Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчучынскі актывіст Сяргей Ляшкевіч выйшаў на волю (абноўлены)


Міхал Карневіч, Горадня Сёньня прыкладна каля 11 гадзін шчучынскі актывіст Сяргей Ляшкевіч вызвалены датэрмінова з Глыбоцкай турмы. У першым сваім інтэрвію для Радыё Свабода ён заявіў, што турма не зьмяніла ягоных палітычных поглядаў.

Я зтэлефанаваўся зь Сяргеем Ляшкевічам у першыя хвіліны ягонага знаходжаньня на волі. Яго сустракала матуля, Ірына Ляшкевіч. Вось словы спадара Ляшкевіча:

(Ляшкевіч: ) “Усё нармальна. Яшчэ трохі зьбянтэжаны, дрэнна пакуль арыентуюся на волі”.

Што да самаадчуваньня, дык Сяргей робіць выснову: турма, вядома, не пайшла на карысьць. Аднак на волі малады чалавек, які хварэе на астму, спадзяецца паправіць здароўе.

Напачатку – прызнаецца былы вязень – было даволі складана, асабліва псыхалягічна, але з часам звыкся і з гэтым. А вось з тым, што ў камэры не хапала паветра (разам сядзелі 16 чалавек) звыкнуцца было вельмі цяжка.

(Ляшкевіч: ) “Падсоўваліся да дзьвярэй, да шчыліны, каб папросту ўдыхнуць больш-менш чыстага паветра, бо ў камэры наагул не было чым дыхаць”.

У камэры, дзе сядзеў Сяргей Ляшкевіч, палітзьняволеных не было. Ён ведаў, што сюды прыбыў адбываць пакараньне астравецкі палітвязень Іван Крук, але пабачыць таго не давялося.

Пытаюся: зь якім настроем выйшаў на волю? Вось што адказаў мне Сяргей:

(Ляшкевіч: ) “Радасьць ад таго, што бачу зялёныя дрэвы, блакітнае неба. Па-другое, хачу сказаць: калі нехта думае, што з дапамогай турмы нас можна змусіць адмовіцца жыць у вольнай дэмакратычнай краіне, то памыляецца”.

Сяргей Ляшкевіч, актывіст з каманды Аляксандра Мілінкевіча, падчас выбарчай кампаніі быў арыштаваны й засуджаны на пяць месяцаў арышту. Суд палічыў, што ён рыхтаваў аднаго са шчучынскіх маладзёнаў да ўдзелу ў масавых беспарадках у Менску. Калі б не датэрміновае вызваленьне, то Сяргей Ляшкевіч павінен быў бы выйсьці на свабоду 11 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG