Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Які ён палітык, калі ў яго такія сябры, як прэзыдэнт Вэнэсуэлы?! Не дарма кажуць: скажы мне, хто твой сябра, і я скажу, хто ты".


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за сераду, 26 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Ларыса, пэнсіянэрка зь Менску: ) “У падтрымку Казуліна шмат выступіла людзей на вуліцах нашых гарадоў і па тэлефоне “Свабоды.” Ды і подпісаў сабрана шмат на плошчы Бангалор. Таму бачна, што людзі неабыякава адносяцца да таго, што прысуд суровы і несправядлівы, і яго трэба перагледзець і адпусьціць чалавека на волю, дзе ён прынясе шмат карысьці нашаму грамадзтву і нашай моладзі, яго веды вельмі патрэбныя. І я была вельмі задаволеная і ўражаная тым, што адзін слухач, які (я яго пазнала па голасу) увесь час у сваіх выступах на “Свабодзе” адмоўна ставіўся да апазыцыі, і прыватнасьці да Казуліна, празь нейкі час перагледзеў свае погляды, і надоечы я чую, што ён кажа: “Пакаралі і хопіць, хлопца трэба адпусьціць на волю”. Хацела б, каб яго голас пачуў Лукашэнка. А я гэтаму чалавеку вельмі ўдзячная, бо вельмі мне балюча за маці Казуліна: калі яна выступала, гэта быў крык душы. У мяне таксама два дарослых сына, я ёй спачуваю. Адзін чалавек сказаў: “Аддайце! Аддайце Казуліна!” Вось да гэтага чалавека трэба прыслухацца, каб ён, Казулін, быў на волі”.

(Валянцін Кавальчук: ) “Сёньня атрымаў ліст зь Міністэрства Сувязі і Інфарматызацыі: “Міністэрства Сувязі і Інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела вашую заяву і паведамляе: Вашая папярэдняя заява наконт несвоечасовага атрыманьня Вамі газэт была разгледжана, і Вам быў дадзены вычарпальны адказ. Адносна доўгага тэрміну перасылкі заказных пісем паведамляем, што па сканчэньні тэрміну даўнасьці захоўваньня дакумэнтацыі правесьці праверку не прадстаўляецца магчымым. Паўторная заява ня ўтрымлівае новых довадаў і зноў адкрытых абставін, таму ў адпаведнасьці з артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”, перапіска па дадзенаму пытаньню з вамі спыняецца. Намесьнік начальніка аддзела паштовай сувязі А.І.Субоцін.” Справа ў тым, што я пісаў пра тое, што мае пісьмы расьпячатваліся і чыталіся, прыходзілі мне лісты ледзь-ледзь склееныя, бачна было, што іх расьпячатвалі, і адно маё пісьмо заказное без паведамленьня ішло дзесьці дзесяць дзён, праўда, гэта было некалькі год таму. Мне газэта не прыходзіла, я выпісаў, а яна не прыйшла. Я там шмат чаго ім пісаў, а вось такі адказ. І сёньня я званіў наконт гэтага гудзеньня правадоў. Мне падпісаў гэта пісьмо Якубовіч П.В., аднак працаваў з маім пісьмом Герасімчык. Я вось званіў яму па тэлефоне, які тут указаны, ён сказаў, што гэта ня іх праблема, у прынцыпе, што іх віны тут няма. Я ня ведаю тады, чыя гэта віна і адкуль гэта напружаньне ўзьнікае, менавіта ў позьні час. Вось зараз ужо ў двух месцах гудзе, было чуваць. Мабыць, пачулі маю размову з гэтым чалавекам, што ніхто ўжо правяраць ня будзе, што віны тут няма іх, і што адказ прыйшоў, адпіска. Значыць, можна нахабнічаць. Я ўжо знаёмы з гэтым, у школе ў мяне такая сытуацыя была. Адпіскі пасылаюць, а потым яны зь мяне зьдзекуюцца…Я нават запісваў, калі гэты гул у мяне пачаўся: 31 сьнежня 2005 года зь дзесяці гадзін вечара прыкладна і да 6 гадзін раніцы. Гул страшэнны тады быў: вібрыравала сьценка. Пакуль правады не замянілі, у мяне гул страшэнны быў. Потым 13 студзеня на Стары Новы год каля 23 гадзін гул пачаўся і працягваўся прыкладна да 7 гадзін раніцы 14 студзеня 2006 года, нават да 7.50. Потым перасталі. Потым я пісаў, што выйшаў з хаты пасьля 19. Як зайшоў, гулу не было, а праз хвіліны дзьве, пачаўся гул. Нейкі чалавек, які адсочвае мой кожны крок, як гаворыцца, нешта там ці паведамляе, ці адключае, я ня ведаю гэтага...

Проста ў мяне яшчэ такая інфармацыя ёсьць. Я ня ведаю, у курсе вы ці не. Ужо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на Маторны завод ў Менску павінен быў прыехаць прэзыдэнт тады. Дык вось, рабочых усіх замкнулі ў адным цэху, прывезьлі чатыры "Ікарусы" сваіх, пераапранулі ў рабочае адзеньне, і вось яны давалі інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню і прэзыдэнту. Мне проста адзін чалавек расказаў, які там быў, і якому рабочыя расказалі. Гэта можна высьветліць у рабочых. У вас такой інфармацыі няма? Як людзям простым дураць галаву па тэлебачаньні. Ну, хто там паедзе і гэта праверыць? Дзякую за ўвагу”.

(Спадар: ) “Сёньня будзе запушчаны спадарожнік, і па вашаму радыё зноў крыку… Назад завуць, да першабытна-абшчыннага ладу. Зноў на дрэвы нас заганяюць, у пячоры… Ня трэба нам спадарожнік, можна і таньней нешта купіць. Так, пайсьці ў краму і купіць там дзіцячы геаграфічны атляс. Слушна. Нават не разумеюць, навошта спадарожнік запускаюць! І, на жаль, гэта выступае паважаны Вайтовіч. Гэта нікуды ня варта! Ужо пастарэў дзед зусім, мабыць, і ад старасьці ўжо глупствам займаецца. Спадарожнік патрэбен. І вось разумна і кваліфікавана сказаў наш касманаўт, наш любімы, дарагі беларус. Вось на каго трэба арыентавацца, каб дакладна, толькі так трымаць! І ніякія там апазыцыянэры, дзікія, цёмныя людзі, няхай нам не перашкаджаюць ісьці. Мы ўсё роўна будзем ісьці. Калі ёсьць у вас да прэзыдэнта нейкія крытычныя пытаньні, задавайце. Я ўвесь час выступаю з крытычнымі матэрыяламі наконт недахопаў, што ёсьць у рэспубліцы. Апошняе, пра што я казаў, гэта, што трэба падтрымаць бедных людзей, якія па сваёй волі ці выпадкова сталі бяздомнымі, бадзягамі, зьбіраюць бутэлькі, сталі п’яніцамі…Трэба вырашаць гэтую сацыяльную праблему”.

“Вось вазьміце, напрыклад, апазыцыйныя партыі: Камуністычная партыя Расеі, Жырыноўскага партыя, партыя Яблака, партыя правая і гэтак далей. Усе людзі ведаюць пра іх. Выдатна ведаюць. І наконт Жырыноўскага ўсё правільна. Чаму іх ведаюць? Таму што яны ўдзельнічаюць у дзяржаўных структурах. Яны змагаюцца і крытыкуюць урад за што? За канкрэтныя недахопы, якія перашкаджаюць паляпшаць узровень жыцьця расейцаў, недахопы зьвязаныя зь бюракратамі, зь няслушнымі рашэньнямі…А ў нас? Карпаратыўныя нейкія затхлыя людзі сабраліся, аб’явілі сябе партыяй, і ніхто не зразумее, чаго яны хочуць. Адзінае праславутае, як кошка дохлая ў зубах: “Свабода, свабода!” І гэты Мілінкевіч – нейкі страшны чалавек, ён будзе на выбарах у мясцовыя саветы змагацца за свабоду, нешта агітаваць. Чхаць людзям на гэтыя словы! Ты канкрэтна скажы, што трэба зрабіць для паляпшэньня становішча працоўнага чалавека. Ніхто не асудзіць цябе, ня схопіць, не пасадзіць, сьмела выступай у друку, на сходах, на радыё, дзе заўгодна! Ніхто і слова ня скажа!”

