Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У навучэнцаў Коласаўскага ліцэю пачаліся летнія вакацыі (фота)


Ігар Карней, Гданьск–Менск Сёньня з Польшчы ў Менск вярнуліся навучэнцы Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Цягам месяца яны карысталіся спэцыялізаванымі клясамі ды лябараторыямі навучальных устаноў Варшавы й Гданьску. А ўжо ад сёньня ў ліцэістаў пачаліся паўтарамесячныя вакацыі. Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас перакананы: спалучэньне навучаньня з адпачынкам стымулюе найхутчэйшую інтэграцыю падлеткаў у ліцэйскую сям’ю. Перадусім, гэта тычыцца новых навучэнцаў.

(Колас: ) “Гэта вельмі добрая акалічнасьць для інтэграцыі ў ліцэйскую сям’ю. Таму што лета, і яны ўсе разам 24 гадзіны на суткі. А калі нешта добрае, то да яго прызвычайваесься вельмі й вельмі лёгка. Ня так доўга ўсё было, як летась, – месяц супраць амаль двух у мінулым годзе. Але, зноў жа, навучаньне вельмі інтэнсіўнае й прадуктыўнае: пяць урокаў штодня, уключна з суботай. А яшчэ ў гэтым годзе, чаго не было ў мінулым, – абсалютна выдатнае надвор’е. Кажуць, што 220 гадоў не было такой тэмпэратуры. Дзень у дзень сонца, чым мы й карыстаемся – аздараўляемся. Яны ў нас кожны дзень на пляжы. Безумоўна, гэта ўсё цудоўна”.

Бальшыня ліцэістаў шкадавала, што месяц праляцеў так хутка. Першакурсьніца Паўліна параўноўвае навучаньне ў ліцэі й у звычайнай школе:

(Паўліна: ) “Розьніца адчуваецца. І, я думаю, у станоўчы бок, бо тут настаўнікі больш кваліфікаваныя. Лічу, што матэрыял яны выкладаюць значна лягчэй і больш даступна. Апроч таго, мне вельмі падабаецца школьная праграма, таму што яна таксама адрозьніваецца ад звычайнай: мы амаль не працуем па дапаможніках. Настаўнікі самі ўсё цудоўна ведаюць і да нас даносяць”.

Ліцэйскі дэбют быў ня толькі ў трох дзясяткаў падлеткаў. Клясны кіраўнік адной з групаў першакурсьнікаў Сяргей Русецкі – адзін з самых маладых выкладчыкаў. Ці ўдалося яму наладзіць кантакт са сваімі выхаванцамі?

(Русецкі: ) “Так, бясспрэчна. Пра гэта ня толькі можна гаварыць. Гэта ўжо відочна – мы інтэграваныя. У кагосьці напачатку была моўная праблема. Але 15 дзён яны пабылі, а, тым больш, месяц тут, у асяродку, – і загаварылі па-беларуску так, што й гэта перастала ўжо быць праблемай. Тым больш, яны зразумелі, якім ёсьць ліцэй, якія тут патрабаваньні, якія нормы, якія тут традыцыі. Прынамсі, той, хто, у прынцыпе, нам падыходзіць, той зразумеў. А хто не – будзем рабіць высновы ўжо вярнуўшыся зь Беларусі. Але такіх – адзінкі, і яны папросту ня будуць далей вучыцца, хутчэй за ўсё”.

У аднаго з заснавальнікаў ліцэю, выкладчыка гісторыі Алега Трусава цікаўлюся: як да ліцэістаў ставіцца мясцовае насельніцтва?

(Трусаў: ) “Да нас ставяцца вельмі добра. Перш-наперш таму, што па-беларуску гаворым. Бо для палякаў мова польская, культура – гэта сьвятое. Паляк за сваю мову жыцьцё аддасьць. І калі ён бачыць, што й беларусы такія ёсьць!.. А да беларусаў з боку палякаў стаўленьне, шчыра кажучы, ня самае лепшае: маўляў – саветы, камуністы. І калі прыяжджае вялікая група моладзі 14–16 гадоў, культурнай моладзі, і ўсе яны гавораць па-беларуску, то гэта ўражвае. Дарэчы, бальшыня й па-польску гаворыць. Палякам часта ўвогуле незразумела: беларус, дзіця, а па-польску гаворыць. Пасьля гэтага сытуацыя зьмяняецца. Таму нас прымалі вельмі добра. І самае цікавае: надзвычай спрыяльна ставяцца польскія маладыя людзі”.

Абмежаваны час знаходжаньня ў Польшчы не дазволіў рэалізаваць усе амбіцыйныя пляны – перадусім, што тычыцца сустрэчаў з выбітнымі польскімі дзеячамі. Аднак візыт да мэра Гданьску Паўла Адамовіча, сустрэча з былым прэм’ер-міністрам Польшчы Ежы Бузэкам, кантактаваньне з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Гданьску адбыліся. А пры канцы знаходжаньня ў Варшаве ліцэістаў наведаў Зянон Пазьняк.


Новае ліцэйскае папаўненьне


Навучаньне адбывалася на тле цікавостак старадаўняга Гданьску…


…і “хай-тэку” Варшавы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG