Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму гарэў гарадзенскі Катэдральны касьцёл? (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня З факту пажару ў гарадзенскім Катэдральным касьцёле заведзена крымінальная справа. За верагодныя на цяперашні момант разглядаюцца тры вэрсіі здарэньня. Каб ацаніць страты, храм наведала камісія з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры Беларусі. Пацярпелы ад пажару алтар таксама агледзелі польскія спэцыялісты.

У дзень здарэньня кіраўніцтва абласной службы ратаваньня заявіла, што магчымасьць падпалу ў Катэдральным касьцёле выключаецца. Аднак неафіцыйна стала вядома, што сьледзтвам будуць вывучацца тры магчымых прычыны: пажар ад замыканьня электраправодкі, падпал і ўзьнікненьне агню ад самазапальных рэчаў, што маглі знаходзіцца каля алтару. Крымінальная справа датычыць артыкулу 219-га: зьнішчэньне маёмасьці зь неасьцярожнасьці з асабліва буйнымі стратамі.

Катэдральны касьцёл зьяўляецца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэньня. Алтар агледзела камісія складам каля дзесяці чалавек. Зь Міністэрства культуры прыяжджаў Іван Майсеенка, намесьнік дырэктара прадпрыемства “Праект-рэстаўрацыя”. Ён патлумачвае:

(Майсеенка: ) “Усё будзе рэстаўравацца й аднаўляцца – гэта адназначна. Цяпер цяжка сказаць, колькі гэта будзе каштаваць. Таму што камісія ўчора менавіта й зьбіралася, каб вызначыць аб’ёмы страт, учыненых пажарам. Чатыры скульптуры страчаны – ляжаць на падворку, абвугленыя”.

Паводле спадара Майсеенкі, у складзе камісіі былі розныя спэцыялісты.

(Майсеенка: ) “Былі, напрыклад, спэцыялісты з хімічнай лябараторыі. Яны ўзялі некаторыя пробы: там жа ня толькі алтар пацярпеў, а таксама й тынкоўка”.

Іван Майсеенка зазначае, што камісія склала чарнавы варыянт акту пасьля агляду алтара Катэдральнага касьцёлу.

Гарадзенскі гісторык архітэктуры Ігар Трусаў сустракаўся з двума спэцыялістамі па рэстаўрацыі з Варшавы, якія прыехалі ў Горадню неафіцыйна й, паміж іншага, наведалі Катэдральны касьцёл. Са слоў спадара Трусава, яны лічаць, што пасьля пажару варта правесьці інвэнтарызацыю ў храме, каб вызначыць сапраўдны аб’ём страт і рэальны кошт рэстаўрацыі. Дарэчы, паводле беларуска-польскай дамовы пра сумесную ахову гісторыка-культурнай спадчыны, існуе супольная камісія, якая мае займацца такімі пытаньнямі.

На здымку: уваход у гарадзенскі Катэдральны касьцёл

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG