Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Ляшкевіч: “У турме тых, зь кім сядзіш, называюць пасажырамі".


Радыё Свабода Учора на волю выйшаў шчучынскі актывіст Сяргей Ляшкевіч, які ў часе выбарчай кампаніі працаваў у камандзе Аляксандра Мілінкевіча. Дома ў Сяргея Ляшкевіча пабываў наш карэспандэнт

Найперш я запытаўся ў Сяргея Ляшкевіч пра першыя ўражаньні па дарозе дадому.

(Ляшкевіч: ) «Нармалёва, было цікава паглядзець на прыроду, на сонейка. Адвык ад гэтага за чатыры з паловай месяцы».

Мы разам заходзім у пакой. Сына сустракае маці.

(Карэспандэнт: ) «Які у вас настрой, спадарыня Ірына?»

(Ірына Ляшкевіч: ) «Думаю, усё страшнае ўжо ў мінулым. Сустрэла сына, радасьць.»

Родныя і сябры зьвяртаюць увагу, што Сяргей схуднеў, твар зусім бледны. Побач - сябра спадар Мікола Хільмановіч:

(Хільмановіч: ) «Заехалі на Нарач, пакупалі Сярожку пасьля гэтай турмы, яму спадабалася».

Сяргей Ляшкевіч, кажа, што адвык ад усяго цывільнага, праўда, дадае, што хутка ізноў прывыкне. Пытаюся , якія ўмовы былі ў камэры.

(Ляшкевіч: ) «Умовы былі розныя: ад прымальных да тых, якія можна пабачыць у фільмах пра канцэнтрацыйныя лягеры.»

Сяргей Ляшкевіч распавядае, што зь ім адбывалі пакараньне розныя людзі: ад тых, хто відавочна не вінаваты й тыя, хто забіваў іншых людзей. І сяброў, зь яго слоў, там не заводзяць.

(Ляшкевіч: ) «У турме сяброўскіх адносін амаль ніхто не ўсталёўвае, таму што тых, зь кім сядзіш, называюць пасажырамі».

На разьвітаньне пытаюся, чым Сяргей зьбіраецца займацца далей.

(Ляшкевіч: ) «Далей, думаю, буду займацца палітычнай дзейнасьцю, тым, чым й займаўся».
XS
SM
MD
LG