Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 ліпеня 1990 г. была прынята Дэклярацыя аб сувэрэнітэце Беларусі


Радыё Свабода 27 ліпеня ў 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Да рэфэрэндуму 1996 году гэта было галоўнае дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь – Дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту.

Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце прымаў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня на сваёй першай сэсіі. Гэтае пытаньне ўключылі ў парадак дня як першачарговае. Была ўтвораная адпаведная камісія ў складзе 35 народных дэпутатаў пад кіраўніцтвам тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савету спадара Дземянцея. Тагачасны дэпутат Анатоль Вярцінскі згадвае, што на той момант свае Дэклярацыі аб сувэрэнітэце прыняла Расея і Ўкраіна.

(Вярцінскі: ) “Вядома ж, калі б не была прынята дэклярацыя Расеі, Украіны, то Дземянцей не рызыкнуў бы з такім пытаньнем выходзіць. Без катэгарычных пярэчаньняў прымаліся нават самыя радыкальныя палажэньні, скажам, аб стварэньні ўласнай грашовай сыстэмы, аб захаваньні нацыянальнай, гістарычнай сымболікі, аб праве на ўласныя збройныя сілы…Сама праца камісіі ішла ў такой атмасфэры. Ну, іншая справа, як разьвіваліся падзеі ўжо потым, на пленарных паседжаньнях Вярхоўнага Савету, – там ужо ішлі баталіі”.

Самы актыўны ўдзел у гэтай справе прыняла апазыцыя БНФ, якая мела свой праект Дэклярацыі. У самы крытычны момант, калі Вярхоўны Савет дамогся, каб у Дэклярацыі было запісана, што Беларуская ССР выступае за заключэньне новай саюзнай дамовы, 28 апазыцыйных дэпутатаў дэманстратыўна выйшлі з залі Вярхоўнага Савету. Прыгадвае Лявон Дзейка:

(Дзейка: ) “Вось гэты выхад дэпутатаў з залі Вярхоўнага Савету, і мы ўжо потым удзел у пасяджэньні не прымалі, мне падаецца найбольш драматычным момантам”.

І толькі ў жніўні 1991 году, калі ў Маскве праваліўся путч, на патрабаваньне апазыцыі БНФ Дэклярацыя нарэшце атрымала статус канстытуцыйнай сілы.

Паводле Анатоля Вярцінскага у гэтым дакумэнце тлумачылася, што азначае само паняцьце сувэрэнітэт.

(Вярцінскі: ) “Дэклярацыя ўдакладняла, што дзяржаўны сувэрэнітэт сьцвярджаецца ў імя вышэйшай мэты – свабоднага разьвіцьця і дабрабыту, годнага жыцьця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забесьпячэньня правоў асобы. Вось адзін з парадоксаў нашага сёньняшняга грамадзка-палітычнага жыцьця – дакумэнт не адменены і ў той час яго не прымяняюць, больш таго – нават не згадваюць”.

Паодле Лявона Дзейкі змаганьне за сувэрэнітэт і сёньня актуальнае.

(Дзейка: ) “Дзяржава незалежная трымаецца на грамадзтве, на людзях, на традыцыях гэтага народа, на грамадзянскай супольнасьці. Бачна, што нават сёньня ўсе гэтыя палітычныя зьняволеныя таксама церпяць за тое, што змагаюцца за незалежную краіну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG