Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя рок-музыкі гатовыя выступіць з нагоды Дня незалежнасьці


Радыё Свабода Сёньня на плошчы Бангалор у Менску плянаваўся мітынг і канцэрт, прысьвечаныя 16-й гадавіне абвяшчэньня Дзяржаўнага сувэрэнітэту. Менгарвыканкам забараніў сьвяточную імпрэзу, удзел у якой меліся ўзяць вядомыя беларускія палітыкі й музыкі.

Пра свой удзел ў канцэрце заявілі такія вядомыя гурты як “Нэйра-Дзюбель”, “Крама”, “NRM”, а таксама Аляксандр Памідораў й іншыя. Ігар Варашкевіч :

(Варашкевіч: ) “Мы ўдзельнічалі ва ўсіх акцыях й баяцца нам няма чаго. Гэта нашая грамадзянская пазыцыя. Усё”.

Лідэр гурту “NRM” Лявон Вольскі кажа, што хоць і пагадзіўся выступіць на канцэрце, але быў амаль упэўнены, што яго забароняць і вось чаму.

(Вольскі: ) “Мы й не спадзяваліся, што яго дазволяць. На апошнім перадвыбарчым канцэрце вельмі шмат людзей было. І ў гэтай сытуацыі яны не дазволяць ніводнага канцэрта на гэтым Бангалоры правесьці. А мы, па-першае, хацелі паказаць новыя песьні. А па-другое, мы заўсёды ігралі на мітынгах. Гэта нашая пазыцыя й я ня бачу тут нічога ні страшнага, ні дзіўнага. А тыя музыкі, якія кажуць, што яны далёкія ад палітыкі й займаюцца чыстай творчасьцю, гэта людзі альбо недалёкія, альбо малаадукаваныя”.

Прыкладна гэтаксама разважае й Аляксандар Кулінковіч з “Нэйра-Дзюбеля”.

(Кулінковіч: ) “Не, мяне абсалютна гэта не палохае. Я маю закон у сабе. Я лічу, што закон, нават калі ён і кепскі, гэта закон. Я законы выконваю. Мне вельмі шкада, што нашая ўлада гэтыя законы парушае, хоць сама ж іх і піша. Я жыву паводле закона, а таму не баюся граць на такіх канцэртах. А тое, што вакол творыцца беззаконьне, гэта не мая праблема, а тых, хто гэта робіць”.

Пасьля канцэрту трохгадовай даўніны, які таксама адбыўся на Бангалоры, канцэрты падчас мітынгаў засталіся адной зь нямногіх магчымасьцяў выступіць згаданым музыкам перад сваімі прыхільнікамі. Але ўдзел у сьвяткаваньнях 27 ліпеня гэта яшчэ й шанаваньне падзеяў сучаснай гісторыі. І тое, што ўлада забараняе імпрэзу, сьведчыць толькі пра яе абмежаванасьць, кажа музыка й сьпявак Аляксандр Памідораў.

(Памідораў: ) “Гэта даніна павагі таму, што адбылося ў 1991 годзе. Гэтую дату трэба паважаць. І ўсе гэтыя 3 ліпеня ці што яны яшчэ там выдумляюць…Я ведаю, што незалежнасьць Беларусі абвяшчалі двойчы, 25 сакавіка і 27 ліпеня. Іншага дня незалежнасьці для мяне папросту няма. Забарона гэтага канцэрту – гэта чарговае глупства й тупасьць уладаў. Я ня ведаю, як яшчэ можна назваць тое, што робяць людзі, надзеленыя ўладай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG