Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія віно й гарэлка прабіваюцца на амэрыканскі рынак


Радыё Свабода, Віцебск “Беларускія гарэлка, вэрмут, ігрыстыя віны сталі сапраўднай сэнсацыяй сэзону і хутка скажуць сваё важкае слова сярод барных напояў у ЗША”, – піша Dallas Observer. Паводле выданьня, алькагольная прадукцыя зь Беларусі знайшла сваіх аматараў дзякуючы краме Goody Goody Liquor (“Добры добры лікёр”), што ў Даласе, штат Тэхас.

Сярод плюсоў Goody Goody Liquor – даступныя цэны, магчымасьць прадэгуставаць той ці іншы напой, а таксама ні з чым не параўнальны азарт, які прыходзіць да пакупніка ў часе набыцьця новага, дагэтуль незнаёмага, віду прадукцыі, піша даласкае выданьне.

Высьвятляецца, што больш нідзе ў Тэхасе, а толькі ў даласкім ў Goody Goody Liquor прадстаўлены такі шырокі асартымэнт тэкілы, піва, маецца француская гарэлка Grey Goose (Сівы гусь) рэдкага разьліву ў 1,75л... Шмат віннай прадукцыі паступае ў краму са Старога сьвету – Францыі, Італіі, Гішпаніі і, зразумела, з Каліфорніі, Чылі, Паўднёвай Афрыкі, Аўстраліі, Новай Зэляндыі. У часе гэтак званай сьляпой дэгустацыі, у якой бяруць удзел сталыя пакупнікі, перавага чамусьці заўсёды аддаецца прадукцыі вінаробаў Новага Сьвету.

Ёсьць у краме адна “эўрапейская” паліца, якая надзвычай вабіць наведвальнікаў. Як піша Dallas Observer, менавіта на ёй прадстаўленае “новае слова барных напояў” – з Грузіі й Беларусі. Што да беларускіх напоеў, то паводле знаўцаў яны маюць свой непаўторны смак і водар, у іх няма кансэрвантаў і араматызатараў.

Як сказаў адзін з даласцаў, “Савецкае залатое” зь Менску – гэта ня звыклая сумесь віна з вуглякіслым газам, а віно з натуральнага вінаграднага соку, смачнае, якое мае сапраўдныя бурбалкі і дзіўны водар… Высока ацэненыя і больш моцныя напоі зь Беларусі.

У Менску вельмі ўзрадаваліся навіне з Даласу. Паводле супрацоўнікаў маркетынгавай службы заводу ігрыстых вінаў, ім хацелася прыйсьці на штатаўскі рынак зь іншым брэндам – напрыклад, “Беларускае ігрыстае”. Аднак умовы дыктуюць амэрыканскія заказчыкі – колішнія эмігранты з СССР.

(Супрацоўніца:) “Заказчыкі з ЗША арыентуюцца, галоўным чынам, на эмігрантаў з былога СССР, магчыма і на іншых амэрыканцаў. Адна справа – прафэсійныя вінаробы, для якіх цукар перашкаджае ацаніць букет, іншая – спажывец. Яму салодкае проста падаецца смачным. Ну што тут зробіш?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG