Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 28 ліпеня


Дзьмітры Падбярэскі, Менск Вітаю аматараў паблукаць па беларускім Інтэрнэце! Магчыма, мае падказкі дапамогуць вам адшукаць сёе-тое цікавае.

Зьвяртаю вашую ўвагу на тое, што сёньня адзначаецца прафэсійнае сьвята — Дзень сыстэмнага адміністратара. У сваім ЖЖ-дзёньніку franz_josef нагадвае, што ў вэб-майстраў ёсьць нават свой сьвяты: “шэсьць гадоў таму папа Ян Павал II афіцыйна назваў сьвятога Ісыдара апекуном карыстальнікаў кампутараў і Інтэрнэту”.

Сайт www.bulletinonline.org інфармуе пра тое, як выратавалі возера ў Баранавічах ад сьмецьця: “Некалькі маладых людзей ачысьцілі ў суботу, 22 ліпеня, берагавую лінію Сьвяцілаўскага возера”. “Мы робім гэта зь сябрамі абсалютна па сваёй волі, – распавёў адзін з удзельнікаў “суботніка” Павал. – Проста ўжо стала немагчыма глядзець кожны дзень на ўвесь гэты бруд. Члены БРСМ за гэтую справу чамусьці ня хочуць брацца…” Ну дык… Гэта ж працаваць трэба.

На старонцы з навінамі сайту радыё Радиус FM Аляксандар Зімоўскі, аўтар і вядоўца праекту “Сцэнары 2020” і вядоўца праекту Аляксандар Мартыненка выступілі з пасьляслоўем, у якім між іншага гаворыцца: “Ідэі праекту “Сцэнары 2020” знарок быў нададзены правакацыйны характар, а ролю “нажыўкі” для апазыцыйных экспэртаў і інтэрнэт-аналітыкаў ігралі тэксты вядоўцаў. Гэта былі свайго роду псыхалягічныя міны-расьцяжкі”! Як кажуць, без камэнтароў...

У ЖЖ-суполцы minsk_by пабачыў цікавую аб’яву. Suvenir піша: “Менск, увага! 29 ліпеня ў 20.00 адбудзецца гарадзкі конкурс графіці, арганізаваны клюбам “Бліндаж”. Даведкі па тэлефоне 709-03-92”. Цікава, колькі сярод гледачоў будзе супрацоўнікаў міліцыі?

ЖЖ-суполка minsk_by. Нехта peramoga адзначае: “У нашай прапаганды з крэатывам, як заўсёды, туга. Нядаўна ў парушэньне ўсіх нормаў абшукалі дыплямата з Латвіі. Што здолелі прыдумаць штатныя ідэолягі, каб замяць скандал? Нічога новага. Гэты варожы імпэрыяліст – о жах! – распаўсюджваў парнуху. Толькі дзеля гэтага і пралезьлі адважныя беларускія пінкертоны ў ягонае гнюснае логава і выратавалі Беларусь ад заходніх прошукаў”.

Гаспадыня новага цалкам беларускамоўнага сайту horad.exe.by palasatka піша: “Кожны перабудоўвае горад пад сябе. І няважна, якім чынам. Ці ён проста дабудоўвае гаўбец да свайго вакна, ці перасоўвае нязручна пастаўленую сьметніцу, альбо стварае новы манумэнт, будуе чарговы паркінг. Кожны робіць усё магчымае для сваёй зручнасьці. Горад — гэта адначасова і вялікі лядовы палац, і колер, у які пафарбаваныя рамы твайго вакна”.

На галоўнай старонцы сайту бухгальтараў Дохтер пытаецца: “Народ! Падкажыце. На наступным тыдні ў госьці прыяжджае дзелавы партнэр з Кітаю. Завуць містэр Minghui. Як да яго лепш зьвяртацца?” Дапамажыце чалавеку…

* * * Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітры Падбярэскі, шчэ сустрэнемся…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG