Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто прыдумаў “яйка ў квадраце”? (фота)


Валянціна Аксак, Менск Cёньня пад час прэзэнтацыі новае кнігі Алеся Разанава арганізатары імпрэзы заявілі пра намер адстойваць супольныя з мастаком Віктарам Маркаўцом аўтарскія правы гэтага знанага беларускага паэта ў сувязі з выкарыстаньнем кампаніяй мабільнай сувязі (МТС) у якасьці брэнду ідэі, якую яны лічаць сваёй інтэлектуальнай уласнасьцю. Размова тычыцца творчай канцэпцыі “Яйкаквадратаў”.

Новы візуальны брэнд – белае яйка ў чырвоным квадраце – кампанія МТС пачала актыўна выкарыстоўваць літаральна за дзень да прыезду Алеся Разанава ў Менск пасьля працяглае адсутнасьці. Паэт быў агаломшаны тым, што прыдуманы ім чатырнаццаць гадоў таму і ўвасоблены ў шматлікіх экспазыцыях супольна з жывапісцам Віктарам Маркаўцом вобраз яйкаквадрата стракаціць на кожным кроку. У аўтараў канцэпцыі ніхто дазволу на тое не пытаўся. Але сёньня паэт разважаў над праблемай абароны сваіх аўтарскіх праў па-філязофску.

(Разанаў: ) “Мы сваё слова сказалі тут і цяпер. Калі сама зьява захоча зь імі высьвятляць стасункі, яна будзе гэта рабіць. А мы яе падтрымаем”.

Мастак Віктар Маркавец падкрэсьліў, што кампанія МТС ня толькі скарыстала іхную канцэпцыю, але пры гэтым яшчэ й сказіла яе.

(Маркавец: ) “Іхная выява скажае нашу канцэпцыю: у нас – ідэальнае яйка, а там – яйка натуральнае. Вось адна толькі розьніца. А папраўдзе, зь філязофскай канцэпцыі, ня мае значэньня форма, нават колер. Галоўнае – гэта само гучаньне: яйка ў квадраце”.

Арганізатары імпрэзы, якая адбывалася ў арт-фальварку “Добрыя мысьлі”, разьвесілі экспазыцыю створаных у 1992 годзе Алесем Разанавым і Віктарам Маркаўцом “Яйкаквадратаў”. Гэта шэсьць карцін, якія потым шырока падаваліся на замежных інтэрнэт-старонках як новая зьява беларускага мастацкага мысьленьня. Якраз адтуль – лічыць куратар выставы Тацяна Гаранская – эмтээсаўцы й “пазычылі” канцэпцыю. Таму галоўная прэтэнзія да іх цяпер: каб прызналі сапраўднае аўтарства брэнду, якое й засьведчыла экспазыцыя выставы.

(Гаранская: ) “Нам імпануе, што гэты брэнд існуе. Але хочам устанавіць аўтарства названых асоб. Размова ідзе пра талерантныя адносіны да аўтараў”.

Свае прэтэнзіі да МТС аўтары канцэпцыі “Яйкаквадраты” зьбіраюцца выкласьці бліжэйшымі днямі ў адкрытым лісьце. Гаворка пра фінансавую кампэнсацыю парушаных аўтарскіх правоў пакуль што не вядзецца.

А вось як пракамэнтаваў сытуацыю супрацоўнік прэс-службы МТС спадар Раман.

(Супрацоўнік прэс-службы МТС: ) “Нейкага афіцыйнага адказу на гэтую іхную пазыцыю быць ня можа й не павінна. Таму што само гэта крэатыўнае рашэньне было прынята ў Маскве, а затым ужо спраектавана на Беларусь. І яно прайшло ўсе належныя стадыі міжнароднага патэнтнага ды іншага ўзгадненьня. Але й да канфліктных сытуацый таксама ніхто ня хоча гэтую справу даводзіць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG