Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Трэцяя ўсясьветная вайна пачалася”


Юры Дракахруст, Прага Заходні друк ня толькі расказвае пра падзеі на Блізкім Усходзе, але і спрабуе прадбачыць, як баявыя дзеяньні могуць зьмяніць палітычную сытуацыю ў рэгіёне.

“Трэцяя ўсясьветная вайна пачалася” – такое меркаваньне ў сувязі з падзеямі на Блізкім Усходзе выказвае былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу Ньют Гінгрыч. У інтэрвію брытанскай “Guardian” ён піша, што “пагроза, у цэнтры якой стаіць Іран, мае цалкам ідэалягічную прыроду”. “Ідэалягічнае крыло ісламу несумяшчальнае з сучаснай цывілізацыяй”, – лічыць палітык і сьцьвяржае, што падзеі апошніх тыдняў аб’яднаныя адной стратэгічнай мэтай – нанесьці паразу Захаду і яго каштоўнасьцям.

Гісторык Джон Кіган у “Washington Post” пярэчыць палітыку. Ён нагадвае, што, скажам, першая ўсясьветная вайна пачалася таму, што галоўныя гульцы былі аб’яднаныя ў жорсткія блёкі – Антанту і Саюз трох цэнтральных дзяржаваў, і менавіта ўзаемныя абавязкі прывялі да татальнай вайны. Цяпер арабскія дзяржавы рэгіёну не зьвязаныя паміж сабой ніякімі дамовамі аб узаемадапамозе, таму сытуацыя не зусім падобная.

Але нямецкая “Süddeutsche Zeitung” адзначае новы акцэнт у настроях грамадзкай думкі ў арабскіх краінах, прынамсі ў Лібане. Тамтэйшыя людзі ўскладаюць віну за вайну не на “Хэзбалу”, з рэйду якой і пачалася вайна, і ўжо нават ня толькі на Ізраіль і Злучаныя Штаты, але й на памяркоўныя арабскія рэжымы Эгіпту, Ярданіі і Саудаўскай Арабіі. На першым этапе канфлікту ўлады гэтых краінаў крытыкавалі радыкалізм “Хэзбалы”. Але цяпер ціск часткі “арабскай вуліцы” можа прымусіць іх адысьці ад нэўтралітэту і выступіць супраць Ізраілю і Злучаных Штатаў.

Нямецкая ж “Tagesspiegel” перадае аповед жыхара поўдня Лібану, паводле якога яшчэ ў 2000 годзе, калі ізраільскія войскі сышлі адтуль, “Хэзбала” пачала будаваць сховішчы зброі, а над імі – школы і жылыя дамы. Адзін з шэйхаў “Хэзбалы” сказаў яшчэ тады: “Габэрэі прайграюць у любым выпадку: ці на іх будуць сыпацца ракеты ці, калі яны атакуюць сховішчы, сьвет асудзіць іх за забойствы нявінных людзей”.

Зьбігнеў Бжазінскі ў артыкуле ў часопісе “Time” заклікае дзяржсакратара ЗША Кандалізу Райс заставацца ў рэгіёне столькі часу, колькі трэба, і весьці перамовы з усімі бакамі канфлікту. “Можна сесьці перад люстрам і весьці перамовы з самім сабой, але гэты падыход наўрад ці дасьць плён”, – піша палітоляг. Ён адзначае, што калі канфлікт будзе працягвацца, то ў рэгіёне будзе нарастаць радыкалізацыя і сытуацыю будуць усё больш кантраляваць экстрэмісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG