Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўскі тэатар завяршае сэзон прэм’ерай


Радыё Свабода, Менск Пад заслону 86-га тэатральнага сэзону ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера. Новы спэктакль, прысьвечаны 250-годзьдзю Вольфганга Амадэя Моцарта, – “Маэстра. Рэпэтыцыя аркестру ў 2-х частках” – чарговая рэжысэрская праца Аляксандра Гарцуева, стваральніка “Кіма” і здадзенай у архіў “Крывавай Мэры”. У галоўнай ролі занятыя маладыя зоркі тэатру – Аляксандар Малчанаў і Раман Падаляка. На прэм’ерным паказе прысутнічала сама аўтарка – сучасны ўкраінскі драматург Марыя Ладо.

З п’есай Марыі Ладо, выпускніцы рэжысэрскага аддзяленьня маскоўскага інстытуту кінэматаграфіі, Аляксандар Гарцуеў пазнаёміўся два гады таму. Цікавая акалічнасьць: сама п’еса была напісаная ў 1997 годзе, але сёлетняя пастаноўка ў Купалаўскім – яе першае сцэнічнае ўвасабленьне. Па словах аўтара, п’еса ўсім падабалася, аднак брацца за яе ніхто не хацеў.

Аляксандра Гарцуева “Маэстра” прывабіў нечаканым падыходам да тэмы Моцарта і арыгінальным сюжэтам. У цэнтры ўвагі аўтаркі і рэжысэра – лёс творчай інтэлігенцыі, а асноўны канфлікт п’есы – адвечнае супрацьстаяньне Моцарта і Сальеры.

У спэктаклі занятая практычна ўся моладзь тэатру, акторы сярэдняга і старэйшага пакаленьняў, што ня дзіўна – у п’есе 26 дзейных асобаў, амаль сапраўдны сымфанічны аркестар. Дваццаць шэсьць розных галасоў і жыцьцёвых гісторыяў, сярод якіх галоўную партыю выконвае Маэстра – фантасмагарычная фігура геніяльнага Моцарта.

Сваімі ўражаньнямі ад п’есы дзеліцца маладая зорка купалаўскай сцэны Сьвятлана Зелянкоўская, занятая ў новай пастаноўцы.

(Зелянкоўская: ) “Тэма вельмі цікавая. І менавіта для актораў, таму што тэма зьвязаная з творчасьцю. Кожны з нас ня ведае, што ёсьць геній, што хаваецца ў кожным творчым чалавеку, як знайсьці таго самага генія і не згубіць яго, як можна быць правадніком таго боскага, што даецца зь нябёсаў. Я ведаю, што гэтую п’есу цяжка было паставіць, яна складаная для пастаноўкі. У нас, мне здаецца, атрымалася”.

Адзначым, што праблема творчасьці, тым ня менш, не адзіная тэма драмы “Маэстра”. У шматгалосым творы, што выконваюць аркестранты, можна заўважыць дэталі жыцьця сучасных людзей, турботы і праблемы, сугучныя з тым, што перажываюць гледачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG