – гэта БНФ як сучасная партыя, гэта дзеяздольная кааліцыя. Мілінкевіча нельга раўняць з названымі вамі, бо ён прайшоў Кангрэс і баявую кампанію ды ня зьнік пасьля.

14/06/2006 09:07 26 верасьня 1999 года адбыўся Сойм Фронта, на якiм большасьцю дэлегатаў Старшынём Фронта быў абраны Зянон Пазьняк. Вы з групай раскольнікаў не падпарадкавалiся рашэньню большасьцi й стварылi разам з раскольнiкамi сваю нэа-лiбэральную партыю, прычым скралi нават назоў Фронта. Зь якой мэтай вы раскалолi Фронт? На замову КДБ-ФСБ, цi з-за асабiстай прагi да грошай?Wanja

Wanja, Вы не былі на тым зьезьдзе, інакш не назвалі б яго соймам. Там была сур’ёзная дыскусія пра шлях Фронту, пра яго закасьцянеласьць, ізаляванасьць ад рэальных палітычных працэсаў у краіне. Гэта трывожыла фронтаўцаў, і яны хацелі зьменаў. Была роўная колькасьць галасоў за прэтэндэнтаў. На другім туры зьезду бальшынёю галасоў выбралі мяне. З.Пазьняк заснаваў КХП.

14/06/2006 09:11 Якiя адносiны ў вас i вашай каалiцыi з Хансам-Георгам Вiкам? wanja

Г.Г.Вік на пэнсіі, але прыходзіць на канфэрэнцыі ў Бэрліне, прысьвечаныя Беларусі, задае пытаньні, выступае ў дыскусіі.

14/06/2006 09:11 Як вы ацэньваеце вядомыя выказваньнi Ханса-Георга Вiка пра яго мэту – уваходжаньне Беларусi ў склад Расеi? wanja

Калі ён так казаў – натуральна, ацэньваю адмоўна. Аднак цяперашнія нямецкія палітыкі ў апошні прыезд у Бэрлін сказалі нам, што аб’яднаньне дэмакратычных сілаў стварыла найлепшую гарантыю незалежнасьці Беларусі. І гэта добра.

14/06/2006 09:13 Як вы ацэньваеце прызнаньнi Мiлiнкевiча ў любовi да Расеi i вашыя паездкi за кансультацыямi ў Маскву ў той час, калi Масква есьць самай галоўнай пагрозай беларускай незалежнасьцi? wanja

Ня чуў такіх прызнаньняў. У Маскву я езьдзіў на запрашэньне нашай, нацыянальна сьведамай, беларускай дыяспары, якая зладзіла там круглы стол для палітыкаў, экспэртаў і журналістаў. Гаварыць, выкладаць сваю пазыцыю, уважліва слухаць, што скажуць у адказ, трэба ўсюды, Wanja.

14/06/2006 14:13 Які быў самы шчасьлівы момант у Вашым жыцьці? Ганна

(Апрача асабістых момантаў.) Гэта быў вечар 25 жніўня 1991 году, калі Дэклярацыя аб сувэрэнітэце набыла статус канстытуцыйнага закону. Да нас на пляц (яшчэ Леніна) выйшлі дэпутаты-фронтаўцы, мы іх сталі падкідаць у паветра, а Пётра Садоўскі засьпяваў вайсковую “А ў бары, у бары тры дарожанькі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG