Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая група беларускіх уцекачоў зь Лібану прыляцела ў Менск


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня раніцай у Нацыянальны аэрапорт “Менск” з Дамаску прыляцеў другі чартэрны самалёт зь беларускімі грамадзянамі – уцекачамі з зоны канфлікту на Блізкім Усходзе. Сёньня ў Беларусь прыбыло 114 уцекачоў зь Лібану, усяго за час канфлікту – больш за 420.

Ад позьняй ночы родзічы беларускіх грамадзян, якія вырашылі эвакуавацца зь Лібану, чакалі рэйсу з Дамаску. Ля выхаду з аэрапорту дзяжурылі машыны “хуткай дапамогі”, сярод лекараў быў і псыхоляг. Самалёт спазьніўся на дзьве гадзіны – з прычыны затрымкі вылету зь Менску. Рэйс суправаджаў прадстаўнік “Лібанскіх авіяліній” у Менску Кандагджы Басэм.

(Басэм: ) “Усе прыляцелі, дзякаваць Богу, здаровыя – 114 пасажыраў, зь іх 78 дарослых, 22 дзіцяці ад 2 гадоў, 14 немаўлят”.

Гэтым разам, адрозна ад рэйсу 21 ліпеня, пералёт быў бясплатны для ўсіх уцекачоў. Пасажыры казалі, што ў Дамаску ўсё было добра арганізавана, але скардзіліся на вялікі кошт месца ў аўтобусах, якія вывозілі беларускіх уцекачоў з Бэйруту, – 85 даляраў, з дарослых і дзяцей. Гаворыць лекар Ганна Гарум, якой давялося зачыніць сваю клініку ў Лібане:

(Гарум: ) “Абслугоўваньне было не на патрэбным узроўні, улічваючы наш псыхалягічны стан. Дый матэрыяльны – таксама. Былі дзяўчаты, якія не маглі заплаціць за месца… Увогуле гэта бесчалавечна, нават калі б прасілі 5 даляраў… Яны ведаюць, адкуль мы выяжджаем”.

Калі наладжваўся першы рэйс для беларускіх уцекачоў зь Лібану, дык некаторыя з тых, хто заставаўся, думалі, што вайна хутка скончыцца, і таму не зьбіраліся ад’яжджаць. Апошнія падзеі змусілі іх перадумаць. Муж Ганны Гарум пакуль застаўся ў Лібане. Жанчына спадзяецца, што ён прыедзе ў Беларусь, і яны разам уладкуюцца ў адным зь менскіх шпіталяў.

(спадар Гарум: ) “Спаць трэба спакойна, а не сядзець над дзецьмі й пільнаваць, каб яны не палохаліся па начах. Гэта шмат чаго каштуе… Таму я думаю: нічога страшнага не адбудзецца, калі мы тут застанемся”.

Спадарыня Алена жыве ў Лібане 25 гадоў, яна ўладальніца крамы адзеньня ў Бэйруце, якую ў сувязі з вайной давялося зачыніць. Яна спадзяецца вярнуцца ў Лібан, як толькі вайна скончыцца й адновіць працу аэрапорт Бэйруту.

(Спадарыня Алена: ) “Там кожныя 10 гадоў войны, іх не перачакаеш. Мы першую вайну перажылі й гэтую, я думаю, як-небудзь... Па тэлебачаньні так разьдзьмулі, што нібыта там няма вады й пітва. Усё ёсьць. Хаця, канечне, падаражэла”.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў паведаміў, што гэта апошні чартэр зь беларускімі ўцекачамі зь Лібану. На чужыне яшчэ засталося каля 50 беларусаў, але яны вырашылі не вяртацца на радзіму на час канфлікту.

(Папоў: ) “Людзі, якія вырашаць усё ж пакінуць Лібан, будуць да нас зьвяртацца, і ў індывідуальным парадку мы будзем зь імі працаваць, дапамагаць выехаць. Мы зыходзім з таго, што тыя, хто хацеў выехаць у арганізаваным парадку, яны ўжо, спадзяёмся, выехалі”.

Як паведаміў Андрэй Папоў, Аляксандар Лукашэнка накіраваў Генэральнаму сакратару ААН прапанову пра аздараўленьне ў Беларусі дзяцей найбольш пацярпелых сем’яў з зоны канфлікту на Блізкім Усходзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG