Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Транзыстары


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

У самым пачатку шасьцідзясятых зьявілася, кажучы сучаснай мовай, "забойная фішка": кішэнныя радыёпрыймачы. Яны атрымалі назву транзыстараў. Калі на люднай вуліцы зьяўляўся маладзён, у якога са штаноў гучала клясычная музыка, усе з зайздрасьцю глядзелі яму ўсьлед, а вясковыя бабулі нават хрысьціліся.

Памятаю сваё захапленьне, калі мне далі патрымаць “Няву” – першы савецкі кішэнны радыёпрыймач. У вольным продажы такога дзіва, вядома ж, не было, і зьявіліся майстры, якія сталі іх саматужна зьбіраць. Балазе, адпаведныя радыёсхемы друкаваліся ў часопісе “Радыё”. Дэталі выносілі з заводаў, тое-сёе прывозілі з войска. У якасьці корпусу выкарыстоўвалі звычайную мыльніцу.

У хуткім часе зьявіліся транзыстары маркі “Старт” і “Мечта”. Яны былі большымі па памерах і ўжо зь цяжкасьцю лезьлі ў кішэнь. Неўзабаве транзыстары сталі выпускаць у скураным чахле і з даўгім раменьчыкам. Цяпер іх можна было насіць як і фотаапараты -- на плячы.

Прыканцы 60-х зьявіўся першы пераносны транзыстар з кароткімі хвалямі. Называўся “Сьпідолай”. Каб яго набыць, адмыслова езьдзілі ў Рыгу, дзе іх выраблялі. Крыху пазьней у крамах сталі зьяўляцца “ВЭФы” і менскія “Акіяны”. Паміж іх уладальнікамі адразу ж узьнікла спрэчка: які прыймач лепшы? “ВЭФ” быў таньней (каштаваў 90 рублёў з капейкамі), больш лёгкі і больш якасны па гучаньні. Зато наш “Акіян” меў драўляны корпус, і гэта кампэнсавала ўсе ягоныя недахопы.

Летам 1971 году вечаровыя вуліцы поўніліся замарачным шумам грушылак, песьнямі савецкіх кампазытараў і поклічамі радыёстанцыі “Юность”. Тады ўзьнікла модная завядзёнка – прайсьціся з транзыстарам па “броду” (“бродам” называлі цэнтральную гарадзкую вуліцу). Насілі прыймач на левай паўсагнутай руцэ, а правай круцілі ручку настройкі. Антэну пры гэтым трэба было выцягнуць на поўную даўжыню. Ішлі паволі, валюхаста, з пачуцьцём уласнае годнасьці. Звычайна настройваліся на музычны канал. У крайнім выпадку ўрубалі “Голас Амэрыкі”. На той хвалі звычайна лютавала глушылка. Праўда, уключыўшы Voice of America, час ад часу азіраліся: ці ня йдзе сьледам міліцыянт. За дэманстратыўнае праслухоўваньне “варожых галасоў” можна было патрапіць у пастарунак.

З транзыстарамі па “броду” хадзілі толькі адно лета. Прыймачоў стала шмат, а калі ён у кожнага ў руках, гэта ўжо ня модна.

Многія з тых прыймачоў яшчэ і сёньня працуюць. Зайдзі ў кухню да любога старога адраджэнца. Што пабачыш на падвоканьні? Правільна… пашарпаны транзыстар.
XS
SM
MD
LG