Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Міхась Лічко


Уладзімер Арлоў, Менск 1928, м. Мір (цяпер Карэліцкі раён) — 1948, ?

Ён ня быў героем, але яго імя вартае памяці, бо лёс Міхася Лічко стаўся тыповым для тысячаў беларускіх юнакоў.

У Слонімскай беларускай прагімназіі ён вылучаўся сярод вучняў і прыгажосьцю, і вопраткай, і здольнасьцямі. Многія дзяўчаты былі закаханыя ў Міхася, а хлопцы зайздросьцілі ягонай дужасьці й спрыту.

Ішла Другая сусьветная вайна. У 1943-м усе навучэнцы прагімназіі зрабіліся сябрамі Саюзу беларускай моладзі (СБМ). Праз колькі месяцаў, калі вярнулася савецкая ўлада, удзел у СБМ, куды запісвалі з 10 гадоў, стаў адназначна кваліфікавацца як садзейнічаньне акупантам і здрада Радзіме.

Сын праваслаўнага сьвятара Міхась Лічко апынуўся на Захадзе: уладкаваўся на працу, а вечарамі вучыўся. Аднаго разу на вуліцы зь ім загаварыў хлопец, які няблага валодаў беларускай мовай. На чужыне чалавек можа хутка пранікнуцца даверам да земляка. Новы знаёмы зноў і зноў заводзіў размову пра тое, што трэба вяртацца на Радзіму і працаваць дзеля яе. Такіх, як Міхась, там, маўляў, чакаюць інстытуты, кватэры ды іншыя даброты.

Міхась паддаўся на ўгаворы. Увосень 1946-га ён паступіў у адзін з гарадзенскіх тэхнікумаў, а наступнай вясною, перад Вялікаднем, яго арыштавалі і прысудзілі 10 гадоў канцлягераў.

У 2003-м, на пахаваньні Васіля Быкава, да былой Міхасёвай аднаклясьніцы Надзеі Дземідовіч, таксама асуджанай за сяброўства ў СБМ, падышоў чалавек, які памятаў яе са Слоніму. Ад яго Надзея даведалася, што Міхася Лічко даўно няма на сьвеце. У лягеры яго зьмясьцілі ў адным бараку з хворымі на сухоты, і праз два гады, у 1948-м, ён сканаў ад гэтае страшнае хваробы. Пад уражаньнем запозьненай на 55 гадоў страшнай навіны спадарыня Надзея напісала верш “Лёсы”:

У дваццаць год цябе, юнак, ня стала У дзікім краі, дзе наўсьцяж лясы... Чахотка ў ГУЛАГу панавала У час твае вясновае красы.

Высокі ўзьлёт, хапала волі, сілы Узьняцца ўвысь, дзе шорхалі арлы... Ды тую рунь чужынцы пакасілі, Забралі ў край, дзе не жывуць буслы...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG