Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргі


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Сінанімія выразаў “глябальны дэфіцыт” і “бясконцыя чэргі” мела глыбокі сацыяльна-палітычны сэнс. Савецкі народ такім чынам дэманстраваў сьвету масавы гераізм і палітычную вытрымку. Ён выстаяў на франтах вялікай вайны, а па вайне працягваў выстойваць – цяпер ужо ў бясконцых чэргах. Там, упёршыся запалай грудзінай на прыгорбленую сьпіну папярэдніка, мужчыны знаёміліся са сваімі будучымі жонкамі, у жанчын пачыналіся радавыя спохваты, усе разам лаяліся, той-сёй губляў прытомнасьць, зрэдчасу ў чэргах біліся, слухалі плёткі, разважалі на тэму – як было б добра, калі б Ленін пражыў яшчэ хаця б пяток гадоў і, нарэшце, спраўлялі фізіялягічныя патрэбы.

Камусьці можа падацца, што аўтар гіпэрбалізуе, згушчае фарбы. Ані! Я быў сьведкам, як у касе папярэдняга продажу авіяквітоў адзін небарака, што стаяў перад акенцам касы, нарабіў лужу. Дзіва што… у чалавека застарэлы прастатыт, а выйсьці з чаргі, у якой адстаяў чатыры гадзіны, не выпадала.

Салодкі пах нафталіну кружыць галаву. Многія мае суайчыньнікі з сумам, а некаторыя і з настальгічнай сьлязінай згадваюць маладосьць. Мне ж у маладосьці давялося паезьдзіць па камандзіроўках, і мінулае вяртаецца ў сьне натоўпам ля тых самых авія- ды іншых касаў. “Я стаяла за гэтай бірэменнай жэньшчынай!”, “Куды лезеш, к-казёл!”, “Жэньшчына, убірыце рыбёнка!” – прарываюцца праз сонную замарач галасы зь мінулага, і я перабіраю нагамі ў сьне.

У краіне разьвітога сацыялізму ў чэргах даводзілася стаяць не гадзінамі, а гадамі. Шэсьць гадоў трэба было адстаяць у чарзе па “Жыгулі”. Два гады чакалі, каб набыць звычайны дыван альбо кухонны гарнітур. Ну а на чэскі крышталь, польскую мэблю і японскую электроніку ў чэргі наагул не запісвалі.

Варта было ў прамтаварнай краме гукнуць: “Кофты выкінулі!”, як тут жа выстройвалася гаманкая чарга. І пільныя пакупнікі апрыёры выклікалі работнікаў аддзелу барацьбы з раскрадальнікамі сацыялістычнай уласнасьці. Яны мусілі спраўдзіць: усе кофты выкінулі ці штосьці прыхавалі на складзе. Тым часам усесаюзнае радыё навучала заціснутых у чэргах грамадзянаў моўнаму палітэсу. Так, у перадачы для аматараў расейскай мовы мовазнаўцы заклікалі грамадзянаў пытацца ў чарзе ня “хто крайні?”, а “хто апошні?”

Чэргі за часамі перабудовы набылі відарыс хваравітага гратэску – з начнымі пераклічкамі, вогнішчамі, з напісанымі на потных далонях нумарамі і выбітым шклом уваходных дзьвярэй. Ну а тое, што чынілася ля гарэлачных крамаў, згадваецца як страшны сон. Скончылася ўсё гэта пятнаццаць гадоў таму: потная, прэдынфарктная, злая на ўвесь белы сьвет краіна была прыдушаная ў чэргах.
XS
SM
MD
LG