Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Імёны Свабоды: Аляксей Філіпчанка</B>


Уладзімер Арлоў, Менск 6.11.1949, Расея — 31.7.1998, Наваполацак

Ёсьць людзі, якія тлеюць, і людзі, якія гараць. Аляксей Філіпчанка належаў да другіх і, на вялікі жаль, у дадзеным выпадку у гэтых словах няма ніякае мэтафарычнасьці: восем гадоў таму ён пстрыкнуў запальнічкай і ператворыў сябе ў жывую паходню...

Пачаўшы ў 1978-м кар’еру сьледчага ў адной з раённых пракуратураў, Аляксей вельмі хутка стаў “важняком” — абласным сьледчым ў асабліва важных справах. Ён спэцыялізаваўся на гэтак званых “пярэваратнях” — злачынцах у мундзірах: пракурорах, судзьдзях, міліцыянтах. Аляксей быў удзельнікам адмысловай сьледчай брыгады Пракуратуры СССР, што ў другой палове 1980-х займалася вядомай справай віцебскага маньяка Міхасевіча, які 15 гадоў заставаўся няўлоўным, у той час, калі за ягоныя злачынствы саджалі і нават расстрэльвалі бязьвінных людзей.

Відаць, якраз з таго часу Філіпчанка і нажыў сабе сярод некаторых віцебскіх “законьнікаў” заклятых ворагаў. Тым больш, што з прыходам да ўлады Лукашэнкі ён ня раз публічна заяўляў, што ў Беларусі, як некалі і за савецкім часам, праваахоўныя органы выйшлі з-пад кантролю грамадзтва. Аляксееў калега Леанід Сапранецкі называе яго ня толькі сьледчым найвышэйшага клясу, але і чалавекам з крыштальным сумленьнем.

У новай іпастасі праваабаронцы Філіпчанка дапамагаў адстойваць свае інтарэсы свабодным прафсаюзам ды іншым грамадзкім структурам, якія былі ня ў ласцы ва ўлады. Знаёмыя кажуць, што ён нагадваў “мужыцкага адваката” Францішка Багушэвіча — з гатовасьцю браўся за складаныя справы простых людзей.

Адна з такіх справаў сталася для яго фатальнай. У жанчыны-пэнсыянэркі, заслужанага будаўніка Беларусі Антаніны Воранавай, у абход закону забралі пакой у двухпакаёвай кватэры. Філіпчанка дабіваўся адмены гэтай пастановы два гады. Вычарпаўшы ўсе сродкі змаганьня зь беззаконьнем, Аляксей у роспачы адважыўся на крайні крок: пісьмова паведаміў, што, калі судовыя чыноўнікі не скасуюць рашэньне, ён публічна спаліць сябе. Улады нічога не зрабілі, каб прадухіліць трагедыю.

Гэта здарылася 8 ліпеня 1998 году. Яшчэ 23 дні Аляксей жыў у рэанімацыі, амаль увесь час знаходзячыся ў прытомнасьці.

Ягоны брат па духу Валеры Шчукін, які нёс на пахаваньні крыж, сказаў, што не ўхваляе ўчынку Філіпчанкі, бо апошнюю кулю трэба пакідаць для ворага, але дадаў, што бясконца захапляецца асабістай мужнасьцю калегі.

“Хартыя — 97” пасьмяротна прысудзіла Аляксею сваю першую прэмію за праваабарончую дзейнасьць.
XS
SM
MD
LG