“Вы ведаеце, я быў добра ўражаны і зьдзіўлены вашай рэдакцыяй, якая прадставіла пераклад на беларускую мову Лермантава, па-мойму “Белеет парус одинокий”. На беларускай мове гэты твор (што значыць клясыка!) прагучала лепш, чым на рускай мове. Гэта цуд! А вы там пераклад нейкіх польскіх чатырохрадкоўяў нам, нават самы лепшы… Глупства… І дзікасьць гэтыя пераклады. Ня толькі расейскіх паэтаў перакладайце на беларускую мову, а іншых таксама. Я зьдзіўлены і вельмі задаволены вамі. Так трымаць”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я чула, якісьці чалавек перадаваў на Радыё Свабода, што Амэрыка перашкаджае Беларусі. Няпраўда. Мы просім вас: будзьце разам з намі. Калі б не вы і не Амэрыка, то тут бы ўжо нас ня стала, перадушылі б. Гэта страшны чалавек выступаў. Мы радыя, што Амэрыка ёсьць, мы радыя, што “Свабода” нас абараняе ад дзідаў, я так магу сказаць. Дзіда бярэцца, каб узяць сілу і нас усіх вынішчыць. Ня трэба нам запускаць спадарожнік. У нас бедная Беларусь. Столькі грошай, дзесяць мільёнаў палажылі на што?! Лукашэнку абы грошы куды ўсунуць. Лукашэнка страшны чалавек для нашай краіны. І каб не Амэрыка, нас бы нікога тут не было. Просім вас, будзьце з намі, мы вас паважаем, мы вас чакаем і мы ідзем з вамі і ўсе нашы людзі добрыя ідуць з вамі. Дзякую за ўвагу”.

(Спадар: ) “Скажыце, каго можна знайсьці з журналістаў Радыё Свабода ў Гародні? Маё імя Гранатовіч Іван Вітальевіч. Тэлефон у Гродна: ххх. Дзякуй”.

(Тарасава зь Менску: ) “Мудрову пытаньне. Да вайны руплівы гаспадар павінен быў мець у хаце ложак мэталічны, зьверху нікеліраваны, матрац вялікі на ложку двуспальны і вялізную шафу з фанэры. Адкуль да нас прыйшла гэта мода? Гэта было гэтак жа прэстыжна, як гумавыя боты, гармонік і ўся кашуля “ў пеўнях” у вясковых хлопцаў”.

(Спадарыня: ) “Пры кіраўніцтве Лукашэнкі ў нас у Беларусі вельмі пагоршылася жыцьцё. Дрэнна жывуць пэнсіянэры і працоўны кляс. Ён толькі глядзіць за сваімі сілавымі структурамі, каб уладу не згубіць, мяняе праз кожныя два гады ім форму, дае заробкі і пэнсіі, усім структурам сілавым. Астатнія жывуць вельмі бедна і дрэнна”.

(Спадарыня з Магілёву: ) “Раніцай чула тэлефанаваньне, у якім мужчына хваліў Лукашэнку як палітыка, патрэбнага чалавека, лідэра…Якая там палітыка?! У добрага палітыка наўкола сябры, якія дапамогуць у цяжкія часы. У Лукашэнкі толькі эгаізм, яму дарагая толькі яго пэрсона, а не народ Рэспублікі Беларусь. Ад жабрацкай долі просты народ яго праклінае, жадае, каб яго хутчэй скінулі. Які ён палітык, калі ў яго такія сябры, як прэзыдэнт Вэнэсуэлы?! Не дарма кажуць: скажы мне, хто твой сябра, і я скажу, хто ты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG