Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Разановіч заклікае Лукашэнку прадухіліць трагедыю (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня – другія суткі, як удзельніца галадоўкі ўладальнікаў маршрутных таксі ў Берасьці Любоў Разановіч адмаўляецца піць ваду. У інтэрвію Радыё Свабода яна паскардзілася на дрэннае самаадчуваньне й частую страту сьвядомасьці. Са слоў спадарыні Разановіч, сёньня яна перадала журналістам тэкст адкрытага ліста да Аляксандра Лукашэнкі. Для нашага радыё заяўніца агучыла асноўныя свае патрабаваньні.

(Разановіч: ) “Нават калі прадаць маю кватэру і ўсю маёмасьць, я не змагу сабраць такой вялізарнай сумы – 80-ці мільёнаў рублёў. Шматлікія звароты ў Брэсцкі аблвыканкам і іншыя арганізацыі выніку не далі. Усюды “сьцяна” непаразуменьня, чэрствасьці й абыякавасьці. Ад 5 ліпеня я не прымаю ежы. Ад 1 жніўня адмовілася ад вады. Мае пакуты бачаць мае дзеці – 14-гадовы Арцём і 10-гадовы Паўлік...

Я люблю сваю Беларусь і свой горад, я люблю жыцьцё, хачу працаваць, выгадаваць Арцёма й Паўліка годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Які ж чыноўнік падрыхтаваў гэты ўказ, што супярэчыць усім нормам права й цалкам разбурае маё жыцьцё, а маіх дзяцей можа зрабіць сіротамі? Калі са мною здарыцца горшае, што будзе з маім сынам-інвалідам? Хто яго будзе даглядаць? Як складзецца ягоны лёс? Чаму, калі я плачу ў бюджэт вялізарныя сумы грошай, забясьпечваю працу тром кіроўцам, здольная ўтрымліваць сябе й сваіх дзяцей, мяне далучаюць да правапарушальнікаў?”

Копію свайго звароту Любоў Разановіч сёньня перадала ў сродкі масавай інфармацыі. Кажу пра гэта супрацоўніку Берасьцейскага аблвыканкаму Валеру Мяцельскаму, запытваю, як рэагуе мясцовая ўлада.

(Мяцельскі: ) “Я ў дадзены момант не ўпаўнаважаны даваць камэнтароў. Калі вы жадаеце ведаць, што рабіў аблвыканкам, то я вам скажу дакладна: мы зь ініцыятыўнай групай працавалі. З боку аблвыканкаму прыняты рашэньні, якія толькі магчымыя ў дадзенай сытуацыі”.

Словы дзяржаўнага чыноўніка Валеры Мяцельскага аспрэчвае Вячаслаў Кухарчук. Берасьцейскі прадпрымальнік працуе на рэчавым рынку. Ён таксама далучыўся да галадоўкі.

(Кухарчук: ) “Мы ня можам сказаць ні слова. Ні кроку ўлева альбо ўправа. Мы пад поўным кантролем чыноўнікаў. Калі мы працуем, то дзесяць чалавек нас кантралююць. Дзейнае цяпер заканадаўства – клубок абсурду. Ёсьць дэкрэты, папраўкі, зьмены... Я вырашыў гэтых людзей падтрымаць”.

Вячаслаў Кухарчук паведаміў, што сёньня станам здароўя ўдзельнікаў галадоўкі цікавіўся апазыцыйны палітык, былы дэпутат парлямэнту Ўладзімер Парфяновіч. Як высьвятляецца, алімпійскі чэмпіён ведае Любоў Разановіч. Некалі яна вучылася ў школе вышэйшага спартовага майстэрства ў Менску менавіта веславаньню на байдарцы. Наконт ейнага звароту да Лукашэнкі Ўладзімер Парфяновіч гаворыць наступнае:

(Парфяновіч: ) “Ён не жадае чуць гэтых людзей – вось у чым бяда. Яна сумленны чалавек, і нічога ня крала. Мы гутарылі: няма ў яе грошай. Гэта маці дваіх дзяцей. Я ёй параіў глянуць у пашпарт – каб зразумець, у якой краіне жыве...”

Галадоўка ў Берасьці пачалася 5 ліпеня. Цяпер у ёй удзельнічаюць 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. Яны тлумачаць, што ўвезьлі машыны раней за 2004 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG