Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэастужкі пра латвійскага дыплямата -- умяшаньне ў прыватнае жыцьцё


Радыё Свабода Дэманстрацыя па Беларускай дзяржаўнай тэлевізіі відэастужкі, патаемна зробленай у менскай кватэры латвійскага дыплямата Рэймо Шнітса, зьяўляецца грубым ўмяшаньнем у ягонае прыватнае жыцьцё. У шэрагу краінаў права грамадзянаў на недатыкальнасьць іх прыватнага жыцьця ахоўваецца законам.

Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека гаворыць: “Ніхто не павінен быць аб’ектам адвольнага ўмяшаньня ў ягонае прыватнае жыцьцё, у жыцьцё ягонай сям’і ці ў ягоную карэспандэнцыю... Кожны мае права на абарону закону супраць такога ўмяшаньня”.

Ува Францыі права чалавека на прыватнае жыцьцё і абарону яго запісаная ў Канстытуцыі, у Злучаных Штатах абарона гэтага права грунтуецца на шэрагу судовых рашэньняў на карысьць грамадзянаў супраць дзяржаўных органаў, у Вялікай Брытаніі існуе адмысловы закон аб абароне дадзеных, які таксама абараняе прыватнасьць асобы. Акрамя таго, існуе агульнае рашэньне Эўрапейскага зьвязу, якое патрабуе ад усіх краінаў-сябраў прызнаньня права на прыватнасьць. Дарэчы , і паводле артыкулу 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшаньня ў ягонае асабістае жыцьцё, ў тым ліку і ад замаху на таямніцу ягонай карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленьняў, на ягоную гонар і годнасьць”.

У сувязі з пагрозай тэрарызму ў шэрагу краінаў робяцца меры, якія ў той ці іншай ступені абмяжоўваюць права на прыватнасьць. Але там ідзе гаворка пра пашырэньня права дзяржавы больш ведаць пра прыватнае жыцьцё людзей, а не пра тое, каб перадаваць гэтыя веды на ўсю краіну. Латвійскага дыплямата абвінавачваюць зусім не ў тэрарызьме, а ў распаўсюдзе парнаграфіі. Але відэастужка, якую паказала БТ, гэтае абвінавачваньне ніяк не даказвае, максымум, што зь яе вынікае, што пэрсанажы, паказаныя на стужцы – гамасэксуалісты. Гэта не зьяўляецца доказам таго, што адзін зь іх займаўся распаўсюдам порнакасэтаў. Так што навідавоку адно ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё чалавека з мэтай яго дыскрэдытаваць. Што да парнаграфіі, то паказ прыгаданай відэастужкі па нацыянальным тэлебачаньні – гэта распаўсюд такога маштабу, які і ня сьніўся тым, хто з-пад палы прадае касэты адпаведнага зьместу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG